Унікальны праект комплекснага даследавання танцавальнай культуры Магілёўскага Падняпроўя быў рэалізаваны ў 2010-2011 гадах абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы сумесна з Інстытутам культуры Беларусі.
Ініцыятарам і каардынатарам з’яўляецца дырэктар цэнтра Алег Хмялькоў. Ідэя праекта і харэаграфічнае рэдагаванне належыць супрацоўніку Інстытута культуры Беларусі, выкладчыку кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Міколе Козенку.
У рамках праекта праведзена шмат даследаванняў, этнаграфічных экспедыцый. Да яго рэалізацыі былі прыцягнуты спецыялісты цэнтра, кіраўнікі вядучых харэаграфічных калектываў вобласці. Вынікам гэтай маштабнай працы стала вялікае выданне – кніга “Беларускі народны танец: традыцыі і сучаснасць (Магілёўшчына)”, якое нядаўна выйшла ў тыраж у Магілёўскай абласной узбуйненай друкарні імя Спірыдона Собаля.
“Пад адной вокладкай сабраны багаты і разнастайны матэрыял, прысвечаны аднаму віду народнай творчасці – харэаграфіі рэгіёнаў Магілёўскага Падняпроўя, - адзначыў Алег Хмялькоў. - Выданне дае ўяўленне аб адметных асаблівасцях аўтэнтычнай мясцовай харэаграфіі (карагоды, танцы, скокі), аматарскай народна-сцэнічнай танцавальнай творчасці, а таксама інструментальнай музыцы і этнічным касцюме. Кніга багата ілюстравана фотаздымкамі, малюнкамі, графічнымі схемамі”.
У кнізе прадстаўлена харэаграфічная спадчына Магілёўшчыны ва ўсім яе разнастайным этналакальным абліччы ва ўзаемадзеянні са смежнымі мастацтвамі, а таксама інавацыйная аматарская творчасць на падставе арыгіналаў і матываў народнага танца, узаемасувязь з якімі дае больш поўнае ўяўленне аб мастацкай адметнасці танцавальнай культуры беларуска-падняпроўскага краю сёння. Упершыню ў друкаваных крыніцах разглядаюцца ўрокі беларускай класічнай народна сцэнічнай харэаграфічнай спадчыны Магілёўскага рэгіёна.
Выданне складаецца з чатырох раздзелаў. У першым - “Народная спадчына” - змешчаны аўтэнтычныя ўзоры карагодаў, танцаў-скокаў, лексіка і аранамент аўтэнтычнага народнага танца з яе рэгіянальна-лакальнымі адметнасцямі. Напрыклад, апісваюцца карагоды “Проса”, “Заінька”, “Яшчар”, “Па беражку” і інш, скокі “Раскамарыцкі” і “Чыбір”, танцы “Лявоніха” і “Полька” ў розных іх варынтах, “Кругавая”, “Калодачка” і многія іншыя. Таксама тут разглядаецца музыка народных танцаў і этнічны касцюм Магілёўскага Падняпроўя.
Другі раздел “Аматарская творчасць” аб’ядноўвае артыкулы, прысвечаныя народна-сцэнічнай харэаграфіі, яе гістарычным аспектам, а таксама асобам – творцам гэтай плыні культуры, зрабіўшым унёсак у яе развіццё. У фотаілюстрацыях паказана творчасць аматарскіх калектываў Магілёўшчыны: народных ансабляў танца “Вянок”, “Вяснянка”, “Дружба”, “Прасніца”, “Калінка”, узорных харэаграфічных ансамбляў “Радасць” і “Кужалёк”, таксама Заслужаных аматарскіх калектываў Рэспублікі Беларусь харэаграфічных ансамбляў “Сувенір” і “Рунь”, ансамбля танца “Юнацтва” і інш.
Трэці раздзел “Узоры класічнай беларускай народна-сцэнічнай спадчыны Магілёўшчыны” прадстаўляе рознажанравыя сцэнічныя творы “Лявоніха”, “Варатынская кадрыля”, “Званочкі”. Яны створаны Віктарам Аляксеевічам Паповым, мастацкім кіраўніком Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь харэаграфічнага ансамбля “Рунь” Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і адпачынку, на падставе рэгіянальных аутэнтычных першакрыніц.
У апошнім раздзеле змешчаны “Урокі беларускага народна-сцэнічнага танца” – спецыяльна распрацаваныя практыкаванні, разлічаныя на розны ўзровень падрыхтоўкі выканаўцаў.
Алег Хмялькоў лічыць, што кніга стане добрым дапаможнікам спецыялістам, якія займаюцца народнай харэаграфіяй, а таксама ўсім тым , хто цікавіцца беларускай народнай культурай. Дарэчы, “Беларускі народны танец: традыцыі і сучаснасць” задумана як выданне ў шасці тамах, кожны з якіх будзе прысвечаны народнай харэаграфіі адной з абласцей Беларусі – Магілёўшчына стала своеасаблівым стартам.
Актуальнасць падобнага выдання не выклікае сумневаў, адзначыў складальнік кнігі Мікола Козенка. “Імкліва адыходзяць у нябыт пракаветныя традыцыі народнай танцавальнай культуры, асабліва каранёвыя, абрадавыя яе формы, а народна-сцэнічны танец у аўтарскіх версіях губляе не толькі карані, але і лакальныя мастацкія прыкметы, ды і ў цэлым мастацкую самабытнасць, - падкрэсліў ён. - З адыходам апошніх носьбітаў гэтай культуры знікае ўнікальная спадчына Беларусі. І менавіта падобныя праекты і выданні дапамагаюць вырашыць праблему захавання, аднаўлення і трансляцыі самабытнай традыцыі рэгіянальнай харэаграфіі Беларусаў у аўтэнтычных і сцэнічных формах”.
Вольга Семчанка вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
20.08.2020 - 14:17
20.08.2020 - 10:15
Арт-проект «Искусство XXI века без маски» открылся в Могилеве
14.08.2020 - 09:00
В Белыничах восстанавливают древнюю фреску, спасенную из разрушенного кармелитского монастыря
14.08.2020 - 08:48
14.08.2020 - 08:45