З 29 жніўня па 2 верасня ў Навасібірску (Расійская Федэрацыя) праходзіў абласны семінар па беларускай народнай творчасці, арганізаваны Навасібірскім цэнтрам беларускай культуры сумесна з Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы.
Жадаючых прыняць удзел у мерапрыемстве было дастаткова: жыхары Навасібірска, суседніх гарадоў і рэгіёнаў, і нават Алтая. Навасібірскі цэнтр запрасіў да ўдзелу кіраўнікоў харэаграфічных калектываў, студэнтаў харэаграфічных аддзяленняў устаноў адукацыі. У сваю чаргу, для правядзення семінара Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам былі запрошаны лепшыя спецыялісты Магілёўшчыны ў пазначаных галінах: старшы выкладчык па класу цымбал Магілёўскага філіяла ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі” Аксана Кузняцова і выкладчык харэаграфічных дысцыплін установы адукацыі “Дзяржаўная сярэдняя школа-каледж мастацтваў”, балетмайстар народнага ансамбля танца фольк-шоу балета “Альянс” Аляксей Лукашэвіч.
У рамках семінара апошні зрабіў пастаноўку беларускага народнага танца “Лявоніха”, пазнаёміў прысутных з гісторыяй і асаблівасцямі гэтага традыцыйнага беларускага танца. Аксана Кузняцова пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з гісторый цымбал, прынцыпамі ігры на гэтым інструменце. Дарэчы, на першыя семінары прыходзіла па 10-15 жадаючых навучыцца іграць на цымбалах, на заняткі па харэаграфіі – да 35. У наступныя дні колькасць удзельнікаў павялічвалася. Зразумела, што за некалькі дзён навучыць людзей дасканала выконваць танец і валодаць музычным інструментам складана. Але ж і нашы “вучні” ўжо мелі харэаграфічную і музычную падрыхтоўку, і таму да канца мерапрыемства яны ўжо маглі смела танцаваць “Лявоніху” і нават граць на цымбалах.
Падчас мерапрыемсятва таксама ладзіўся круглы стол, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Цэнтра ўкраінскай культуры Навасібірска. Сярод іншых пытанняў абмяркоўваліся агульныя музычныя інструменты Украіны, Расіі і Беларусі. Так, напрыклад, цымбалы з’яўляюцца традыцыйным інструментам для беларусаў і ўкраінцаў. Гэта ўсё паказвае на блізкасць, роднаснасць нашых культур.
“Мы пабачылі, што беларуская культура запатрабавана нават у такім аддаленым рэгіёне, як Сібір, дзе жыве шмат этнічных беларусаў, - паведаміў дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КАР Алег Хмялькоў. - Ды і расіяне цікавяцца нашай народнай творчасцю ў розных яе праявах: танцы, музыка і інш. Яны жадаюць бліжэй пазнаёміцца з нашай культурай і традыцыямі – для жыхароў Сібірскага рэгіёна гэта азначае культурнае ўзбагачэнне. Я спадзяюся, што правядзенне падобных мерапрыемстваў у далейшым паспрыяе збліжэнню нашых культур, паслужыць умацаванню культурных сувязей не толькі паміж нашымі ўстановамі культуры і рэгіёнамі, але і паміж народамі Расіі і Беларусі. Вядома, што наша супрацоўніцтва будзе працягвацца, бо яно мае важнае значэнне для абодвух бакоў. Прынамсі, у снежні гэтага года Навасібірскім цэнтрам беларускай культуры будзе праводзіцца семінар па кераміцы. Плануецца, што ў ім прыме ўдзел спецыяліст нашага цэнтра, які правядзе майстар-клас для расійскіх умельцаў, жадаючых навучыцца працаваць з глінай і пераняць традыцыйныя тэхналогіі беларускага народа”.
Вольга Семчанка, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
20.08.2020 - 14:17
20.08.2020 - 10:15
Арт-проект «Искусство XXI века без маски» открылся в Могилеве
14.08.2020 - 09:00
В Белыничах восстанавливают древнюю фреску, спасенную из разрушенного кармелитского монастыря
14.08.2020 - 08:48
14.08.2020 - 08:45