Разглядаючы сямейныя фатаграфіі, я з асаблівым хваляваннем бяру ў рукі адну. З яе глядзіць на мяне з усмешкай маладая і вельмі прыгожая дзяўчына. Ваенная форма ёй асабліва пасуе. На гімнасцёрцы - ордэны Славы ІІІ ступені, Чырвонай Зоркі, медаль «За ўзяцце Берліна», а побач невялікая палоска - асаблівы знак, якім адзначалі параненых у баі воінаў. Знаёмцеся: гэта мая прабабуля, былы санінструктар Ніна Яфімаўна Яворская. Яна прайшла цяжкі баявы шлях па дарогах Вялікай Айчыннай вайны. Вось ужо два гады, як яе няма з намі. А я да гэтага часу памятаю яе мяккі голас, памятаю сваю добрую прабабулю-партызанку…
Ніне ледзь споўнілася 20, калі пачалася вайна, якая застала яе ў Вільні, у Літве, дзе яе муж, мой прадзед, ваенны лётчык Аляксандр Савіч Яворскі, праходзіў службу.
Знак або сумнае супадзенне - у дзень пачатку вайны ў яе нарадзіўся першынец-сыночак. Мой прадзед толькі на хвіліну забег у шпіталь папярэдзіць: іх адпраўляюць у бой. Больш да канца вайны яна пра яго нічога не ведала. Сустрэліся толькі пасля Перамогі.
Заставацца ў чужым горадзе, сярод чужых людзей прабабуля не змагла. І таму падалася да родных у Магілёў. Ішла ўскраінамі, лесам з малюсенькім дзіцем на руках, асцерагаючыся сустрэць немцаў. Яе сыночак не вынес цяжкай дарогі і памёр амаль каля самага бацькоўскага дома. Яна пахавала дзіця на могілках у раёне Лупалава (цяперашнія могілкі па вуліцы Гагарына).
Помсціць фашыстам стала цяпер мэтай яе жыцця. І як толькі выдалася магчымасць, яна наладзіла сувязь з партызанамі. Была сувязной у атрадзе Куканава.
У тыя гады ў Магілёве на месцы сённяшняга Вечнага агню на праспекце Шмідта знаходзіўся лагер для ваеннапалонных. Спачатку гітлераўцы за яйкі і кавалак сала дазвалялі мясцовым жыхарам забіраць з лагера «сваіх родных». Ніна, рызыкуючы жыццём, шмат разоў хадзіла, каб выкупіць чарговага «сваяка» і пераправіць яго да партызанаў.
4Калі заставацца ў горадзе стала небяспечна, сама пайшла ў партызанскі атрад, прыхапіўшы папярэдне з сабой яшчэ некалькі ваеннапалонных «сваякоў», сярод якіх, як потым высветлілася, быў і камандзір Чырвонай Арміі Вадзім Кедраў. Пасля вайны ён жыў у Маскве. Але забыць тое сваё выратаванне Вадзім Пятровіч не змог нават праз шмат гадоў. Кожнае 9 мая, як бы ні складваліся абставіны, ён абавязкова прыязджаў у Магілёў да маёй прабабулі.
У хуткім часе атрад Куканава далучыўся да палка Грышына. Разам з «грышынцамі» яна і працягвала ваяваць: хадзіла ў разведку, здабываючы звесткі аб дыслакацыі фашысцкіх войскаў, удзельнічала ў баях. Пасля злучэння з Чырвонай Арміяй яе ваенны шлях прадоўжыўся ўжо ў саставе рэгулярнай вайсковай часці.
Першае баявое хрышчэнне атрымала ў баі за Свіслач. З першай групай байцоў ёй давялося фарсіраваць раку непадалёку ад мястэчка Ліпні. Аднак бясшумна гэта зрабіць не атрымалася. Фашысты заўважылі іх і адкрылі прыцэльны агонь. З неймавернымі стратамі фашыстаў усё-такі ўдалося выбіць з Ліпні. У гэтым баі медсястра Ніна вынесла з поля бою шмат раненых, за што была ўзнагароджана медалём «За адвагу».
Наступленне нашай арміі працягвалася…
У памяці ўсплывае аповед прабабулі аб жорсткім змаганні за Беласток: «Выбіць ворага з плацдарма і авалодаць горадам было нялёгка. Бо тут была задзейнічана магутная тэхніка ворага: авіяцыя, артылерыя, танкі, узброеная «да зубоў» пяхота. Не змаўкалі кулямёты, білі мінамёты і гарматы. І, нягледзячы на гэты пякельны «дождж» з куль і снарадаў, даводзілася перавязваць раны, аказваць салдатам першую дапамогу. Многіх байцоў атрымалася тады выцягнуць з поля бою. Але ў гэтым змаганні і сама прабабуля была цяжка паранена. Куля прайшла наскрозь за сантыметр ад пазваночніка. Гэты сантыметр і выратаваў яе ад інваліднага крэсла. Другая куля раструшчыла перадплечча правай рукі. Так усё жыццё і пранасіла асколак, які застаўся там.
Доўгі час праляжала ў шпіталі. Але, калі ў чарговы раз яе наведалі аднапалчане, не вытрымала і, не далячыўшыся, уцякла разам з імі ў сваю часць. Там даведалася, што за ўзяцце Беластока яе ўзнагародзілі ордэнам Славы ІІІ ступені.
Са сваёй часцю Ніна Яфімаўна Яворская прайшла па дарогах вайны яшчэ многія кіламетры. Часта ўспамінала пра шматдзённае змаганне за польскі Шчэцін. Баі за яго не спыняліся ні на хвіліну. Адчуваючы свой канец, вораг люта супраціўляўся. Бывала, фашысты рабілі па 20-25 атак за дзень. Параненых ледзь паспявалі выносіць з поля бою.
Прабабуля расказвала:
- Толькі прынеслі ў траншэю чарговага параненага, як пачула кліч аб дапамозе. Вылецела стралой з траншэі і папаўзла ў той бок, адкуль даносіліся гучныя стогны. Убачыла перад сабой параненага байца. Цела было настолькі знявечана асколкамі, што да яго было страшна дакрануцца. Але ўсё-такі ўзялася перавязваць. Хутка на дапамогу прыпаўзлі яшчэ два санітары. Байца асцярожна паклалі на плашч-палатку і пад шквалам агню дацягнулі да сваіх траншэй. Калі параненага даставілі ў санчасць, доктар быў здзіўлены, як мне ўдалося перавязаць такія раны ды і ўвогуле зрабіць перавязку ў неймаверных умовах…
Салдат выжыў. І потым доўга яшчэ пісаў лісты маёй прабабулі, дзякаваў за выратаванне. А яе чакала чарговая высокая ўзнагарода - ордэн Чырвонай Зоркі. Наперадзе было яшчэ шмат баёў, шмат страт, але і шмат выратаваных жыццяў. Са сваёй вайсковай часцю медсястра Ніна дайшла да Берліна. Успамінаючы тыя дні, казала:
- Мы былі бязмежна шчаслівыя, радаваліся, смяяліся, танцавалі, стралялі ў паветра, калі даведаліся: прыйшоў канец гэтай праклятай вайне!
…Як і многім нашым салдатам і афіцэрам, маёй прабабулі выпала вялікае шчасце выжыць у гэтай страшэннай крывавай мясарубцы, сустрэць Дзень Перамогі ў Берліне і сярод сотняў іншых «аўтографаў» савецкіх салдат пакінуць свой на сцяне будынка рэйхстага.
Толькі ўжо пасля Перамогі Ніна даведалася, што яе ўзнагародзілі медалямі «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй», ордэнам Айчыннай вайны І ступені.
Мая прабабуля Ніна Яфімаўна Яворская пражыла нялёгкае, але яркае жыццё. Яна памерла ў 91 год ад цяжкай хваробы. Але нас, яе дзяцей, унукаў, праўнукаў, прасіла шанаваць тых, хто падараваў нам свабоду, заплаціўшы за яе ўласным жыццём.
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
19.08.2020 - 10:24
Летопись первой глусской школы в проекте «Как здесь учились и учили»
13.08.2020 - 14:57
29.07.2020 - 12:12