Пра ветэранаў вайны з нашага мястэчка ў свой час нямала пісалася ў раённай газеце. Гэтыя людзі пры жыцці самі расказвалі пра сябе, удзельнічалі ў майскім свяце Перамогі — выступалі з трыбуны, каля помніка на брацкай магіле. Падумала, што пра аднаго з іх — Івана Антонавіча Новікава — нідзе не пісалася. Здаецца, не бачыла яго і на ўрачыстасцях. Ён спакойна ставіўся да іх, не імкнуўся «засвечвацца» на святах, «рапартаваць» натоўпу пра подзвігі. Не атрымлівалася. Пабываўшы ў пекле пад Сталінградам, ён не знаходзіў патрэбных слоў, каб пра гэта расказаць.
Воддаль ад урачыстасці
У Дзень Перамогі ён выходзіў з дому (на Лясным завулку), спыняўся між універмагам і скверам на тратуары. Глядзеў, слухаў. Проста стаяў воддаль ад урачыстай мітусні. А вось узнагароды?.. Не памятаю, ці былі на ім. Напэўна, так! Ёсць здымачак, дзе Іван Антонавіч з малым унукам, дык медалі на грудзях у Ромы. А дзед трымае ў руцэ куфель.
Баявыя ўзнагароды Івана Антонавіча — гэта медалі «За адвагу», «За абарону Сталінграда», «За Перамогу над фашысцкай Германіяй» і ордэн Чырвонай Зоркі. У чырвонаармейскую кніжку ўпісаны падзякі: за разгром гітлераўскай арміі на подступах да Сталінграда, за выдатныя баявыя дзеянні і ліквідацыю ворага пад Сталінградам, за фарсіраванне ракі Паўночны Данец, вызваленне Харкава, Бярдзічава, Чарнаўцоў, за разгром фашыстаў у перадгор’ях Карпат, за выхад на паўднёва-заходнюю дзяржаўную мяжу з Румыніяй і авалоданне горадам Сірэт, за пераадоленне Карпат, за авалоданне на тэрыторыі Чэхаславакіі Ужгарадам і наступнымі чатырма гарадамі. Апошні — Левача. Ваяваў на франтах: Данскім, Сталінградскім, Сцяпным, 1-м і 4-м Украінскіх.
Іван Антонавіч прызываўся на вайну Даманавіцкім райваенкаматам Палескай вобласці 6 ліпеня 1941 года. Паўтара года быў справаводам 282-га ўпраўлення ваенна-стралковых работ. А ўжо ў снежні 1942-га — камандзірам кулямётнага аддзялення 7-га стралковага палка 24-й стралковай дывізіі. І ажно да канца вайны.
А нарадзіўся ў вёсцы Любеж Горацкага раёна Магілёўскай вобласці, у Ефрасінні і Антона. Бацька быў, кажуць, дыяканам. Іван вучыўся геадэзіі на факультэце землеўпарадкавання Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. У час вайны ён спатрэбіўся як пісар.
Шкада, што мы, маладыя на той час, калі жылі бацькі, не былі дапытлівымі. Не ўнікалі ў гісторыю ваеннага шляху, у тым ліку Антонавіча. Больш ведаў пра яго сын Сяргей. Але няма ўжо Сяргея. Людміла (дачка) згадвае: «Бацька не любіў расказваць пра вайну. Лісты з фронту пісаў цётцы Вользе (сястры). Жанаты не быў, узрост — 37 гадоў. Бацька быў моцна ўражаны тым, што бачыў пад Сталінградам. Ён казаў, што сам не атрымаў сур’ёзных раненняў. Іх называў драпінамі. У плячо, напрыклад. Яго выратаваў пад канец вайны ордэн Чырвонай Зоркі. Куля цюкнула ў зорачку».
Разважаючы, мы з Людмілай прыходзім да высновы, што сталы ўзрост даваў яму падставу назіраць, здагадвацца, думаць ужо тады, на фронце, аналізаваць стан ваеннай падрыхтоўкі, усіх дзеянняў, іх імклівасці, вялікіх армейскіх страт. І прыходзіла бездапаможнае разуменне гэтай трагічнай з’явы, дзе загады мелі маланкавы характар. Была разгубленасць у франтавых дзеяннях. Таму трымалі абарону масай жывой сілы. Не перадаць словамі ўражанне, той жах ад знішчэння жыццяў пад Сталінградам. Гэта помніў франтавік.
— Прывезлі нам кашу на поле бою, — расказваў Іван Антонавіч, — а сесці няма дзе. Як ні сядзь, разумееш, што сядзіш не на палене, а на ўмёрзлым целе. Жах!..
