Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культасветработы прайшоў абласны семінар-практыкум па фільцаванню

У Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культасветработы прайшоў абласны семінар-практыкум па фільцаванню (мокраму валенню). Аб гэтым карэспандэнту сайта паведаміла вядучы рэдактар установы Вольга Семчанка.

Праводзіла мерапрыемства народны майстар Рэспублікі Беларусь, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Алена Муратава з Мінска. У ім прынялі ўдзел 14 прадстаўнікоў Магілёўшчыны: майстры раённых дамоў і цэнтраў рамёстваў, кіраўнікі гурткоў устаноў культуры, выкладчыкі мастацкіх школ.

Алена Муратава разам са сваёй калегай Святланай Амельчанка вучылі ўдзельнікаў семінара тэхналогіі валення на прыкладзе стварэння галаўнога ўбору – капялюшыка.

Для працы спатрэбілася каляровая шэрсць, вада і мыла, пластыкавыя бутэлькі, махровы ручнік, шнуры, качалкі, поліэтыленавая плёнка.

“Валенне з шэрсці – вельмі старажытнае мастацтва, – распавядае Алена Муратава. - З гэтага матэрыялу можна зрабіць што заўгодна. Тэхналогія паўсюль аднолькавая: гэта выкладванне шэрсці слаямі і яе збіванне. Для паскарэння працэсу збівання выкарыстоўваецца мыльны раствор, і шляхам трэння мы дасягаем патрэбнага выніку”.

Увесь працэс вырабу капялюшыка, калі не ўлічваць час на падрыхтоўку, заняў у пачаткоўцаў каля чатырох гадзін, а вопытнаму майстру звычайна дастаткова 2-3 гадзіны. Капялюшыкі атрымаліся проста цудоўныя – маленькія шапачкі, берэты, выцягнутыя каўпакі, з палямі і без... Праўда, над аздабленнем майстрыхі падумаюць ужо дома. Дзе ж можна насіць такія экзатычныя і незвычайныя рэчы?

“Перш-наперш, у лазні, – адказвае Алена Муратава. – Менавіта галаўныя ўборы для лазні прасцей за ўсё рабіць пачаткоўцам, бо яны не такія эстэтычныя і не патрабуюць вялікага майстэрства. Больш прыгожыя капелюшы спакойна можна апранаць на вуліцу. Я сама так ратуюся ад зімовага холаду. Яны вельмі цёплыя і добра захоўваюць форму. Раней з шэрсці валялі і насілі такую вопратку, якая не баялася ні дажджу, ні снегу, ні марозу”.

Сама Алена Муратава занялася валеннем з шэрсці тры гады таму. Тэхналогію засвоіла самастойна, пры дапамозе спецыяльнай літаратуры і Інтэрнэту. Яна валяе як утылітарныя рэчы (тапачкі, валёнкі, шапкі), так і дэкаратыўныя (шалі, паланціны і інш) з выкарыстаннем шоўкавых тканін, карункаў. Наогул, “асартымент” валеных рэчаў, якія робяць нашы майстры, вельмі шырокі, ад рукавіц і валёнкаў да пацерак, завушніц і іншых упрыгожванняў, файна выглядаюць камізэлькі, гарсэты, спадніцы з элементамі валення.

Мінскія ўмельцы зазначылі, што ім было прыемна вучыць свайму майстэрству ўдзельніц семінара.

 

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна