Рус Бел Eng 中文

Міжрэгіянальная «Сустрэча пакаленняў» адбылася ў Клічаве

Міжрэгіянальнае мерапрыемства «Сустрэча пакаленняў», прысвечанае памяці спаленых мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны, адбылося ў Клічаве. У межах міжнароднага праекта «Павышэнне статусу выратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак у 1941-1944 гадах нямецка-фашысцкімі захопнікамі» сустрэліся кіраўнікі грамадскіх фарміраванняў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, а таксама арганізатары – ГА «Беларускі фонд міру» і Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, у мерапрыемстве прымалі ўдзел першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Ала Галушка, каардынатар міжнароднага праекта Наталля Кірылава, галоўны архівіст Нацыянальнага архіва Беларусі Вячаслаў Cеляменеў, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру» Валянціна Мельнікава.

«Мэта праекту - прыцягнуць увагу грамадскасці да людзей, якім пашчасціла застацца ў жывых, - адзначыла Наталля Кірылава. - Прычым увагу не толькі нашай, але і еўрапейскай. Таму што ў Беларусі была знішчана беспрэцэдэнтная колькасць вёсак — больш за 9 тыс. спалена цалкам або часткова, і ў Еўропе пра гэта ніхто не ведае».

Таксама каардынатар праекта заўважыла, што успаміны людзей, дакументы і фотаздымкі найбольш яскрава адлюстроўваюць рэальнасць трагедыі. Менавіта таму, ў інтэрнэце была створана электронная база жыхароў спаленых вёсак. У ёй не толькі перапісаны іх назвы і колькасць знішчаных людзей, але і размешчаны ўспаміны сведак, фотаздымкі помнікаў, усталяваных на месцы трагедый.

«Зараз ідзе бурная палеміка ў інтэрнэце, да нас звяртаюцца нашчадкі тых людзей, якія дзеляцца ўспамінамі сваіх родных - такім чынам, звесткі папаўняюцца, вядзецца важная даследчая і выхаваўчая работа, - распавядае Наталля Кірылава. – Зацікавіліся гэтай тэмай і журналісты з 10-ці найбуйнейшых выданняў Германіі. Пасля публікацый у прэсе пра жыхароў спаленых беларускіх вёсак даведаліся ў нямецкай арганізацыі «Кантакты», якая займаецца дапамогай ахвярам нацызму. У выніку 550 жыхароў Верхнядзвінскага раёна, як самага пацярпелага ў гады вайны, атрымалі кампенсацыйныя выплаты. Але галоўнае - кожнаму з іх нямецкі бок даслаў лісты са словамі афіцыйнага прабачэння, як знак прызнання адказнасці за злачынствы нацыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны».

У межах сустрэчы удзельнікі наведалі краязнаўчы музей, комплекс «Усакіна». На мемарыяле ў памяць ахвярам спаленых вёсак Вязень і Сялец адбыўся мітынг-рэквіем.

Па матэрыялах газеты «Сцяг Саветаў»

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна