Рус Бел Eng 中文

Былыя ўладары Крычаўскага палаца вярнуліся

Былыя ўладары Крычаўскага палаца вярнуліся. Партрэты дваран Галынскіх нядаўна папоўнілі калекцыю раённага гістарычнага музея.

Палац у Крычаве — помнік архітэктуры ХVІІІ стагоддзя. Яго называюць іменем Рыгора Пацёмкіна. Крычаўскае староства Кацярына ІІ падаравала князю, а ён пабудаваў палац, каб прыняць імператрыцу. Аўтарам праекта стаў знакаміты рускі архітэктар Іван Староў (аўтар Таўрычаскага палаца ў Санкт-Пецярбургу), а ўзведзены ў Крычаве будынак — помнікам рускага класіцызму.

Калі Пацёмкін прадаў свае крычаўскія ўладанні, то новым гаспадаром горада і палаца стаў дваранін Ян Галынскі. У савецкі час у палацы Пацёмкіна знаходзіліся вучылішча, школа, потым — інтэрнат, і, урэшце, будынак аказаўся ў гаротным стане. Рэстаўрацыя доўжылася шмат гадоў, з перапынкамі, але ў 2008 годзе палац Пацёмкіна расчыніў дзверы для наведвальнікаў. Там цяпер знаходзіцца аддзел ЗАГС і гістарычны музей. Экспазіцыя музея папоўнілася шасцю партрэтамі Галынскіх. Прадстаўнікі гэтага старажытнага роду больш за 130 гадоў валодалі Крычаўскім староствам, мясцовымі фабрыкамі і заводамі, палацам. Яны жылі ў Крычаве да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.

Партрэт Яна — першы ў шэрагу партрэтаў Галынскіх, якія ўпрыгожваюць цяпер сцены музея. Праўда, тут няма выявы яго жонкі Барбары. У Крычаве ёсць легенда пра прыгожы прывід: маўляў, Барбара, якая была пахавана ў мясцовым касцёле, з'яўлялася ў пакоях палаца, замірала і... потым знікала.

“Што ж, у будынку, якому больш за 200 гадоў, павінна быць нешта таямнічае”, — гавораць у Крычаўскім музеі.

Строгі мужчынскі твар і "Ганна" на шыі, дама ў старадаўнім карункавым чапцы. Твары з мінулага заварожваюць. Аўтар партрэтаў Галынскіх невядомы, іх арыгіналы захоўваюцца ў Арлоўскім музеі выяўленчага мастацтва. Копіі зрабіў магілёўскі мастак Аляксандр Росінаў, які браў удзел у афармленні інтэр'ераў палаца Пацёмкіна пасля яго рэканструкцыі. Калекцыю дапоўнілі і партрэты двух архітэктараў палаца: акрамя Івана Старова, над ім пазней працаваў француз Бернар Сімон. Спецыяліст у стылі неаготыкі, замежнік рабіў рэканструкцыю палаца і перабудаваў яго галоўны фасад.

Акрамя жывапісных палотнаў, у экспазіцыі Крычаўскага гістарычнага музея з'явіліся іншыя каштоўныя рэчы. Пісьмовы стол прыказчыка зроблены з буку ў Заходняй Еўропе ў пачатку ХХ стагоддзя. Ён у добрым стане і выдатна ўпісаўся ў інтэр'ер палаца. У антыкварнай краме ў Мінску ён каштаваў музею 16 мільёнаў рублёў.

Вялікі насценны гадзіннік з маятнікам падаравала мясцовая жыхарка. Паводле надпісу на цыферблаце пра Парыж, зразумела, што гадзіннік французскі і, мяркуецца, ХІХ стагоддзя. Жанчына, якая зрабіла падарунак, растлумачыла, што драўляны корпус гадзінніка быў зроблены немцам у ваенныя часы.

Яшчэ адзін новы экспанат — макет Крычаўскага замка ХV-ХVІІ стагоддзяў. Рэканструкцыю па гістарычнай манаграфіі зрабілі магілёўскія мастакі — Леанід і Юрый Несцерукі, бацька і сын. Замак у Крычаве стаяў на ўзвышшы, звязаны з паселішчам пад'ёмнымі мастамі. Ён не захаваўся, і толькі цяперашняя Нікалаеўская праваслаўная царква стаіць на сваім гістарычным месцы, як і ў тыя далёкія часіны.

Палац Пацёмкіна і яго музейныя экспазіцыі прыцягваюць мноства наведвальнікаў. Сёлета тут пабывала больш за 10 тысяч чалавек, а турыстычны сезон яшчэ толькі набірае абароты. Сярод гасцей — шмат расіян, бо Крычаўшчына знаходзіцца на беларуска-расійскім памежжы. Таму, паведамілі ў Магілёўскім упраўленні культуры, у палацы Пацёмкіна можа хутка з'явіцца крама, дзе гасцям будуць прапанаваны розныя сувеніры і вырабы народных майстроў і рамеснікаў Магілёўскай вобласці.

Ілона ІВАНОВА, газета “Звязда”

 

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна