Для Мікіты Цяпкова з данецкага горада Харцызск першы ў гэтым навучальным годзе званок прагучаў у магілёўскай школе № 26. У нашу краіну ён разам з бацькамі і старэйшым братам Максімам прыехаў 8 жніўня. Сям’я і так мела намер застацца тут назаўсёды. А цяпер, пасля з’яўлення Указа Прэзідэнта «Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь», дзякуючы якому быў вырашаны цэлы комплекс праблем, гэтае жаданне толькі ўмацавалася.
У родным Харцызску Мікіта скончыў 8 класаў. Не спадзяваўся, што апошні раз бачыцца са сваімі школьнымі сябрамі. Зараз яны спісваюцца па інтэрнэце. З іх вялікага класа, дзе разам вучыліся 28 чалавек, у Харцызску нікога не засталося.
Раман і Ксенія Цяпковы яшчэ да таго, як разам з сынамі селі ў свае «Жыгулі», ведалі, што будуць шукаць шчасце ў Беларусі. Яны - карэнныя жыхары Данецкай вобласці, але на Магілёўшчыне ў іх добрыя сябры, з якімі яны пазнаёміліся ў сябе на радзіме. Калі пачаўся канфлікт у паўднёва-ўсходняй частцы краіны, гасцінныя беларусы запрасілі сям’ю да сябе. І Цяпковы не сталі спакушаць лёс - сабралі дакументы, пагрузілі няхітры скарб у машыну і накіраваліся да расійскай мяжы, каб потым рушыць да Беларусі. Рашэнне назаўсёды перабрацца сюды не было спантанным, запэўнівае Раман.
- Прадпрыемствы прыпыняюць працу, заказаў усё менш, - кажа ён. - У нас, напрыклад, на Макееўскім металургічным заводзе рабілі шахтавыя канвееры. Але шахты сталі, і людзей пачалі разлічваць. Прыпыніў работу трубны завод, дзе працавала жонка. У нас наогул уся вытворчасць на 70% завязана на Расіі.
Апошнія два месяцы ў Харцызску было зусім цяжка,- дадае Ксенія. - Ваду ўключалі толькі раніцай гадзіны на дзве. У газавую трубу трапіў снарад, не было святла. Ад абстрэлаў хаваліся па падвалах. (На ўвесь горад 3 больш-менш добрыя бомбасховішчы.)
Да ад’езду рыхтаваліся загадзя. У школе напісалі заяву і забралі дакументы. Там паклапаціліся, каб на выпадак выезду на кожнага вучня быў гатовы ўвесь неабходны пакет - з характарыстыкамі, медыцынскай карткай, табелем аб паспяховасці і нават даведкамі аб прышчэпках. На прадпрыемствах усім раздалі працоўныя кніжкі. (Былі выпадкі, калі дакументы згаралі пры бамбёжцы. Як у Краматорску).
Першыя два тыдні ў Беларусі сям’я жыла ў знаёмых на лецішчы. Спачатку звярнуліся ў пашпартна-візавую службу, каб легалізавацца, а потым пачалі шукаць працу. Шмат паездзілі па вёсках, аграгарадках, пакуль не вырашылі спыніцца ў Магілёве.
- Я, напрыклад, інжынер-металург, жонка таксама тэхнічны работнік, а на вёсцы ветэрынары патрэбны ды заатэхнікі, - кажа Раман. - Купілі газету «Праца для вас» і сталі метадычна абзвоньваць усіх працадаўцаў. Знайшлі аб’яву, што патрабуюцца работнікі на прадпрыемства «Протас». Патэлефанавалі - і для нас з сынам там знайшлася праца. Нас узялі аператарамі паста кіравання ў новы цэх, які размяшчаецца пад Магілёвам у Салтанаўцы. Дзякуй прадпрыемству - за спецдазвол для нас тут заплацілі па 750 тысяч рублёў. А вось за меддаведкі прыйшлося аддаць амаль 2 мільёны на дваіх. Грошы вялікія, улічваючы, што ўсе нашы сродкі - гэта тое, што мы атрымалі пры разліку.
З кватэрай таксама пашанцавала. Гаспадар, калі даведаўся, адкуль жыльцы, пятую частку з кошту скінуў. Нават перадаплаты не браў, сказаў: маўляў, з першага заробку аддасце. Суседка па пляцоўцы таксама вельмі добрая. Яна, былая настаўніца матэматыкі, запрашала, калі спатрэбіцца дапамога, звяртацца.
Чырвоны Крыж на кожнага чалавека выдзеліў па 200 тысяч рублёў на прадукты. І вельмі падтрымалі сям’ю валанцёры.
- Нам проста шанцуе на добрых людзей, - кажа Раман. - У нас быў вельмі прыгнечаны настрой. Вось так здымацца з нажытага месца не проста. Там засталіся кватэра, мэбля. За імі даглядае пляменніца. З сабой бралі толькі самае неабходнае: дакументы, цёплыя рэчы. А валанцёры нас падбадзёрылі - далі маленькі каляровы тэлевізар, тазік для мыцця, іншыя патрэбныя рэчы, дапамаглі з адзеннем. Нават падказалі тэлефоны суайчыннікаў з Данецка. Дзевяцікласнік Мікіта, нягледзячы на зусім не дзіцячыя выпрабаванні, поўны аптымізму.
-Пакуль усё падабаецца, - прызнаецца ён. - Спадзяюся, што найду тут надзейных таварышаў.
Мікіта захапляецца спортам, займаўся баскетболам, варкаўтам, у басейн хадзіў. Мяркуе, што і тут у яго знойдуцца сябры па інтарэсах. Бацькі лічаць, што са школай ім вельмі пашанцавала. Ад дому, дзе яны здымаюць кватэру, да яе рукой падаць. Засталіся добрыя ўражанні і ад бяседы з кіраўніцтвам школы.
- Дырэктар сказаў Мікіту: маўляў, калі будуць нейкія праблемы, падыходзь - дапаможам, - усміхаецца маці. - Папярэдзіў, што на ўрокі трэба хадзіць у «класіцы». Ва Украіне, дарэчы, гэта таксама было. Толькі па суботах дазвалялі прыходзіць у джынсах, таму што дзень выхадны, а з урокаў былі толькі працоўнае навучанне ды літаратура.
На ўроках беларускай літаратуры і мовы Мікіта таксама будзе прысутнічаць: трэба ж прывыкаць да мовы. Завуч паглядзела характарыстыкі новага вучня і спытала, ці праўда, што ён такі добры хлопчык. Водгукі, пачынаючы з першага класа, самыя станоўчыя.
Тое, што прыйдзецца прывыкаць да новай праграмы, падлетка і яго бацькоў не палохае. Настаўнікі таксама падбадзёрылі: справіцца. У першы дзень Мікіта разам з іншымі вучнямі атрымаў падручнікі. Крыху здзівіла, што яны амаль удвая меншыя за ўкраінскія. Не зусім звыкла і тое, што класы па колькасці вучняў невялікія. У 9 «Б», напрыклад, куды прынялі Мікіту, іх усяго 16. (Ва Украіне звычайна колькасць вучняў у класе дасягае амаль 30 чалавек.) Прыйдзецца таксама прывыкаць да таго, што навучанне вядзецца не па 12-бальнай сістэме, а па 10-бальнай. Але гэта дробязі, лічаць перасяленцы.
У старэйшага брата Мікіты - Максіма - свае планы. На радзіме, перад тым як пайсці ў армію, ён вучыўся завочна ў політэхнічным тэхнікуме. Збіраецца прадоўжыць вучобу ў Магілёве. Кажа, што сёлета, напэўна, ужо спазніўся, а вось у наступным годзе абавязкова будзе паступаць.
Нэлі Зігуля,“Звязда”
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
12.08.2020 - 16:31
09.08.2020 - 18:36
Ольга Петрашова: к голосованию на выборах Президента нужно подходить с полной ответственностью
09.08.2020 - 14:46
Люди приходят на выборы в хорошем настроении – наблюдатель избирательного участка №3 в Славгороде
09.08.2020 - 14:42
09.08.2020 - 12:45
Многодетная мама из Могилева: сегодня мы выбираем будущее наших детей