…лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Аляксандр Разганаў.
Што можа быць для дэпутата горшым, чым папрокі людзей у адсутнасці яго сувязі з выбаршчыкамі? Маўляў, бачылі мы цябе толькі раз у жыцці, і тое на плакаце падчас выбараў. Аляксандр Разганаў на тэрыторыі сваёй выбарчай акругі № 88, у якую ўваходзіць частка Магілёва, а таксама Магілёўскі, Чэрыкаўскі і Чавускі раёны, асоба вядомая. Нездарма ж ужо другі тэрмін запар прадстаўляе інтарэсы сваіх землякоў у вышэйшым заканадаўчым органе дзяржавы. Нядаўна мы мелі магчымасць паназіраць за тым, як ён працуе са сваімі выбаршчыкамі.
Адлегласць — не перашкода
Яшчэ да пачатку прыёму ў Вейнянскім сельсавеце Магілёўскага раёна паспела пагутарыць са старшынёй Святланай Сцішанковай. Пад яе «наглядам» — 8 населеных пунктаў, дзе пражывае каля 5,5 тысячы чалавек. Усе людзі розныя, у кожнага свае патрэбы. І калі б не Аляксандр Разганаў, то старшыні, з яе невялікім стажам працы ў органах прадстаўнічай і адначасова выканаўчай улады пярвічнага ўзроўню было б цяжка. Аляксандр Іванавіч жа, сцвярджае Святлана Уладзіміраўна, першы памочнік і дарадчык. З яго дапамогай вырашаліся пытанні, якія, здавалася, немагчыма было зрушыць з месца.
У Вейне, напрыклад, заасфальтаваны вуліцы Цагляная, Клубная і Савецкая, і да кожнага дома падведзены газ. У вёсцы Вільчыцы паклалі асфальт і правялі газ на вуліцы Партызанскай. «Каб мая воля, я б Разганава яшчэ і на наступны тэрмін перавыбрала, — кажа яна. — Ён жа на сваім участку ўсё ведае! І вельмі справядлівы, ніколі не сячэ з пляча, заўсёды ставіцца да пытання з розумам, не прымае неабдуманых рашэнняў».
— Я ведаю Аляксандра Іванавіча з 2002 года, і за гэты час у раёне шмат чаго зроблена пры яго дапамозе па будаўніцтве жылля, водаправода і дарог, — уключаецца ў размову дырэктар Магілёўскага раённага ўпраўлення камунальнага будаўніцтва, дэпутат райсавета Яўген Драздоў, які спецыяльна прыйшоў на сустрэчу з парламентарыем, каб абмеркаваць праблемы. — Калі Разганаў узначальваў Магілёўскі райвыканкам, была створана каманда аднадумцаў, якія маглі працаваць, не зважаючы на выхадныя ці адпачынкі. Цяпер ён у сталіцы, але пра землякоў не забывае. Дапамог вырашыць пытанне са станцыяй абезжалезвання у Вільчыцах, знайсці 5 мільярдаў рублёў з 8 неабходных на будаўніцтва дарогі ў пасёлку Губанава.
Барацьба супраць сабак…
Да пачатку прыёму застаюцца лічаныя хвіліны, але, як ні дзіўна, мясцовыя жыхары не выстройваюцца ў чаргу. Калі і заходзяць, то больш павітацца з дэпутатам. «А тое, што вострых праблем няма, дык гэта ж добра, — тлумачыць Святлана Сцішанкова. — Значыць яны вырашаюцца аператыўна на мясцовым узроўні».
Пачуўшы, што прымае Разганаў, у сельвыканкам завітала мясцовая пенсіянерка, якую турбуе сітуацыя з бадзяжнымі сабакамі. Па яе звароце ў аграгарадку ўжо правялі адлоў, але жыхарку гэта не задавальняе. Прапанову трымаць асабістую «жучку» на прывязі жанчына прапускае міма вушэй. Свая — гэта адно, а вось іншыя «пужаюць курэй». Аляксандр Разганаў між тым ставіцца да скаргі з разуменнем. І прапаноўвае пенсіянерцы прыняць удзел у чарговым адлове. Тая з задавальненнем пагаджаецца, нават гатовая паказаць месцы, дзе хаваюцца чатырохногія бадзяжкі.
Прадстаўнікі мясцовай улады, якія прыйшлі абмеркаваць з дэпутатам працоўныя моманты, адзначаюць: жанчына, вядома, мае рацыю, ды толькі яе барацьба супраць сабак стала дакучлівай. Але дэпутат заклікае да паразумення і нагадвае колішні выпадак у Бабруйску, калі зграя бадзяжных сабак ледзь не загрызла дзяўчыну. «Тое, што мы часам успрымаем жартам, можа закончыцца трагедыяй, — кажа ён. — Тады шукаем «крайніх.» Знішчэнне жывёл дэпутат лічыць не лепшым выйсцем. Але ж пакуль іншага няма: пытанне адлову і ўтрымання сабак у спецыялізаваных установах толькі разглядаецца на рэспубліканскім узроўні.
Як цяжка бывае знайсці ўзаемаразуменне з людзьмі, Аляксандр Разганаў ведае не па чутках. Да сваёй дэпутацкай дзейнасці ён доўгі час узначальваў Магілёўскі райвыканкам. Не адно кап’ё зламаў, каб прывучыць жыхароў прыватнага сектара да культуры. Цэнтральная вуліца аграгарадка Вейна калісьці нагадвала кітайскі «шанхай» — збітыя з дошак разнамасныя паветкі, паўразбураныя платы, смецце. Калі пачалося добраўпарадкаванне, Аляксандра Разганава жыхары Вейна нават… шкоднікам называлі. Але мінуў час, і на яго адрас пайшлі падзякі: вы ж нам вочы адкрылі. Традыцыя падтрымліваць парадак каля сваіх дамоў, разбіваць клумбы і даглядаць газоны прыжылася. Да прыгожага хутка прывыкаеш.
Вось і бабулька, якая аб’явіла вайну мясцовым сабакам, прызнаецца, што не паспела сваю агароджу прывесці ў парадак. Грошай не хапае, каб давесці справу да канца за адзін раз. Дэпутат на гэта заўважае, што агароджа — не галоўнае. Трэба, каб парадак быў каля дома, бо сёння шмат хто за плотам хавае сваю безгаспадарчасць.
…і суседзяў
У пенсіянера з Дубінкі каменем спатыкнення стаў кавалак зямлі. Так склалася, што некалькі гадоў таму зямлю вакол яго надзела аддалі мясцоваму фермеру, і пенсіянеру, як ён сцвярджае, стала цяжка дабірацца да ўчастка. З суседам па-добраму дамовіцца не ўдалося, і мужчына выйшаў на сцяжыну вайны. Куды толькі ён не звяртаўся са сваёй скаргай: і да мясцовых улад, і ў газету, і ў абласныя інстанцыі. Пенсіянеру прапаноўвалі іншы надзел, але яго гэта не задаволіла. Ён лічыць, што ад яго проста адмахнуліся. Аляксандр Разганаў, не ставячы пад сумненне справядлівасць і кампетэнтнасць сваіх калег, якія займаліся гэтай «зямельнай» справай, паабяцаў разабрацца. Нават калі заяўнік «перагінае палку», трэба да канца зразумець, чым ён кіруецца. У чалавека не павінна заставацца адчування, што яго ігнаруюць. Калі ён не мае рацыі, трэба даць гэта зразумець.
Чым тэрыторыя «дыхае»
— Дэпутаты розных узроўняў павінны быць на сувязі, — упэўнены Аляксандр Разганаў. — Дзякуючы Святлане Сцішанковай, Яўгену Драздову і іншым маім паплечнікам я заўсёды ведаю, чым «дыхае» той жа Магілёўскі раён. З іншымі раёнамі, якія адносяцца да маёй акругі, таксама ёсць цесныя кантакты. Гэтыя сувязі напрацаваны яшчэ ў былыя гады, калі я знаходзіўся на розных кіруючых пасадах. Я ні ад каго не ўтойваю нумар свайго тэлефона. Калі чалавек пазваніў ноччу, значыць, у гэтым была патрэба. Мне сорамна, калі я, сялянскі сын, бацька якога ваяваў на фронце, буду сядзець склаўшы рукі і не рэагаваць на звароты людзей — якімі б недарэчнымі яны не здаваліся на першы погляд. Я шмат разоў пераконваўся: дробязяў у жыцці не бывае. Як і ў тым, што больш за ўсё цэніцца тое, што робіцца для сябе. Памятаю, як з’явілася першая клумба ў аграгарадку Усход. Я звярнуўся да іншых: а чым вы горш? З таго часу жыхары заўсёды саджаюць там кветкі.
— Дэпутату, які працуе другі тэрмін, лягчэй вырашаць пытанні?
— На другі тэрмін заўсёды больш складана ісці, чым на першы. Трэба спачатку прааналізаваць: а што ты карыснага зрабіў для сваіх землякоў? Калі выбраў такі шлях — служыць народу — трэба ісці ім да канца. Тое, што табе давяраюць людзі, дадае адказнасці.
— А на што часцей за ўсё скардзяцца?
— Часцей за ўсё звяртаюцца з праблемамі па водазабеспячэнні, добраўпарадкаванні дарог, з жыллёва-камунальнымі пытаннямі, — пералічвае Аляксандр Разганаў. — Шмат прыходзіцца разглядаць спраў па зямельных участках, падвозе людзей. Вядома, адзін дэпутат такія праблемы вырашыць не можа — у яго няма фінансавых сродкаў. Разам з выканаўчай уладай абмяркоўваем пытанні і шукаем шляхі вырашэння. Сёлета нарэшце «знімаем» праблему па каналізацыі ў вёсцы Махава. А летась забяспечылі вадой і газіфікавалі вёску Сялец. Тое, што я быў кіраўніком раёна, вельмі дапамагае. На прыёме з выбаршчыкамі адчуваю сябе ўпэўнена, адразу разумею, чым і як можна дапамагчы. А вось ад пустых абяцанняў устрымліваюся — інакш ніякага даверу не будзе.
Заўсёды даступны
— Для дэпутата мясцовага ўзроўню вельмі важная падтрымка калег вышэйшага звяна, — лічыць старшыня Радамлянскага сельскага Савета Чавускага раёна Андрэй Рагуеў. — І я вельмі ўдзячны за тыя парады і дапамогу, якія дае Аляксандр Разганаў. Дзякуючы яму шмат карыснага зроблена для насельніцтва. Аднойчы адмянілі пятнічны аўтобусны рэйс Чавусы—Радамля, які карыстаўся папулярнасцю. Але пасля таго, як умяшаўся Разганаў, рэйс вярнулі. З дапамогай Аляксандра Іванавіча ўдалося адрамантаваць некалькі вуліц, якія знаходзіліся ў вельмі дрэнным стане. А за мінулыя 2 гады зрабілі добрую асфальтаваную дарогу ад нашага аграгарадка да Чавусаў. Да гэтага тут была звычайная гравійка — нягледзячы на тое, што ў 2006 годзе вёска атрымала статус аграгарадка. Мне імпануе, што Аляксандр Іванавіч заўсёды застаецца даступным і нос, як некаторыя іншыя, не задзірае. Таму і выбаршчыкі ставяцца да яго з асаблівымі даверам і павагай.
— Сваім аптымізмам ён заражае ўсіх, — дапаўняе калегу старшыня Чэрыкаўскага райсавета Ганна Ціханава. — Да яго людзі ідуць і з асабістымі пытаннямі, і проста павітацца. Ён з усімі добразычлівы і ўважлівы. Калі б усе дэпутаты такімі былі, мы б праблем не ведалі!
Даведка
Аляксандр Разганаў — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь першага, чацвёртага і пятага скліканняў. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрных пытаннях. Выбіраўся дэпутатам Міжпарламенцкай асамблеі Еўразійскай эканамічнай супольнасці, членам Камісіі па аграпрамысловай палітыцы, прыродакарыстанні і экалогіі.
Нэлі Зігуля, “Звязда”
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
12.08.2020 - 16:31
09.08.2020 - 18:36
Ольга Петрашова: к голосованию на выборах Президента нужно подходить с полной ответственностью
09.08.2020 - 14:46
Люди приходят на выборы в хорошем настроении – наблюдатель избирательного участка №3 в Славгороде
09.08.2020 - 14:42
09.08.2020 - 12:45
Многодетная мама из Могилева: сегодня мы выбираем будущее наших детей