Пасля вайны ветэран выпісваў кнігі па гісторыі Вялікай Айчыннай. Чытаў і ўсё стараўся разабрацца, чаму так часам бяздарна, з такімі стратамі рухаліся да Перамогі. А адказаў так і не знаходзіў…

Цярністы шлях
Перада мной — лісты Івана Антонавіча пары 1944 года, калі ўжо наступіў пералом у вайне. У першым (25 студзеня) ён растрывожаны пытаннем: «Прыкідваю, канкрэтна не ведаю, ці вызвалены Буда-Кашалёў… Мне хочацца ведаць, жывыя вы, ці ўжо вас няма». І далей піша, што ў падрабязнасці не будзе ўдавацца, бо не ведае, ці дойдзе пісьмо.
Развага лагічная і спакойная. Але ёсць такі сказ: «Шлях, які я прайшоў — гэта цярністы шлях. Адно скажу — быў у Сталінградзе. Прайшоў з баямі ад Паўночнага Данца да Дняпра, пабываў…» (тут, мабыць, цэнзар закрэсліў назвы нейкіх гарадоў).
Надзея
Лісты ў маіх руках напісаны алоўкам. Але наступны, за 20 сакавіка 1944 года, ліст напісаны чарнілам. Тут ужо радасць ад звестак з дому, натхненне ад пералому ў вайне: «Я лічыў вас усіх пахаванымі, як, відаць, і вы мяне. Але на зло нашым лютым ворагам мы ўсе жывыя. Што тычыцца здароўя, то яно ва ўсіх рознае».
Адрасант не губляе надзеі на радасную сустрэчу і далейшае жыццё. Супакойвае сястру, каб не хвалявалася за тыя матэрыяльныя каштоўнасці, якія страціла, бо «галоўная каштоўнасць — дзеці, Вася (муж), мама і я». І далей: «Ты напісала, што была пад расстрэлам, нават стала сівой… Я гэтаму не здзіўляюся. Я бачыў на свае вочы дзікія зверствы, у мяне загаралася сэрца злосцю помсты. А за цябе я буду помсціць удвая, утрая, у шмат разоў… У байцоў адно жаданне — хутчэй уперад, на захад, да Берліна, а там ужо пакажам ім «кузькіну маць», урэжам усе апетыты захопліваць чужыя землі і здзекавацца з безабаронных жанчын і дзяцей».
Скрозь полымя і дым — сонца…
29 красавіка 1944 года Іван Новікаў віншуе з Першамаем. Згадвае 1942—1943 гг: «Гэтае свята мы сустрэлі ў полымі, дыме, дзе не было прасвету. У 44-м усё-такі свеціць сонца, прапускае промні надзеі. Ворага разаб’ём, хоць ён вельмі моцна супраціўляецца. Я ўжо пабываў у многіх гарадах паўночнай Букавіны, дзе асабліва спадабаўся горад Чарнаўцы. Гарады заходняй Украіны вельмі добрыя. Спадзяюся хутка быць у Станіславе».

Вось такія лісты да сястры Вольгі, муж якой таксама быў на фронце. Ад іх вее суцяшальнай надзеяй на Перамогу. Між радкоў застаецца вайна, а ў радках — знешні спакой. Пералічваюцца гарады, дзе «пабываў», нібы на экскурсіі. Толькі ў першым, Сталінградзе, згадваецца цярністы шлях.
«Пабываў… у баявых дзеяннях у складзе 24-й стралковай Бярдзічаўскай, Самара-Ульянаўскай, двойчы Чырванасцяжнай ордэна Суворава і Багдана Хмяльніцкага жалезнай дывізіі па разгрому нямецкіх войскаў на франтах Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза». А гэта значыць, што выратаваў і ўкраінскія гарады ад нямецкага палону. Яшчэ не ведаў, што жонка будзе з Украіны, родам з Днепрапятроўска. Маладзейшая на 17 гадоў, выйдзе за яго замуж у Буда-Кашалёве, бо свайго каханага лётчыка Валодзю не дачакаецца з вайны. Наталля па размеркаванні прыедзе працаваць выкладчыцай у лясны тэхнікум. Якраз там колішні франтавік будзе выкладаць геадэзію.
Толькі ў 1961 годзе Іван Новікаў прыедзе з сям’ёй у мястэчка Падсвілле Глыбоцкага раёна. Сюды накіруюць жонку Наталлю ў якасці навуковага супрацоўніка Дзвінскай лесадоследнай станцыі.
…Далёка засталася Вялікая Айчынная вайна. А словы з пісьма салдата Івана: «Свае людзі ніколі не пакрыўдзяць» — застаюцца актуальнымі і сёння.
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
19.08.2020 - 10:24
Летопись первой глусской школы в проекте «Как здесь учились и учили»
13.08.2020 - 14:57
29.07.2020 - 12:12