У Бялыніцкім раёне пацыенты могуць заказаць асабістага тэрапеўта, а лекі па рэцэпце атрымаць літаральна на прыёме
Калі вы ўсё яшчэ лічыце, што самае лепшае медыцынскае абсталяванне знаходзіцца ў Мінску ці ў крайнім выпадку — у абласным цэнтры, то памыляецеся. Сёння і вёскам ёсць чым здзівіць. Нездарма ж у рэспубліканскім конкурсе якасці і культуры медабслугоўвання па выніках мінулага года перамагла Нежкаўская ўрачэбная амбулаторыя Бялыніцкага раёна.
Амбулаторыя абслугоўвае 28 населеных пунктаў у радыусе 16 кіламетраў. З 3200 чалавек, якія пражываюць тут, чацвёртая частка — пенсіянеры, за здароўем якіх патрэбен пастаянны кантроль. У кожнага — «букет» хвароб, скача ціск, «барахліць» сэрца. Але на медыцынскае абслугоўванне наракаць не даводзіцца. Акрамя сучаснай амбулаторыі з клініка-дыягнастычнай лабараторыяй, дзённым стацыянарам і нават стаматалагічным кабінетам, насельніцтва абслугоўваюць яшчэ 3 ФАПы. Ад самай аддаленай вёскі да бліжэйшага фельчарскага пункта — 2 кіламетры. А ў медыкаў, што працуюць тут, на ўзбраенні калі не свая машына, то спецыяльна набыты для гэтых мэт за бюджэтныя грошы веласіпед.
Тут жа, на ФАПе, ёсць невялічкі аптэчны пункт, дзе, як сведчыць урач, ёсць усё неабходнае. У крайнім выпадку фельчар заўсёды можа аператыўна звязацца з аптэкай аграгарадка і папоўніць запас.
— Атрымаць медыцынскую кансультацыю ці набыць лекі жыхары могуць нават не выязджаючы з вёскі, — кажа Марыя Зайцава. — У кожным населеным пункце раз на два тыдні працуе так званы перасоўны ФАП. Прыём вядзецца на базе спецыяльна прызначанага для сустрэч з насельніцтвам «сацыяльнага» дома.
Дасягнуць узорнага ўзроўню амбулаторыі дапамагло яшчэ і тое, што размяшчаецца яна на тэрыторыі аграгарадка Вішоў, дзе знаходзіцца вядомы ў вобласці і за яе межамі калгас «Радзіма». Яго кіраўнік Аляксандр Лапацентаў садзейнічае таму, каб насельніцтва прытрымлівалася здаровага ладу жыцця і не хварэла. У яго гаспадарцы нават існуе цэлая сістэма даплат для тых, хто не мае шкодных звычак і займаецца спортам.
— Ён ніколі не адмаўляецца нам дапамагчы, — заўважае галоўны ўрач Бялыніцкай раённай бальніцы Віктар Пянькоўскі. — За кошт гаспадаркі набыты лабараторнае і іншае абсталяванне. А калі даведаўся, што некалькі чалавек не прайшлі флюараграфію, хуценька арганізаваў транспарт, і мы ўсіх аб’ехалі. Цяпер кіраўнік калгаса шукае сродкі, каб набыць для абслугоўвання насельніцтва медыцынскую машыну.
Дарэчы, Бялыніцкі раён вельмі прывабны для маладых спецыялістаў. Віктар Пянькоўскі ганарыцца тым, што Нежкаўскай амбулаторыяй кіруе ўраджэнка гэтых мясцін. «Восем гадоў таму Марыя Зайцава скончыла Гомельскі медінстытут і вярнулася дадому, — адзначае ён. — Вельмі адукаваны ўрач, пацыенты ад яе ў захапленні.
Насуперак сцвярджэнням, што вёска вымірае, Вішоў можна лічыць перспектыўным аграгарадком. Сёлета тут нарадзілася 34 дзіцяці, а за апошнія як мінімум 5 гадоў не было ніводнага выпадку дзіцячай смяротнасці.
Арганізацыі працы ў сістэме аховы здароўя тут таксама можна павучыцца. Нядаўнія хваляванні, якія выклікала ўвядзенне новых правілаў выдачы лекаў у аптэках, Бялыніцкі раён не закранулі.
— У нас выдачу лекаў, на якія патрэбен рэцэпт, ажыццяўляе ўрач, — удакладняе Віктар Пянькоўскі. — Тэрапеўты і фельчары ФАПАаў заключылі дагаворы з аптэкай, і пацыенты ад гэтага толькі ў выйгрышы.
Сярод ноу-хау ў раёне і такая паслуга, як асабісты тэрапеўт. За асобную плату чалавек ці арганізацыя могуць дазволіць сабе быць пад больш пільным медыцынскім наглядам. Паслуга існуе нядаўна, а ўжо заключана каля 20 дагавораў. Раённая медыцынская ўстанова пачынае ўкараняць і страхавую медыцыну. Шэраг прадпрыемстваў ужо гатовы супрацоўнічаць у гэтым напрамку.
Новыя формы арганізацыі дзейнасці, зацікаўленасць раённай улады і дапамога вядучых прадпрыемстваў раёна дапамагаюць павысіць якасць медыцынскага абслугоўвання.
Пасля таго, як бальніца атрымала ліцэнзію на аказанне транспартных паслуг, няма праблем і з дастаўкай тых, хто хоча прайсці абследаванне ў медыцынскіх установах Магілёва і нават Мінска. Пры жаданні транспарт прадастаўляецца нават для турыстычных паслуг!
Больш камфортным стала і знаходжанне ў бальніцы. Тут ёсць палаты кватэрнага тыпу — з кухнямі і гасцінымі. Тыя ж кухні абсталяваны па-сучаснаму: ёсць халадзільнікі і нават мікрахвалёўкі.
У бліжэйшых планах — адкрыццё салянога пакоя. Калі медыцына такімі тэмпамі будзе развівацца ў раёнах і далей, неўзабаве гарадскі жыхар пачне зайздросціць вясковаму.
Нэлі Зігуля,“Звязда”
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
12.08.2020 - 16:31
09.08.2020 - 18:36
Ольга Петрашова: к голосованию на выборах Президента нужно подходить с полной ответственностью
09.08.2020 - 14:46
Люди приходят на выборы в хорошем настроении – наблюдатель избирательного участка №3 в Славгороде
09.08.2020 - 14:42
09.08.2020 - 12:45
Многодетная мама из Могилева: сегодня мы выбираем будущее наших детей