Рус Бел Eng 中文

ІХ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур: Магілёўшчына прэзентавала каштоўнасці 13 народаў свету

1-3 чэрвеня ў Гродне праходзілі фінальныя мерапрыемствы ІХ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. У іх прынялі ўдзел каля двух тысяч прадстаўнікоў розных народаў – нацыянальных дыяспар, якія пражываюць у Беларусі і за яе межамі, а таксама прадстаўнікі пасольстваў замежных краін.

Мерапрыемства ладзіцца ў горадзе над Нёманам з 1996 года і з’яўляецца сапраўдным сімвалам славутай беларускай талерантнасці і гасціннасці. Яно дае магчымасць прадстаўнікам розных народаў прэзентаваць сваю культуру і пазнаёміцца з культурай іншых нацый, наладзіць творчыя сувязі. Гэта сведчанне таго, што ў нашай краіне могуць спакойна, мірна і шчасліва жыць побач розныя народы і канфесіі, не ведаючы канфліктаў і займаючыся стваральнай працай на карысць усяго грамадства, захоўваючы пры гэтым сваю культурую ідэнтычнасць.

Шматлікія канцэрты, выставы, конкурсы – усё гэта і многае іншае было ў праграме свята. На ім прысутнічалі прадстаўнікі нацыянальных дыяспар усіх рэгіёнаў нашай краіны.

Як паведаміла карэспандэнту сайта вядучы рэдактар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Вольга Семчанка, Магілёўшчына прэзентавала на фестывалі культурныя каштоўнасці 13 народаў свету: азербайджанцаў, арабаў, армянаў, афрыканцаў, грузінаў, малдаванаў, кітайцаў, палякаў, рускіх, татараў, туркменаў, эстонцаў і яўрэяў. Гэта былі спевы і інструментальная музыка, танцы, а таксама стравы нацыянальных кухань. Самадзейныя артысты нашай вобласці прынялі ўдзел у заключным канцэрце на Савецкай плошчы. Сярод іх – два калектывы Магілёўскага гарадскога Дома настаўніка: вакальны ансамбль “Сустрэча” з польскай народнай песняй “Parosmamek” і ансамбль “Сіхварулі” з песняй “Тбілісі”, а таксама вакаліст аматарскага аб’яднання “Садружнасць” Горацкага раённага цэнтра культуры Сердар Джуліеў з туркменскай песняй “Гечермі”.

Кандыдатаў ад Магілёўшчыны на ўдзел у заключных мерапрыемствах Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур адбірала журы па выніках абласнога этапу фестывалю, які праходзіў у метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы напрыканцы мінулага года. Тады свае таленты на сцэне канцэртнай залы “Магілёў” дэманстравала каля трохсот прадстаўнікоў нацыянальных дыяспар і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, таксама праходзілі выставы работ мастакоў і майстроў, прэзентацыя нацыянальных кухань.

 

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна