У Магілёўскім раёне акупанты спалілі 7 вёсак, 3 тысячы чалавек былі закатаваны і расстраляны, больш за 1,5 тыс. мясцовых жыхароў вывезены ў Германію.
Аляксандра Пятроўская і Міхаіл Клепікаў у 1943 годзе былі дзецьмі, але памятаюць многае. Яны ўзгадваюць, як раніцай прыйшоў немец з перакладчыкам і стаў выклікаць па спісе сем’і, дзе былі партызаны. Малыя ўцяклі ў лес і праз кусты назіралі за вялікім пажарам і не адразу зразумелі, куды падзеліся людзі. Потым ацалелыя людзі ратаваліся ў зямлянках партызанскага атрада.
Вёска Дубінка на пачатку 1943 года знаходзілася пад абаронай 121-га партызанскага палка Асмана Касаева. Такіх вёсак пад кантролем партызанаў, ад ракі Друць у Бялыніцкім раёне да Дняпра ў Магілёўскім, было шмат. І ў лютым 1943 года фашысты распачалі актыўныя баі супраць партызанаў. Жыхароў Дубінкі жорстка пакаралі за сувязь з імі. Вось як пра гэта ўзгадвае былы камісар 121-га партызанскага палка Іван Іваноў, успаміны якога захоўваюцца ў фондах Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея.
«У вёсцы Дубінка фашысты сагналі ў адно гумно 23-х старых ад 65 і вышэй гадоў, 42-х жанчын і 27 дзяцей да 12 гадоў, аблілі гумно гаручай вадкасцю і ўсіх людзей папалілі», — узгадваў ветэран.
Успаміны Івана Мартынавіча напісаны даўно, і іх вызначае ўзнёслы старасавецкі стыль, аднак расповед сведкі дае ўяўленне пра падзеі 70-гадовай даўніны.
«Учыненае немцамі ліхадзейства над мірным насельніцтвам, старымі, жанчынамі і дзецьмі толькі павышалі народны патрыятызм і яшчэ больш распальвалі ўсенародную партызанскую барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Партызаны і партызанкі нашага палка, чые бацькі, жонкі і дзеці былі спалены зажыва ў гумне Дубінкі, над грудай спаленых трупаў на другі дзень пасля злачынства ў прысутнасці ўсіх партызанаў з болем у сэрцах пакляліся адпомсціць катам.
13-гадовы партызан Мікалай Філімонаў, маці і два малодшыя браты якога былі спалены, стаяў побач са сваім бацькам, камісарам 1-га батальёна Сямёнам Філімонавым, над абгарэлымі целамі і выціраў слёзы шапкай-вушанкай з чырвонай стужкай. Ён сказаў: «Тата, дай мне аўтамат, я будуць біць фашыстаў да апошняй сваёй юнацкай кроплі крыві». Камісар батальёна Філімонаў павесіў на шыю сыну свой аўтамат, а ў гэты ж час камандзір палка Асман Касаеў уручыў Філімонаву аўтамат і дзве гранаты.
Затым выступіў партызан Пухоўскі, жонка і дзеці якога таксама былі спалены фашыстамі. А на заканчэнне слова мовіў камандзір палка Асман Касаеў. Пасля гэтага на працягу некалькіх хвілін усе моўчкі стаялі. Потым абгарэлыя трупы былі складзены ў адну вялізную скрыню, якую апусцілі ў яміну і закапалі.
Тут жа ўсім падраздзяленням палка былі дадзены баявыя заданні. У адказ на злачынствы фашыстаў у вёсцы Дубінка каля станцыі Буйнічы ў Магілёве выбухнуў чыгуначны састаў праціўніка, і ў гэтай аперацыі браў удзел 13-гадовы партызан Мікалай Філімонаў са сваім бацькам. Таксама было пашкоджана 10 кіламетраў шашэйнай дарогі «Магілёў — Мінск» у раёне Нежкава, Княжыцаў і Пашкава, разгромлены нямецкі гарнізон у сяле Гуслішча Магілёўскага раёна».
Цяпер у вёсцы Дубінка пра трагедыю 1943 года нагадвае курган памяці, дзе сабрана зямля з усіх спаленых з людзьмі вёсак Магілёўскага раёна. Уверсе — выява маці з дзіцем, як сімвал міру і святла, да якіх імкнуцца ўсе людзі на зямлі.
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
19.08.2020 - 10:24
Летопись первой глусской школы в проекте «Как здесь учились и учили»
13.08.2020 - 14:57
29.07.2020 - 12:12