Рус Бел Eng 中文

Калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь праходзіць у Бабруйску

Калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь праходзіць сёння ў Бабруйску. Аб гэтым паведамілі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

У першай палове дня ўдзельнікаў мерапрыемства чакае экскурсія па аб’ектах культуры і гісторыка-культурнай спадчыны горада на Бярэзіне. Яны наведаюць «Бабруйскі краязнаўчы музей», мясцовую бібліятэку імя А.С.Пушкіна, Палац мастацтваў, дзіцячую школу мастацтваў №1 імя Е.К.Цікоцкага, галерэю дзяржаўнай установы культуры «Бабруйскі мастацкі музей».

Само паседжанне калегіі адбудзецца ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча. Гасцей сустрэне выстава «Год культуры на Магілёўшчыне». Падчас мерапрыемства з дакладам выступіць старшыня калегіі, Міністр культуры Барыс Святлоў. Таксама тут абмяркуюць актуальныя праблемы тэатральнага жыцця, існавання музеяў, бібліятэк, кінематаграфіі, клубных устаноў, закрануць тэму сучаснага мастацтва, як аднаго з важных фактараў развіцця беларускай культуры. Удзельнікі мерапрыемства разгледзяць пытанні эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ў дзіцячых школах мастацтваў, развіцця творчых саюзаў, магчымасці выканання дзеянняў па забеспячэнні аховы гісторыка-культурнай спадчыны, заслухаюць прапановы па іх удасканаленні. Далей праграмай калегіі запланавана ўзнагароджанне работнікаў сферы культуры па выніках працы ў Год культуры.

Увечары ў Палацы мастацтваў пройдзе ўрачыстая цырымонія перадачы эстафеты ад Года культуры Году навукі і надання гораду Бабруйску статуса «Культурная сталіца - 2017», ушанаванне пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў і святочны канцэрт.

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна