Рус Бел Eng 中文

Уладзімір Арлоў 13 лістапада прэзентуе ў Магілёве кнігу «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае»

Сёння а 18-й гадзіне ў памяшканні Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу адбудзецца сустрэча з Уладзімірам Арловым, які прэзентуе сваю кнігу «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае».

Кніга ў пэўным сэнсе з’яўляецца працягам папулярнага ілюстраванага выдання “Краіна Беларусь”. Займальная і даступная для чытача любога ўзросту, яна прысвечаная найцікавейшай эпосе нашай мінуўшчыны — часам Вялікага Княства Літоўскага. У гэтай магутнай еўрапейскай дзяржаве, дзе скансалідаваўся беларускі народ, беларускія землі адыгрывалі вызначальную ролю, а беларуская мова была дзяржаўнай. Сваёй гістарычнай радзімаю Вялікае Княства Літоўскае лічаць і летувісы, і ўкраінцы, якія доўгі час жылі з беларусамі ў агульнай краіне, а таксама беларускія татары і габраі-літвакі.

Аднак гэтае выданне мае на мэце расказаць найперш пра дзяржаватворчую ролю нашых продкаў. Чытачоў чакае сустрэча з выдатнымі гістарычнымі асобамі: палітыкамі, военачальнікамі, асветнікамі. Таксама можна будзе даведацца пра жыццё і побыт, ваенныя перамогі і культурныя дасягненні прадзедаў.

У кнізе змешчаныя блізу дзвюх тысяч ілюстрацый, у тым ліку летапісныя мініяцюры, сярэднявечныя гравюры, унікальныя фотаздымкі і рэканструкцыі. Шмат якія ілюстрацыі беларускаму чытачу дагэтуль былі невядомыя.

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна