У адзінаццацікласніцы Крысціны Пруднікавай, акрамя вучобы, ёсць яшчэ адзін сур’ёзны абавязак. Дзяўчына трэці год даглядае курэй у птушніку. Яйкі ідуць на кухню школы-інтэрната, а іх лішкі — на продаж.
«Усяго ў нас 72 нясушкі, — удакладніла Крысціна. — Іх трэба карміць-паіць, убіраць у памяшканні».
Магчымасць асвоіць азы птушкагадоўлі ў выхаванцаў інтэрната з’явілася дзякуючы дабрачыннай арганізацыі «Канадская дапамога ахвярам Чарнобыля». Школе-інтэрнату для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, яна дапамагае вось ужо пятнаццаць гадоў. Спонсары закупілі модуль для міні-фермы і выдаткавалі грошы на нясушак.
«А мінулым летам абсталявалі невялікі цэх па вырошчванні парасят. Ды толькі эпідэмія афрыканскай чумы перашкодзіла развярнуцца ў гэтым напрамку», — падзяліўся дырэктар Чавускай школы-інтэрната Алег Самсонаў.
А вось агарод па-ранейшаму застаецца вялікай падмогай для бюджэту інтэрната. Участак зямлі немалы — 11 гектараў. Тут рабяты вырошчваюць бульбу, моркву, капусту, буракі. У цяпліцах — агуркі і памідоры. Усё гэта ідзе да стала саміх выхаванцаў: што прама з градкі, што ў засоленым выглядзе. «Ёсць і свой сад, — пахваліўся Алег Пятровіч. — З яблыкамі, грушамі, парэчкай».
Сёння ў школе-інтэрнаце — 48 дзяцей. Сямейныя гісторыі большасці з іх не самыя радасныя. Ёсць такія бацькі, што не толькі не спрабуюць выправіць сітуацыю, якая стала прычынай ізаляцыі ад іх дзяцей, але і не наведваюць сваіх сыноў і дачок. Як пры такім раскладзе падлеткам знайсці сваё месца ў жыцці, не зламацца-згубіцца перад цяжкасцямі лёсу?
«Вядома, у інтэрнаце створаны ўсе ўмовы, каб добра вучыцца, рэалізаваць таленты. Дзяржава і спонсары падтрымліваюць нас матэрыяльна, педагогі заўсёды гатовыя выслухаць, падтрымаць кожнага школьніка, — падкрэсліў Алег Самсонаў. — Але гэта сёння. А што будзе заўтра, калі яны пойдуць у дарослае жыццё?»
Такое пытанне, прызнаўся Алег Пятровіч, дырэкцыя інтэрната задавала сабе не раз. І рабіла ўсё магчымае, каб навучыць рабят самастойнасці. А чатыры гады таму — зноў-такі з дапамогай канадскіх шэфаў — адкрылі дом сацыяльнай адаптацыі. «Сутнасць праекта ў тым, каб падлеткі навучыліся абслугоўваць сябе, арганізоўваць побыт», — адзначыў Самсонаў. У двухэтажным добра адрамантаваным катэджы на тэрыторыі інтэрната хлопчыкі і дзяўчынкі жывуць па чарзе. Самі сабе гатуюць абеды і вячэры, прыбіраюць пакоі. Выхавальнікі, якія заўсёды побач, гатовыя пры неабходнасці нешта параіць. Школьнікам такія «дзяжурствы» ў дамашніх абставінах падабаюцца.
Добрую загартоўку — не толькі фізічную, але і псіхалагічную! — лічыць дырэктар інтэрната, таксама даюць шматлікія ўрокі працы і спорт. Рабяты сур’ёзна займаюцца біятлонам, цяжкай атлетыкай, вольнай барацьбой. У летнія канікулы сплаўляліся на байдарках па рэчках Бася і Проня, асвойвалі азы гульні ў хакей пад кіраўніцтвам прафесійных канадскіх трэнераў. Многія выпускнікі пайшлі яшчэ далей і зараз займаюцца ў Магілёўскім вучылішчы алімпійскага рэзерву.
«А Аляксандр Марчанка, Дзінара Алімбекава, Марыя Кургузенка сталі членамі нацыянальных зборных па біятлоне і цяжкай атлетыцы ў сваім узросце, — удакладніў Алег Самсонаў. - Дзмітрый Хмялькоў, які таксама увайшоў у нацыянальную зборную сярод юнакоў 1998 года нараджэння, па праву лічыцца надзеяй беларускага гандболу. Сёння сваё майстэрства ён шліфуе ў рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Першыя ж крокі ў вялікі спорт хлопец зрабіў ў родным інтэрнаце».
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
21.08.2020 - 16:20
Фестиваль народных промыслов и ремесел соберет в Краснополье мастеров Могилевской области
21.08.2020 - 10:08
21.08.2020 - 10:00
20.08.2020 - 10:07
Дети, родители и учителя в белыничском Вишове как жили, так и живут — одной семьей
20.08.2020 - 08:42
Фестиваль в честь Яблочного Спаса провели в Кировском районе