Нават прыкаваны да ложка, Валодзя Ліс дорыць людзям радасць і светлую музыку.
Такога я нават у сне не магла сабе ўявіць. З нейкага хаосу гукаў на свет з’яўляецца стройная мелодыя. І дзе! У стэрыльнай палаце адной з лячэбных устаноў Бабруйска. Горада музыкантаў, амбіцыйных і ўпэўненых у сабе людзей. Ён з ліку іх. Знаёмцеся, дыджэй Валодзя Ліс! Як, вы яшчэ нічога аб ім не ведаеце? Дык гэта толькі справа часу. У наступным годзе выйдзе яго першы альбом. І тады… нават «аблокі затанцуюць»!

Мы слухаем вецер
Бывае, бачыш кагосьці ўпершыню, а здаецца, што ведаеш гэтага чалавека ўсё жыццё. Вось і мы з Валодзем адразу ж перайшлі на «ты». Навошта нейкія там умоўнасці?
— Ты, напэўна, замерзла? Давай піць гарбату, — з гэтага пачалося наша знаёмства, калі я (і сапраўды амаль адубела ў рэйсавым аўтобусе), нарэшце, знайшла ў Бабруйску, не зусім вядомым мне горадзе, патрэбную ўстанову.
За вокнамі пахмурна, а мы п’ём гарачы напой і слухаем музыку. Хораша. Здаецца, ляціш на нейкім касмічным дыване-самалёце і ад навакольнай прыгажосці дух захоплівае.
— Табе падабаецца? Гэтую кампазіцыю я прысвяціў свайму сябру Валеру Аляксееву. Яна называецца «Вецер». Таму што Валера і вецер — гэта адно і тое ж, такі ж імклівы і непрадказальны. З ім ніколі не бывае сумна.
Адразу ж пазнала Валеру, калі ён, як вецер, і такі ж неўтаймаваны, як створаная для яго мелодыя, уварваўся ў палату. Уявіце сабе сумесь нейкіх хуткіх рухаў, гукаў, анекдотаў і гісторый. За 5 хвілін ён паспеў расказаць пра тэатр, Грышкаўца, узгадаць прытчу пра святара і залатыя зубы, праспяваць нешта на трасянцы і пры гэтым заварыць гарбату і паабдымацца з прыкаваным да ложка сябрам. Нельга не верыць яго абяцанням, што хутка ўсе даведаюцца пра дыджэя Валодзю. Ён не ён, калі гэтага не адбудзецца. Дзеля гэтага Валера, не самы багаты чалавек, гатоў знайсці сродкі і ўсім расказваць пра яшчэ адну зорку, якая заззяла на бабруйскім небасхіле.
— Вось так кожны дзень прыходзіць і пачынае свідраваць мне мазгі, — усміхаецца Валодзя. І я бачу, як гэта яму патрэбна.
Напэўна, калі б не тое няшчасце, аб якім Валодзя просіць не казаць (было і было), гэтыя два такія розныя і адначасова аднолькавыя чалавекі не сустрэліся б. І, магчыма, не было б тых «касмічных» мелодый, ад якіх мароз па скуры.
Самы лепшы дзень
Яго слабыя пальцы адмаўляюцца слухацца. Але насуперак гэтаму думкі светлага жыццялюба жывуць на яго старонцы «У Кантакце». Побач з пранізлівымі мелодыямі. Дзякуй усім тым, хто дапамагае Валодзю далучацца да сацыяльнай сеткі і «выказваць» думкі…
«Я раней баяўся прызнацца вам, што я не магу варушыць нагамі і рукамі. Баяўся, што гэта адпудзіць ад маёй музыкі. Цяпер ужо не баюся.
Сядзелі неяк з Валерыем Аляксеевым. Гаманілі пра тое-сёе. І вось пра што я падумаў: «А які ў яго жыцці быў лепшы дзень?» Валера не змог адказаць. Я ўспомніў свой лепшы дзень. Не той, калі ў першы раз пацалаваў дзяўчыну. Не. Не першы школьны дзень і не выпускны. Не дзень нараджэння. Усё не тое… Той апошні дзень, калі я быў здаровым. Я гэты дзень успомніў цалкам. Амаль штохвілінна. Раніцай я быў звычайным чалавекам. Стаяў на зямлі, бачыў велізарнае неба, хадзіў. А ўвечары ўсё стала па-іншаму. Гэта быў самы лепшы дзень майго жыцця!
Цяпер усё змянілася. Мне грэх скардзіцца. Вакол мяне шмат добрых людзей. Я жыву добра. Мама і тата побач. І я сачыняю музыку. І дару яе вам. Я — шчаслівы чалавек…»
— Нараджэнне музыкі — гэта таямніца, нешта асабістае, інтымнае, — усміхаецца Валодзя. — Ні адзін кампазітар не раскажа, як гэта адбываецца. Першы трэк мы напісалі год таму разам з Даніілам Бярозкіным. Да гэтай сустрэчы я толькі марыў быць дыджэем. А цяпер раблю тое, што нават здаровым не змог бы зрабіць. У мяне ж няма музычнай адукацыі. А тут — раз, і быццам усё з ног на галаву ўстала. Быццам нехта сказаў: пішы! Калі Валера прывёў Даніка, я не ведаў, што рабіць. Не хацелася, каб думалі, што я баязлівец. А потым сабраўся і пачаў працаваць…
Пакой № 227 — звычайная палата, іншымі словамі другі дом Валодзі. Насупраць ложка — вялікае акно, праз якое ён бачыць, як лета змяняе сумная восень. Круціцца таямнічае кола прыроды, але кожны дзень не падобны на іншыя. Таму што ёсць музыка. І ён вучыцца яе разумець. Прызнаецца, што шмат чаму навучыў яго Аляксандр Касінскі. Ён цэніць яго карысныя заўвагі і адчувае, наколькі вырас за апошні час.
— Я мару напісаць музыку пра Алісу, дзяўчыну майго дзяцінства, маё першае каханне, — прызнаецца ён. — Мне было 15 гадоў, ёй — 14. Я не ведаю, дзе яна, але засталіся ўспаміны аб тым бестурботным часе. Яна дарыла цёплыя пачуцці, ад якіх у душы ўсё спявала. І я чамусьці ўспомніў гэта.
Разам з Касінскім яны эксперыментуюць са стылем. Гэта нешта накшталт дабстэпу, трансу і тэхнастылю «ў адным флаконе».
Таямнічае — побач
«Іспанія. Ібіца. Вечар. Клуб. Людзі. Не, шмат людзей. Я за «круцёлкай». Іграю. Усе танцуюць. Я вам распавёў сваю мару дзяцінства… Не атрымалася. Сыграў толькі ў інтэрнаце адзін сэт. І ўсё. Ібіца пакуль нават не ўсміхнулася. Але…
Я выходжу іграць у дуэце з дэльфінам. А што? Калісьці ў дзяцінстве ў думках я адчуваў у сабе шалёную энергію. Цяпер усё па-іншаму. Першая частка скончана. Далей толькі гукі мора. Тое, што нам даў Божачка… Спявай, дэльфін. Не саромейся, сябра… Мне здаецца, што мы, людзі, часта не чуем чароўную музыку прыроды…»
Мы сядзім насупраць і размаўляем аб усім. І раптам пачынаем гаварыць пра Бога.
— Я заўсёды верыў у Бога, але па-свойму, — прызнаецца Валодзя. — Думаў, ён ёсць — і добра. У царкву нават часам заходзіў. Бывала, едзем на машыне — мы ж былі «крутыя» пацаны! — а наперадзе — храм. Прыпыніліся, зайшлі, лягчэй стала і далей паехалі. Калі трапіў у бяду, першы час адмахваўся ад рэлігіі. А потым адна дзяўчына пазнаёміла з айцом Елісеем — і нешта змянілася ў душы. Гэта цудоўны бацюшка. Нават мой бацька, які скептычна ставіцца да святароў, слухаецца яго.
Задумацца аб сэнсе жыцця дапамагла і ўбачаная аднойчы перадача. Вельмі пераканаўча прагучалі словы нейкага багаслова пра стварэнне Сусвету. Ён казаў: «Людзі робяць шмат карысных рэчаў, ні адна з іх не з’явілася проста так, з паветра. Вось і планета наша, і ўвесь Сусвет не маглі ўзнікнуць самі па сабе. І існаваць таксама не маглі б, калі б таго не пажадаў іх Творца». Валодзя моцна задумаўся над гэтымі словамі і зразумеў: Бог ёсць.
— Людзі, на жаль, не цэняць тое, чым валодаюць, — сумна кажа ён. — Яны ж па-сапраўднаму свабодныя. Маюць магчымасць кудысьці выйсці. Трэба радавацца кожнай галінцы, кожнай казюльцы, кожнай кропельцы дажджу. Не абмяжоўвайце сваю свабоду рознымі рэчамі, не шукайце багацця, нейкіх там задавальненняў. Душа свабодная. А фізічна мы залежым ад усяго.
— А цябе можа нешта раззлаваць? — Валодзя на хвілінку задумваецца над пытаннем.
— Не ведаю. Напэўна, усё, як і парадаваць. Як звычайны чалавек, я залежу ад настрою. Сонца свеціць — радасна, дождж ідзе — сумна. А калі сонца няма колькі дзён запар, гэта мяне раздражняе. Яно ёсць — жыць весялей.
— Ты любіш жыццё?
— Я яго ўспрымаю такім, якім яно для мяне існуе.
— Ты верыш, што яно вечнае?
— Музыка была заўсёды, значыць, і жыццё вечнае. Я ніколі пра гэта не думаў. А выдумляць — грэх. Мы павінны не фантазіраваць, а… маліцца.
— Аб чым бы ты хацеў папрасіць Бога?
— Каб людзі ўбачылі той рай, які знаходзіцца ў іх пад нагамі, і не тапталі яго. Яны шукаюць чагосьці лепшага. Адсюль войны, наркотыкі. Уся наша планета — рай, але мы гэтага не бачым. Змей калісьці зайшоў у наш рай і яшчэ не пакінуў яго. Усё пачалося з яблыка, а скончылася тым, што мы маем, — нянавісцю, разбурэннем. Калі споўняцца ўсе жаданні чалавека, ён усё роўна не стане шчаслівым. Галоўнае багацце — гэта свабода, лёгкасць. А не тое, што можна прадаць ці купіць.
— Што ты параіў бы людзям, якія апынуліся ў такім жа становішчы, што і ты?
— Людзі, займіцеся справай, і будзе хацецца жыць, а не паміраць. А то, калі здарылася бяда, пачынаецца: «Я бедны і няшчасны, пашкадуйце мяне». Не трэба гэтага рабіць. Жывіце, пішыце вершы, музыку, фільмы, займіцеся чым-небудзь. Не трэба з нудой глядзець у столь. Ад гэтага ні вам лягчэй не стане, ні тым, хто вакол вас. Калі пачынаеш рабіць нешта, становішся чалавекам.
«Калі на бераг выкідваюць рыбу, яна нешта яшчэ доўга лапоча, прагна хапае паветра, б’ецца хвастом. Вось так і я задыхаюся без музыкі. Толькі што спарадзіў у радасці другі трэк. Роды прымаў — Доктар Кос. Слухайце і не кажыце, што не чулі. Калі сачыняю музыку — я вольны. Слухайце. Можа, мы станем яшчэ бліжэй…»
Нэлі Зігуля,“Звязда”
P.S. На развітанне Валодзя просіць больш пісаць не пра яго, а пра тое, што ёсць такія сябры, як Валера Аляксееў і Саша Касінскі. Ён вельмі ім удзячны. А яшчэ ўдзячны медработнікам, якія дапамагаюць яму ў жыцці. І з асаблівай цеплынёй успамінае сваіх бацькоў Алену Аляксандраўну і Уладзіміра Генадзевіча Пасталоўскіх. «Я стаю перад імі на каленях і не ведаю, чым аддзячыць за тое, што яны мяне не кінулі, — кажа Валодзя. — Я бачыў і такое… І няхай яны мне за ўсё даруюць»
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
12.08.2020 - 16:31
09.08.2020 - 18:36
Ольга Петрашова: к голосованию на выборах Президента нужно подходить с полной ответственностью
09.08.2020 - 14:46
Люди приходят на выборы в хорошем настроении – наблюдатель избирательного участка №3 в Славгороде
09.08.2020 - 14:42
09.08.2020 - 12:45
Многодетная мама из Могилева: сегодня мы выбираем будущее наших детей