«Бразгун». Для жыхароў Чэрыкаўскага раёна гэтае слова гаворыць шмат. Найперш гэта крыніца, якая некалі моцна «бразгацела». Гэта і абрад з аброчнай свечкай і абразом Пятра і Паўла. І традыцыйнае гулянне на лясной паляне пасля асвячэння вады. Гэта сам дзень — другі дзень пасля праваслаўнага свята ў гонар святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла.
Сёлета «Бразгун» зноў сабраў у лесе каля крыніцы дзясяткі паломнікаў — старых і маладых, дзяцей. Сярод тых, хто тройчы праходзіў пад старажытным абразом, быў і малады тата з немаўляткам у вазку Дзмітрый Мужчынін. Пабыць на «Бразгуне» для яго важна, найперш, каб набрацца здароўя, умацавацца ў веры, сустрэцца з землякамі, якія ніколі не прамінаюць гэты фэст-кірмаш.
«Бразгун» пачынаецца ў хаце Любові Чапелінай — жыхаркі вёскі Норкі. Шмат гадоў ікона Пятра і Паўла стаіць у яе хаце. Некалі ў вёсцы бытаваў абрад пераносу аброчнай свечкі, і гэты абраз раз на год насілі з хаты ў хату. Спачатку неслі да крыніцы. А пасля свят каля гаючай вады зноў неслі (за тры кіламетры)... да новых гаспадароў. З цягам часу Норкі апусцелі, і толькі дзве апякункі засталіся ў гэтага абраду: баба Люба і баба Ніна — Ніна Акімаўна Гаспадарова. А абрад, дзякуючы работнікам культуры раёна, узяты пад ахову як гісторыка-культурная каштоўнасць. І гэта вельмі радуе Любу і Ніну, іх дзяцей і ўнукаў, якія ў дзень «Бразгуна» заўсёды збіраюцца ў бацькоўскіх хатах.

Адкуль і як з'явілася ікона ў вёсцы, расказаў Анатоль Чапелін — сын Любові Ільінічны Чапелінай. Нібыта пецярбургскі вяльможа перадаў «Пятра і Паўла» вясковаму старасце. І што на старых картах пазначана і крыніца «Бразгун» як святое месца. Дзень з'яўлення крыніцы — яе гучнае з'яўленне пачулі нават у навакольных вёсках — стаў святам «Бразгун». А абрад пераносу свечкі з іконаю ўзнік як аброчны ад пажараў, якія некалькі разоў ушчэнт вынішчалі Норкі. Пасля абрадаў вёска больш не гарэла. Два гады таму ў суседняй вёсцы ўраган дахі з хат пазрываў, а Норкі ацалелі.
Цяпер насіць абраз да крыніцы старым не пад сілу, і яго перавозяць на легкавіку. Ставяць каля крыніцы, каб рытуал асвячэння вады праходзіў пад апекай нябесных ахоўнікаў Пятра і Паўла. Потым ахвотныя тройчы праходзяць (раней прапаўзалі на каленках) пад ёю, каб умацаваць здароўе. П'юць ваду, ходзяць басанож па ручаіне, зрываюць галінкі бярозак, якія ўпрыгожвалі крыніцу і ікону.
Асаблівая частка свята — кірмаш і гулянне. Цяпер людзей забаўляе мясцовая мастацкая самадзейнасць, працуюць латкі з салодкімі прысмакамі. Асабліва кранальна спяваў царкоўны хор і ансамбль духоўных спеваў з музычнай школы Чэрыкава. І гэта толькі першыя спробы зрабіць «Бразгун» вялікай падзеяй рэгіёна, вярнуць яму былую славу.
«Мы імкнёмся захаваць старажытны абрад, адрадзіць забытыя традыцыі і надаць святу новае, сучаснае дыханне», — паведаміла начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Кацярына Каркозава.
Родам Кацярына Іванаўна з гэтай жа вёскі Норкі, на «Бразгуне», як той казаў, вырасла. Захаваць яго — справа яе гонару.
Заканчваецца «Бразгун» зноў у хаце бабы Любы. У вёсцы вырашылі: няхай Пятро з Паўлам яшчэ гадок пагасцююць у Чапеліных, а там відаць будзе, хто захоча абракацца і возьме свечку і абраз да сябе.
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
21.08.2020 - 16:20
Фестиваль народных промыслов и ремесел соберет в Краснополье мастеров Могилевской области
21.08.2020 - 10:08
21.08.2020 - 10:00
20.08.2020 - 10:07
Дети, родители и учителя в белыничском Вишове как жили, так и живут — одной семьей
20.08.2020 - 08:42
Фестиваль в честь Яблочного Спаса провели в Кировском районе