Рус Бел Eng 中文

На Бялыніччыне прайшла сустрэча выпускнікоў ВНУ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў з кіраўніцтвам раёна

Высокакваліфікаваныя кадры – залог якаснай і суладнай працы кожнай установы, прадпрыемства, арганізацыі. Каб зацікавіць будучых маладых спецыялістаў працай на Бялыніччыне традыцыйна напрыканцы студзеня праводзіцца сустрэча выпускнікоў ВНУ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў з кіраўніцтвам раёна.

І сёлета падрыхтавалі такую сустрэчу работнікі аддзела па справах моладзі райвыканкама і райкам ГА “БРСМ”. Але перад знаёмствам хлопцаў і дзяўчат з кіраўніцтвам раёна, спецыялістамі арганізацый і прадпрыемстваў іх чакала цікавая пазнавальная праграма. Спачатку была арганізавана экскурсія па вялікамашчаніцкім малочна-таварным комплексе, якую правёў намеснік дырэктара ААТ “Новая Друць” па ідэалагічнай рабоце Дзмітрый Стэфаненка.

Колькі галоў утрымліваецца на комплексе, расклад працоўнага дня яго работнікаў, іх заработная плата – аб усім гэтым моладзь даведалася ад Дзмітрыя Генадзьевіча. Потым усе разам будучыя маладыя спецыялісты накіраваліся ў гатэльна-гандлёвы комплекс “Мара” акцыянернага таварыства.

“Мне вельмі спадабалася тут, - расказвае Іна Чарніхоўская. – Пакоі ўтульныя і выгоды побач. Для адпачынку іншага і не трэба”.

Затым яны наведалі паляўніча-турыстычную базу “Глушцовае такавішча”. Намеснік дырэктара ДЛГУ “ Бялыніцкі лясгас” па ідэалагічнай рабоце Яўген Валевіч расказаў аб тым, як можна тут адпачыць і колькі гэта будзе каштаваць.

У Бялынічах моладзь завітала ў раённы мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, дырэктар, якога Надзея Палоннік правяла для дзяўчат і юнакоў змястоўную экскурсію, пазнаёміла з біяграфіяй і творчасцю Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, расказала аб накірунках развіцця сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва.

“Мне было цікава даведацца аб незвычайных фактах з жыцця Вітоль Бялыніцкага-Бірулі, – дзеліцца ўражаннямі Аляксандра Маісеенка, - але мастацтва ХХІ стагоддзя зацікавіла больш”.

Дзве гадзіны моладзь знаёмілася з аб’ектамі адпачынку Прыдруцкага краю. І вось настаў час для сур’ёзных размоў. У малой зале РЦК для гэтага ўсё было падрыхтавана. З прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Надзея Серыкава.

“Прыемна, што вы не пашкадавалі часу і завіталі на гэтую сустрэчу, - адзначыла Надзея Сяргееўна. – Спадзяюся ўбачыць вас на працы ў нашым раёне. Спецыялісты ў будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, гандлі вельмі запатрабаваныя”.

Спынілася намеснік старшыні райвыканкама на кадравай палітыцы, гарантыях і перспектывах, якія адкрываюцца для моладзі.

Размовы на сустрэчы вяліся на самыя розныя тэмы. Ільготныя крэдыты, будаўніцтва жылля найбольш хвалявалі моладзь.

Разбавілі гутарку конкурсы і музычныя нумары. Кожны будучы малады спецыялісті атрымаў уякасці падарунака абанемент на наведванне басейна на ФАКу “Друць” ад райкама ГА “БРСМ”.

“Не шкадую, што прыйшла, - кажа Дар’я Серыкава. – Цікава было пазнаёміцца са сваімі равеснікамі, мажліва з тымі, хто будзе тут працаваць. Прыемна, што быў арганізаваны такі цёплы прыём”.

zara.by

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна