Папулярнае моладзевае ток-шоу «Перазагрузка» вытворчасці тэлерадыёкампаніі «Магілёў» адкрыла новы сезон. Як і раней, раз на тыдзень вядучая праграмы Седа Каспарава абмяркоўвае актуальныя, вострыя, хвалюючыя і балючыя для сучасных маладых людзей пытанні разам са студэнтамі, школьнікамі, актывістамі грамадскіх рухаў і блогерамі, а экспертамі выступаюць прадстаўнікі старэйшага пакалення. Дадатковыя акцэнты ў гарачых абмеркаваннях расстаўляе жывая музыка аркестра «Джаз Сіці Бэнд», а рэзананс выбраным тэмам дадае інтэрнэт-галасаванне і «зрэз грамадскай думкі» ў сацыяльных сетках.
Але ёсць у праекце, які існуе ўжо чацвёрты год, і пэўныя абнаўленні. «Мы змянілі рассадку ўдзельнікаў, — звяртае ўвагу гледачоў галоўны рэдактар тэлебачання ТРК «Магілёў» Андрэй Скарабагатаў. — Цяпер яны месцяцца не побач за столікамі, а насупраць адзін аднаго, вочы ў вочы. Як нам здаецца, гэта робіць палеміку больш шчырай і эмацыйнай. Таксама вырашылі адысці ад фармату звычайнай размовы, пасля якой вядучыя ставяць кропку — спрабуем, каб з усіх сказаных слоў вынікалі канкрэтныя дзеянні, учынкі. Для гэтага робім своеасаблівае пасляслоўе, у якім распавядаем, напрыклад, што пасля праграмы аб жорсткасці і гвалце ўдзельнікі «Перазагрузкі» пайшлі працаваць валанцёрамі ў хоспіс…
Галоўны прынцып гэтага сезона — мы імкнёмся працаваць як мага больш аператыўна, выбіраючы тэмы, цікавыя моладзі тут і цяпер, і адштурхоўваемся ад рэальных гісторый, якія адбыліся літаральна ўчора ці сёння». Напрыклад, у гэты чацвер у «Перазагрузцы» абмяркоўвалі тэму спайсу і згадвалі сітуацыю, якая мела месца зусім нядаўна: у Смаленску паліцэйскім давялося страляць па колах, каб затрымаць беларуса-дальнабойшчыка, які выязджаў на сустрэчную паласу і наогул паводзіў сябе на дарозе неадэкватна. Той патлумачыў, што «ўцякаў ад НЛА». Аказваецца, наш суайчыннік у Маскве набыў спайс, ужыў сумесь і ў такім стане сеў за руль…
Сярод гасцей і ўдзельнікаў праграмы — не толькі магілёўцы, але і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў краіны, а таксама маладыя журналісты і блогеры з Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі. «Нават калі абмеркаванне пачынаецца з прыватных гісторый, якія адбыліся ў нашым рэгіёне, мы стараемся знайсці свежы погляд на праблемы і расказаць пра тое, што цікавіць абсалютна ўсіх», — кажа вядучая «Перазагрузкі» Седа Каспарава. Сапраўды, тэмы ў сезоне-2014 няпростыя і вострыя: жорсткае абыходжанне з жывёламі і вытокі насілля наогул, страхі і перасцярогі сучаснай моладзі, уплыў СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама ступень адказнасці журналістаў, супрацьстаянне вегетарыянцаў і «мясаедаў» і г.д.
За 3 мінулыя сезоны ў эфір выйшлі 50 выпускаў праграмы, якая атрымала шырокі рэзананс. Аб гэтым сведчыць як узятая ў прафесійным конкурсе «Тэлевяршыня» ўзнагарода за лепшы рэгіянальны тэлепрадукт 2012 года, так і тысячы праглядаў запісаў «Перазагрузкі» ў інтэрнэце. Ці ўтрымаюць «марку» стваральнікі ток-шоу і надалей? Паглядзім разам — пабачым.
Дзе: «Беларусь-2».
Калі: кожны панядзелак у 12.45 і 0.25.
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
17.08.2020 - 11:07
09.08.2020 - 12:32
Свой день рождения могилевчанка Вероника Сардыко решила начать с посещения избирательного участка