Рус Бел Eng 中文

Артыфакт мінулага веку знайшлі ў Клічаўскім раёне

Артыфакт мінулага веку выявілі ў аграгарадку Заполле Клічаўскага раёна. Пасадовы знак лясніка маёнтка Бацэвічы мясцовы жыхар знайшоў літаральна на вуліцы. У верхняй частцы медная бляха ўпрыгожана гербам Любіч, якім карысталася паны Патоцкія, Русецкія, Закрэўскія, Крыжэвічы і г.д., у тым ліку і род Незабытоўскіх, які меў землі і маёнтак у Бацэвічах.

Як адзначылі супрацоўнікі мясцовага краязнаўчага музею, гэты знак насілі на адзенні яго ўладальнікі ў час выканання службовых абавязкаў у Расійскай імперыі. У дарэвалюцыйны час, як правіла, пасадовы знак нёс на сабе тлумачальны надпіс – назву пасады і дапаўняў сабой ці замяняў форменны касцюм. Гэтыя знакі – сімвал бюракратычнай дзяржавы, у якой рэформы – сялянская, судовая і гарадская – павінны былі не столькі адчыніць шлях да развіцця прамысловасці, колькі стварыць стройную піраміду ўлады. Да рэформы знакі прыналежнасці да сістэмы мелі толькі чыноўнікі і афіцэры, пасля яе практычна ўсе грамадзяне імперыі, прыцягнутыя да ўдзелу ў яе функцыянаванні, павінны былі “выступаць пры знаку”.

“На запольскай знаходцы адсутнічае дата, - адзначылі спецыялісты. - Але удалося ўстанавіць, што на большасці пасадовых знакаў мелася дата 1889 год. Справа ў тым, што 12 ліпеня 1889 года ў Расійскай імперыі была ўстаноўлена пасада земскіх участковых начальнікаў, якія замянілі сабой міравых суддзяў. З’явіліся таксама знакі “Паліцыя”, “Паштальён”, “Ляснік”, “Ломовой извозчик” і многія іншыя”.

«Сцяг Саветаў»

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна