Рус Бел Eng 中文

«Сямейныя хронікі» і іншыя цікавосткі

Дэпутацкія справы натхнілі старшыню Васькавіцкага сельсавета Слаўгарадскага раёна Аляксандру Плехаву на стварэнне радаводу.

Гэта цяпер яна Плехава, а да таго, як выйшла замуж, была Кузьміна. Вельмі тыповае прозвішча для Папоўкі, дзе сама жыве. А яшчэ ў яе родзе былі Цвярдоўскія, Вашчылы, Гапоненкі… Сямей з такімі прозвішчамі ў Васькавіцкім сельсавеце колькі заўгодна. Цікава ж даведацца, сваякі яны табе або проста цёзкі?

 «Род сыходзіць, і род прыходзіць…»

- Пры сустрэчах, размовах з людзьмі нечакана даведваешся штосьці пра сваіх родных, штосьці пра чужых, - усміхаецца Аляксандра Плехава. - Пачынаеш шукаць інфармацыю - і робіш сапраўдныя адкрыцці. На жаль, старых людзей становіцца ўсё менш, і пачуць нешта новае складана. Цяжкае ў іх было жыццё, але ж цікавае.

Мая цётка расказвала, якімі вясёлымі былі вечарыны. Збяруць некалькі яек і бягуць па гарманіста. Здымалі хату ў якой-небудзь бабулькі і да трох гадзін ночы гулялі. А раніцай трэба было ісці карову даіць, гнаць яе ў статак, а потым яшчэ і ў калгас бегчы, каб зямлі не пазбавілі…

Зараз старшыня сельскага Савета сама можа расказаць шмат цікавага. Працаваць пачынала яшчэ пры Савецкім Саюзе, стаж дэпутацкай дзейнасці - больш чым 30 гадоў. У 1982-м, калі толькі прыйшла ў Васькавіцкі сельсавет, дэпутацкія мандаты мелі аж 35 чалавек, а колькасць насельніцтва даходзіла да 2,5 тысячы. Пасля чарнобыльскай аварыі пачаўся адток жыхароў. Некаторыя з’язджалі сем’ямі. Значна зменшыўся і дэпутацкі корпус. Замест 70 у раённым Савеце засталося 35, а ў сельсавеце наогул 11.

- Але ж спраўляемся, - усміхаецца старшыня. - Тэрыторыя па памерах тая ж, што і раней, а насельніцтва значна паменела, ды і тыя паасобку жывуць. Магчыма, таму зараз такая цікавасць да радаводаў - людзі хоць так імкнуцца адзін да аднаго. Ад каранёў нельга адрывацца.

«Мяне хрысцілі ўпотайкі»

Пра сваіх продкаў Плехава ніколі не забывалася, але да пары трымала ўсё ў галаве. Зараз задумалася над тым, што трэба ўсё сістэматызаваць і аформіць у выглядзе сямейнага дрэва. Бо чым больш праходзіць часу, тым менш застаецца ў памяці цікавых фактаў. Калісьці іх узгадвала маці, але ўжо 10 гадоў мінула, як яе няма. Адзін за адным пайшлі з жыцця дзядзькі, цёткі. Хочацца, каб памяць пра іх таксама захавалася. Бо ўжо выраслі дзеці і нарадзіліся ўнукі. Яны павінны ведаць продкаў. Пакуль існуе чарнавы варыянт радаводу. Засталося знайсці хвілінку вольнага часу, каб сесці за стол і ўсё раскласці па палічках, гэта значыць, па галінках.

- На жаль, далёка паглыбіцца не атрымалася, але я добра ведаю сваіх прадзедаў і прабабак, - паказвае яна ліст паперы, дзе размашыстым почыркам запісаны слупкі імёнаў. - Вось лінія маці. Яе бацька Пётр Фролавіч Цвярдоўскі загінуў на фронце, а маці - Соф’я Іванаўна - памерла ў жніўні 45-га. Падчас жніва разгарачаная папіла ледзяной вады, захварэла і хутка згарэла. Мая маці, Ганна Пятроўна, засталася ў сям’і за старэйшую, і на яе плечы лягло выхаванне трох малодшых сясцёр. Потым сваіх дзяцей гадавала. Наша сям’я была шматдзетнай - у мяне дзве сястры і два браты. Раней нараджалі па 5-6 дзяцей. Не тое, што цяпер. У мяне, як і ў сясцёр з братамі, толькі двое дзяцей.

У сямейных хроніках захавалася гісторыя пра дзеда Герасіма - незаконнанароджанага хлопчыка з сям’і Анісіма і Вінадоры Кузьміных, бацькавых продкаў. Адна з пяці іх дачок нарадзіла ў дзеўках, і, каб ганьба не запляміла рэпутацыю вялікага сямейства, Анісім запісаў Герасіма на сваё імя. Ён быў багаты чалавек, меў шмат зямлі і грошай, нават наймаў работнікаў, каб яны апрацоўвалі гэтыя надзелы. Лёс незаконнанароджанага склаўся вельмі ўдала. За яго сасваталі гарадскую нявесту з сям’і старасты, які, акрамя іншага, спяваў разам з усімі сваімі дочкамі ў царкоўным хоры. Адна з дачок старасты - Марыя - была ў Слаўгарадзе наогул знакамітая асоба: у савецкі час хрысціла дзяцей. Зразумела, рабіла яна гэта цішком. Быў выпадак, калі па дарозе ў вёску Кліны да знакамітай сёння на ўвесь белы свет Блакітнай крыніцы яе сфатаграфавалі для «дошкі ганьбы».

- Тым не менш ахвотных хрысціць сваіх дзяцей у яе было шмат, - згадвае Аляксандра Плехава. - Мяне яна таксама хрысціла. У яе быў вялікі крыж, яна здзяйсняла над намі абрад і чытала малітвы.

Архівы сельсавета

Апошнім часам у аматараў складаць радаводы сталі набываць папулярнасць так званыя пагаспадарчыя кнігі. У савецкія гады яны былі ва ўсіх вёсках, па іх вёўся ўлік насельніцтва, свойскай жывёлы, пладова-ягадных дрэў, зямельных участкаў. Там пазначалася інфармацыя па кожным члене сям’і - год нараджэння, адукацыя, месца працы. Па гэтых кнігах органы выканаўчай улады складалі справаздачнасць і вялі фінансава-гаспадарчую дзейнасць.

Аляксандра Плехава дэманструе цэлую бібліятэку такіх кніг. «Даваенныя, на жаль, не захаваліся. Слаўгарадскі раён перажыў дзве акупацыі, праз яго двойчы праходзіў фронт. Але ў нас ёсць кнігі, пачынаючы з 1949 года. У адной з іх знайшлася інфармацыя і пра маю маму, калі яна яшчэ была Цвярдоўская».

Тым, хто ў пошуках сваіх каранёў звяртаецца ў сельсавет, даюць пагартаць гэтыя кнігі. Неяк прыязджаў 40-гадовы жыхар з аграгарадка Ржаўка. Яму вельмі пашчасціла з карыснай інфармацыяй пра свой род. Ён усё сфатаграфаваў і паехаў дадому задаволены.

- Але галоўная каштоўнасць пагаспадарчых кніг у тым, што яны даюць магчымасць людзям вырашыць нейкія праблемы, - адзначае старшыня. - Пасля Чарнобыля, напрыклад, Кульшыцкі сельсавет быў цалкам адселены. Яго функцыі і ўсе дакументы перайшлі да нас. Людзі часцей звяртаюцца па даведкі аб месцы жыхарства на момант аварыі. А жыхарам іншых краін, якія нарадзіліся тут і жадаюць вярнуцца, з нашай інфармацыяй прасцей атрымаць грамадзянства.

Перад тым, як развітацца, старшыня паказала мне свой дом, дзе нарадзілася. Пабудаваны ён быў аж у 1918 годзе. Там ніхто не жыве, толькі на лета сястра прыязджае. А вось знесці яго рука не падымаецца, таму і грошай на рамонт не шкада. З ім не адна сямейная гісторыя звязана. Дзед працаваў дарожным рабочым і няблага зарабляў, а дом будаваў з такім разлікам, што сям’я будзе вялікая. «4 дачкі - гэта яшчэ не мяжа», - казаў ён. Але пачалася вайна, з якой дзед ужо не вярнуўся. Немцы ж з дома канюшню зрабілі, а пасля таго, як вёску вызвалілі, маці Аляксандры Плехавай, тады яшчэ зусім дзяўчынка, там кішэнны залаты гадзіннік знайшла. Нямецкі. Сям’я памяняла яго на адрэз тканіны…

“Звязда”

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна