92-гадовы Мікола Дундзін і сёння не расстаецца з акардэонам. Можа, у гэтым і заключаецца сакрэт даўгалецця?
Беларусы і памяркоўныя, і талерантныя, і рахманыя, і лагодныя, хоць ты іх, як трыпутнік, да раны прыкладвай… Але не ўсе. Ніводнаму разумніку не дадзена абагуліць людскую разнастайнасць, падраўняць пад адзін грабеньчык індывідуальнасці. І дзякаваць Богу.
Я пішу гэта, згадваючы Міколу Ермалаевіча Дундзіна, ураджэнца вёскі Чырвоны Бор Чавускага раёна. Пазнаёміўся я з ім, дзякуючы яго сыну Міколу, віцебскаму мастаку, якога ведаю з маладых гадоў. На прэзентацыі сваёй выставы жывапісу у інтэрв’ю тэлебачанню Мікола-малодшы сказаў: «Устану ранічкай, чую, бацька на сваім акардэоне пачынае іграць - значыць, усё нармальна ў жыцці…» Яшчэ б! Бацьку ж 92 гадочкі.
Вось я і ўхапіўся за гэтую «нітачку» ды папрасіў наладзіць мне сустрэчу з непадуладным гадам акардэаністам.
Сустрэліся мы ў прыватнай мастацкай галерэі Міколы-малодшага, селі ў адным з пакойчыкаў выпіць чаю ды пагутарыць. Як гэта заўсёды бывае пры знаёмстве, пазіраем з дзедам адзін на аднаго, цікуем, прымерваемся… А вочкі ў майго суразмоўцы жывыя, ясныя, хітраватыя - лёгка выдаюць жыццялюба і, як мне падалося, даволі шчаслівага чалавека. Хоць гора за доўгі век ён спазнаў спаўна.
…Ахвочы да вучобы, а можа, і апантаны жаданнем пазбавіцца гарапашнай сялянскай долі, у юнацтве Мікола Дундзін падаўся на станцыю Будагошч пад Ленінград авалодваць прафесіяй чыгуначніка. І прытым са згоды прыхільнага старшыні калгаса, які нават на сваім кані падвёз яго да цягніка.
Але павучыцца там Міколу давялося нядоўга. Цёплай чэрвеньскай раніцай 1941 года пастроілі юнакоў, і майстар навучання прыкметна дрыготкім голасам сказаў:
- Бяда, дзеткі, вайна з немцамі пачалася. У войска вы яшчэ не годныя, дабірайцеся дамоў, хто як можа…
Разгубленасць, слёзы, прыцішаная агаломшанасцю гамана - ужо не ў шэрагах, а ў купках устрывожаных юнакоў…
Многія, у тым ліку і Мікола Дундзін, усё ж схадзілі ў мясцовы ваенкамат, але іх, зялёных, накіравалі, вядома, не на фронт, а на будаўніцтва ваеннай дарогі ўздоўж узбярэжжа Ладагі. Вось адтуль ужо з цягам часу Мікола Дундзін разам з адным таварышам і выправіўся на радзіму. А ведама ж, як у вайну цягнікі ходзяць - не па раскладзе, не з усімі прыпынкамі… А тут яшчэ сон змарыў хлопцаў, дык і прамінулі яны сваю Магілёўшчыну, апынуліся на Браншчыне. Кішэні пустыя, ані скібачкі хлеба… Пачалося бадзяжніцтва. У адной вёсцы хлопцы пачулі, што ў тутэйшых лясах затаіліся партызаны. Знайшлі тады вольных калгасных коней, ускараскаліся - і на пошукі. Уехалі ў лес - і давай гукаць штосілачкі: «Пар-ты-за-ны!!!» Горкія дзеці, што ты зробіш.
Аднойчы, праўда, паказаўся далекавата вершнік са стрэльбай, але на іх воклічы развярнуў каня - ды назад. Дурні, падумаў, напэўна, ці правакатары.
Скончылася гэтае бадзяжніцтва тым, што аднойчы на дарозе Міколу схапілі фашысты. Вось яны і прывезлі яго ў Беларусь, пасадзілі за калючы дрот у канцэнтрацыйны лагер у Бабруйску, а потым звезлі ў рабства, на лесапілку ў горад Штадтрода. Нагараваўся хлопец. Голад давёў да таго, што пацука на кастры запякаў - абы што з’есці. Высах, як хвошч, - косці ды скура. Страшна сказаць і цяжка паверыць - 14 кілаграмаў важыў…
Як мог туліўся, хаваўся Мікола ад работы - толькі б выжыць. І дачакаўся вызвалення.
Амерыканцы той гарадок занялі. Выдалі Міколу няхітры дакуменцік накшталт пашпарта - і падаўся ён да сваіх.
А ў сваіх усё пайшло па заведзеным парадку: прапусцілі праз фільтрацыйны лагер - ці не фашысцкі памагаты? Адмылі, адкармілі і забралі ў войска. (Якраз так было і з маім родным дзядзькам Цімохам. Вось і скажы, што пустыя словы - «біяграфія пакалення»).
Мікола Дундзін трапіў служыць у 528-ю (уелася ў памяць лічба!) асобую каменданцкую роту, што вылоўлівала фашыстаў, якія не склалі зброю. Кулі ж сцішваюцца не пасля падпісання капітуляцыі, а пакуль не скончыцца іх лёт…
Праўда, нядоўга паслужыў Мікола: далася ў знакі няволя, з перабоямі загрукала сэрца… Трохі падлячылі яго ў шпіталі, камісавалі з войска ды адправілі дамоў. У Чырвоным Бары хлопца адразу паставілі… старшынёй калгаса. А каго ж, калі столькі мужчын з вайны не вярнулася, а ён больш вучоны сярод іншых, былы вайсковец, талковы…
І ўзяўся Мікола за гуж. Вясной, як заведзена, сеяў жыта, ячмень, пшаніцу і, як ніколі раней, - кок-сагыз. І прытым пад дзяржаўным наглядам. Для тых, хто ніколі не чуў пра гэтую экзатычную расліну, даю энцыклапедычную даведку:
«Кок-сагыз, шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных (вышыня 10-30 см). Арэал натуральнага распаўсюджвання кок-сагызу абмежаваны ўнутранымі міжгорнымі далінамі ўсходняга Цянь-Шаня. Як каўчуканос адкрыты ў СССР у 1931 годзе».
Разбуранай вайной краіне патрэбна была гума - на шыны ды абутак для людзей.
Той вясной, як ні стараліся вяскоўцы, кок-сагыз закволіўся, узышоў толькі рэдкімі плямамі. Гэта ж вам не Цянь-Шань, гэта ж Беларусь, Магілёўшчына… Малады старшыня заараў палетак і засеяў яго канюшынай, каб было чым карміць цялятак. Ён добра бачыў гаспадарчую перспектыву і лічыў яе галоўнай, а вось дзяржаўны палітычны далягляд адкрываўся яму куды слабей.
Назаўтра добрыя людзі шапнулі Міколу на вуха: за табой неўзабаве прыедуць з органаў, а можа, і сёння ўвечары… Уцякай куды вочы глядзяць… Дык старшыня толькі пераабуўся ды развітаўся з жонкай і сынам.
Затаіўся ён на Дняпроўска-Бугскім канале, балазе рабочыя людзі былі там вельмі патрэбныя: настолькі, што ў дакументы асабліва не ўзіраліся. Але Мікола тут папрацаваў нядоўга - падаўся ў Эстонію, на сланцавую шахту ў Кохтла-Ярве. У работніках там патрэбу мелі яшчэ большую, таму і глядзелі скрозь пальцы, што за чалавек да іх просіцца на працу. Маўляў, потым разбяромся, галоўнае - як навабранец сябе пакажа.
І шахцёр Мікола Дундзін, калі напрактыкаваўся, спаўна паказаў сваю беларускую працавітасць. За змену выдаваў па тры нормы! На прахадной шахты рахункавод на вялізнай дошцы крэйдай штодня пісаў, колькі кожны шахцёр выпрацаваў за змену. У людзей быў сверб спаборніцтва, якое праводзілі тады зусім не фармальна. Радок з прозвішчам Дундзіна, падводзячы рысу, падкрэслівалі сваімі мурзатымі пальцамі, бадай, усе шахцёры. Прыйшоў час - і пачаў падкрэсліваць перадавік з перадавікоў эстонец Сэнтэр…
Пасля смерці Сталіна, у другой палове 1950-х гадоў, атмасфера ў грамадстве пакрысе пачала цяплець, грозныя хмары ўладарства - спаўзаць на край небасхілу. І тады Мікола Дундзін асмельваецца выклікаць з Магілёўшчыны жонку Вольгу з сынам Міколкам. Колькі разоў ужо аралася-пераворвалася тое, у свой час адведзенае пад кок-сагыз, поле. Колькі разоў…
У Кохтла-Ярве Дундзіны зажылі заможна. Яшчэ б! Галава сям’і, можна сказаць, заграбаў грошы лапатай. У дзень атрымання заробку жонка з перасцярогі адпраўляла ў кантору шахты маленькага, але не па гадах адказнага Міколку, каб хутчэй нёс дадому бацькаву палучку. Хлопчыку звычайна даводзілася бегаць за імі разы два. Бацька расшпільваў сынаву кашульку, клаў яму запазуху колькі пачак грошай ды выпраўляў дамоў з наказам нідзе не спыняцца, ні з кім па дарозе не размаўляць, не кідацца ў гулі. Грошы той парой, можна сказаць, былі няспорныя - пук вялікі, а пакупніцкая сіла так сабе… Вось і атрымлівалі іх такія рупліўцы, як Дундзін, «бярэмцамі».
Пасля палучкі Мікола Дундзін любіў з таварышамі атабарыцца ў якой сталоўцы ці кавярні і пад вясёлую чарку пагаманіць аб жыцці-быцці. Нагода ж добрая, а ў кішэнях шаргацяць паперкі - не да рубельчыка ж аддавалі жонкам шахцёры свой заробак. Але гулянак на шырокую нагу, каб сталы ламіліся, яны не наладжвалі - заўтра зноў у забой: адбойны малаток у руках, а не самапіска…
Тым не менш гамана на вірлівай шахцёрскай сябрыне стаяла не раўнуючы як тытунёвы дым пад столлю. І, як успышкі запалак, то ў адным кутку, то ў другім успыхвалі спрэчкі. А найчасцей у тым, дзе сядзеў Мікола Дундзін. От жа яршысты быў, нават у дробязях не саступаў таварышам. Перадавы ў працы ды ганарысты і цвёрды ў словах.
Асабліва не заладзілася ў Ермалаевіча з эстонцамі, таксама ганарыстымі і ўпарта-цвёрдымі, да таго ж людзьмі тутэйшымі, а не прыезджымі. Іншым разам, калі заканчваліся аргументы, дык і счубліваліся шахцёры, нібы малыя хлопчыкі. Дык ці памяркоўны, ці рахманы беларус Мікола Дундзін?
Устрывожаная канфліктамі Міколы, асабліва з эстонцамі, жонка аднойчы рашуча закамандавала: «Збіраем клункі і едзем дамоў! Пра той кок-сагыз ужо ўсе забыліся. Не патрэбен нам гэты доўгі рубель, спакойнае жыццё даражэй…» І Мікола пагадзіўся. Супраць быў толькі дырэктар шахты Луст. О, як ён угаворваў застацца перадавога шахцёра! Але ж, самі разумееце, куды яго слову супраць жончынага…
Дундзіны аселі ў Чавусах. Купілі ладны дамок, балазе грошы меліся, ды пачалі абладжваць яго на свой густ і розум. Мікола Ермалаевіч пайшоў працаваць у будаўнічую брыгаду. Жыццё пацякло па, здавалася, даўнім рэчышчы. Тады і адбыўся адзін выпадак , пра які дарэчы згадаць. У 1960-я гады пайшла мода на будынкі з вялізнымі вокнамі, нават не вокнамі, а цэлымі празрыстымі сценамі. Таўшчэзнае, цяжкое, неверагодна вялікіх памераў шкло прывозілі на будоўлю ў надзейна запакаваных пакетах. А трэба ж было кожную «супершыбіну» раскроіць, падагнаць пад неабходны памер. Ды як яе падняць, калі, каб толькі адарваць ад зямлі, патрэбна чалавек шэсць, а ўсім жа адразу не падступіцца. Адны нязручнасці…
І тады вось што надумаў Дундзін. Выбраў бездакорна заасфальтаваную пляцоўку, папрасіў перавезці туды пакет шкла ды прысланіць да адмыслова зробленага апірышча. Потым двума кручкамі на вяровачках па краях падчапілі першы ліст і з напарнікам цягнулі яго на сябе, хуценька адбеглі ўбок… «А-а-яй…» - было агульнай рэакцыяй прысутных. Але шкло не разбілася, а толькі пляснула па зямлі, не раўнуючы як матчына далонька па мяккім месцы неслухмянага гадаванца. Рабі цяпер з ім, што хочаш, з гэтым шклом, крой, як заўгодна…
Рызыкаваў Мікола - але ж з разлікам ды прадбачлівасцю. Даўмеў, што пры падзенні шкла супраціўленне паветра стане своеасаблівай пухнатай падушкай, «падасланай» пад ліст самой фізікай.
…Мы дапілі астылы чай, і Дундзіны заспяшаліся: акурат у гэты дзень сын сабраўся адвезці бацьку ў той самы, куплены пасля вяртання з Кохтла-Ярве дамок у Чавусах. Дарога не блізкая, але хіба мог я адпусціць іх, не паслухаўшы акардэонных перабораў няўрымслівага дзеда!
Дык і паслухаў, а паслухаўшы - не паверыў, што так па-маладому зухавата можа іграць чалавек, за плячыма якога ўжо дзевяць дзясяткаў гадоў…
Дарэчы, акардэон, які заўсёды пры Міколу Ермалаевічу, любімаму дзеду прывезла з Масквы ўнучка Наталля. І не абы-які, а добрай вытворчасці, нямецкі, - ён трошкі нагадвае той, трафейны, на якім вучыўся іграць. Кола замкнулася, старасць «парукалася» з маладосцю.
І тады я спытаў у Міколы Ермалаевіча:
- А калі вам самому хочацца іграць? Калі вы перабіраеце клавішы не па просьбе, як цяпер, а са сваёй корці, дома?
- Як толькі адчую, што музыка з’явілася ў грудзях, дык і бяру ў рукі акардэон, - адказаў мне ўсмешлівы дзед.
Няхай гэтая песня ніколі не змаўкае ў нашай старонцы.
>
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
19.08.2020 - 10:24
Летопись первой глусской школы в проекте «Как здесь учились и учили»
13.08.2020 - 14:57
29.07.2020 - 12:12