Рус Бел Eng 中文

Выстава "Пейзажы Беларусі і Расіі" адкрыецца ў Магілёве

Выстава "Пейзажы Беларусі і Расіі" адкрыецца сёння ў Магілёўскай выставачнай зале па вуліцы Болдзіна. На ёй будуць прадстаўлены каля 70 карцін заслужанага мастака Расіі Уладзіміра Берднікава і беларускага мастака з Клімавічаў Леаніда Ячнева.

У творчым тандэме майстры працуюць ужо не першы год. «Аднойчы пазнаёміліся на пленэры і сышліся ў поглядах, - адзначылі мастакі. - Вырашылі пісаць карціны і падарожнічаць па прыгожых мясцінах разам. Так, шматлікія работы з’явіліся падчас воднага вандравання па рэках дзвюх краін на самаробным плыце».

Карціны, якія мастакі прывезлі на выставу ў Магілёў, выкананыя ў рознай тэхніцы алеем. Асноўныя сюжэты - прырода і праваслаўныя храмы. Шматлікія работы пераклікаюцца, але ў кожнага мастака свой асаблівы стыль. Так, карціны Уладзіміра Берднікава насычаныя, яркія і сакавітыя. Аўтар вялікае значэнне надае адценням фарбаў і гульні святла, укладваючы ў работы настрой. Для Леаніда Ячнева на першым месцы душэўныя перажыванні і пачуцці.

Разам з карцінамі на выставе будуць прадстаўлены і аўтарскія працы Уладзіміра Берднікава, выкананыя з крышталю. Каля 30 гадоў ён адпрацаваў галоўным мастаком шклозавода, і за гэты час узнікла неверагодная калекцыя вырабаў са шкла.

Падоўжыцца выстава «Пейзажы Беларусі і Расіі» да канца жніўня.

«Радио Могилев»

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна