Рус Бел Eng 中文

Адным з самых папулярных месцаў адпачынку бялынічан, з’яўляецца фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Друць”

Адным з самых папулярных месцаў адпачынку бялынічан, несумненна, з’яўляецца фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Друць”. Яно і не дзіўна: спектр паслуг, якія там прапаноўваюцца, даволі разнастайны і разлічаны на ўсе ўзроставыя катэгорыі насельніцтва.

Летась паслугамі ФАКу скарысталіся амаль пяцьдзясят тысяч чалавек, яшчэ каля дваццаці тысяч наведалі рэспубліканскія, абласныя і раённыя спаборніцтвы па футболе і гандболе, якія праводзіліся на пляцоўцы комплексу. Дарэчы, за першы месяц бягучага года агульная колькасць людзей, якія наведалі “Друць”, дасягнула 9 тысяч”.

“Што ж да самых запатрабаваных відаў паслуг, то выдзеліць адну-дзве не лічу правільным, бо ўсе яны карыстаюцца папулярнасцю ў наведвальнікаў, - лічыць дырэктар раённага Цэнтра фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы Мікалай Ціллаеў. - Іншая справа, што, калі заняткі па фітнэсе наведваюць пераважна жанчыны, то паплаваць у басейне могуць усе члены сям’і”.

Некалькі тыдняў таму каля ФАКу ўпершыню была заліта лядовая пляцоўка і арганізаваны пункт пракату канькоў. Паслуга вельмі запатрабаваная. З пачатку адкрыцця катка ёю скарысталіся каля 1300 чалавек.

“Радуе, што на лёд выходзяць не толькі школьнікі, але і дарослыя, якія таксама не павінны забывацца на здаровы лад жыцця”, - адзначыў Мікалай Ціллаеў. Дарэчы, кошт пракату пары канькоў за гадзіну складае пяць тысяч рублёў, а гэта не такія вялікія грошы.

“Сёлета мы парадуем бялынічан тым, што асноўны акцэнт у сваёй рабоце зробім на пашырэнне відаў паслуг для ўсіх узроставых катэгорый, - паведаміў суразмоўца. - Ужо зараз аб’яўлены наборы ў фізкультурна-аздараўленчыя групы для жанчын, школьнікаў і пажылых людзей. Заняткі будуць праводзіць інструктары па індывідуальных праграмах, якія ўключаюць у сябе: плаванне ў басейне, наведванне трэнажорнай залы і сауны. Пры распрацоўцы планаў улічым пажаданні кожнага чалавека, яго фізічны стан. Вынік гэтых заняткаў – здароўе, стройная фігура і добры настрой”. Дарэчы, для ўдзельнікаў груп будуць дзейнічаць месячныя абанементы на наведванне заняткаў з 30-працэнтнай скідкай. Апроч гэтага, у вясенне-летні перыяд адміністрацыя фізкультурна-аздараўленчага комплекса “Друць” плануе арганізаваць новую валейбольную пляцоўку і пляцоўку для гульні ў “Гарадкі”. “Іншымі словамі, будзем імкнуцца рабіць усё магчымае для таго, каб людзі актыўна выкарыстоўвалі паслугі ФАКу, наведвалі спартыўныя спаборніцтвы, якія там рэгулярна праводзяцца. І не толькі з сябрамі, але і роднымі, бо, як вядома, сумесны адпачынак яднае”, - падагуліў Мікалай Ціллаеў.

Па матэрыяле zara.by

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна