Рус Бел Eng 中文

Выстава выцінанкі і вырабаў з бяросты пройдзе ў Магілёве

Выстава выцінанкі і вырабаў з бяросты адкрыецца сёння ў Магілёве. Пабачыць прыгожыя творы аўтараў Магілёўшчыны можна будзе ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы, паведаміла карэспандэнту сайта вядучы рэдактар цэнтра Вольга Семчанка.

Па словах суразмоўцы, на выставе прадстаўлены работы трох майстроў, якія працуюць у традыцыйных відах народнай мастацкай творчасці: Яўгена Хаменкі (разьба па бяросце), Наталлі Бярнадскай і Любові Гарбар (выцінанка).

“Трое розных майстроў – гэта тры розныя сусветы, розныя светапогляды, увасобленыя ў разнастайныя мастацкія вырабы, - адзначыла Вольга Семчанка. - Яднае гэтыя творы арыгінальнасць, вытанчанасць, ажурнасць, а таксама гарманічнае спалучэнне аўтарскай фантазіі і традыцый народнай творчасці. Кожны, хто наведае выставу гэтых майстроў Магілёўшчыны, зможа атрымаць сапраўдную асалоду ад сустрэчы з традыцыйным мастацтвам. Выкшталцоныя карункі з бяросты і паперы падораць дзівоснае адчуванне зімовай казкі ў перадкалядныя дні”.

Выстава будзе праходзіць у фае метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы (Першамайская, 10, насупраць Драмтэатра). Уваход вольны.

Яўген Хаменка – малады ўмелец-аматар, які займаецца разьбой па бяросце. Родам з в. Юрцава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, зараз жыве ў Магілёве, вучыцца на тэхніка-будаўніка ў Магілёўскім архітэктурна-будаўнічым каледжы. Займацца творчасцю пачаў яшчэ са школы. На працягу 6 год наведваў гурток разьбы па бяросце, дзе пад кіраўніцтвам настаўніка А.Э.Шамро засвоіў асноўныя навыкі працы з гэтым матэрыялам. Удзельнічаў у школьных выставах і конкурсах па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, з’яўляецца дыпламантам ІІ ступені абласнога этапу і ўдзельнікам заключнага этапу рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва навучэнцаў “Калядная зорка”. Апошнія два гады працуе самайстойна, засвойвае тэхналогію стварэння новых вырабаў з бяросты, сярод якіх шкатулкі, жаночыя упрыгажэнні, заколкі і іншыя дзівосныя рэчы.

Наталля Бярнадская – член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, працуе выкладчыкам у Крычаўскай дзіцячай майстацкай школе. Займаецца выцінанкай з дзяцінства, пачынала пераймаць гэтае майстэрства ад бабулі, потым вучылася ў Магiлёўскiм вучылiшчы культуры на аддзяленнi дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У 1999 годзе стала стыпендыятам Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавiтай моладзi за сваю работу “Дрэва жыцця”. У 2006 годзе скончыла факультэт традыцыйнай беларускай культуры i сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсiтэта культуры i мастацтваў, атрымаўшы квалiфiкацыю “мастак народных рамёстваў, выкладчык”. Лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, удзельнік шматлікіх пленэраў і выстаў ДПМ. Як адна з лепшых майстрых па выцінанцы не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы, ужо некалькі год праводзіць семінары-практыкумы і майстар-класы для спецыялістаў устаноў культуры і адукацыі. Пры стварэнні сваіх непаўторных выцінанак Наталля Мікалаеўна натхняецца фальклорнымі вобразамі, народнымі святамі – Купалле, Багач, Каляды, Саракі, Вялікдзень і інш.

Любоў Гарбар – член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, майстар выцінанкі. Некалі працавала на фабрыцы мастацкіх вырабаў, а зараз з’яўляецца кіраўніком гуртка “Прырода і фантазія” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” г. Бабруйска. Уражваюць выкананыя майстрыхай ажурныя папяровыя сняжынкі, адметныя непаўторным стылем і акуратнасцю выканання. Любоў Васільеўна ўдзельнічала ў шматлікіх выставах у Бабруйску, Магілёве, Мінску, неаднойчы займала прызавыя месцы на конкурсах рознага ўзроўню. Работы бабруйскай майстрыхі былі сёлета прадстаўлены на выставе-продажы “Горад майстроў” у рамках XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску. А сама яна заваявала 3-е месца ў намінацыі “традыцыйны выраб” у ІІ абласным свяце-конкурсе выцінанкі “Ажурныя” мары”, што ладзілася ў рамках гэтага фестывалю. Дарэчы, Любоў Гарбар і Наталля Бярнадская – бадай, самыя таленавітыя прадстаўніцы майстэрства выцінанкі ў нашым рэгіёне.

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна