У Магілёве кожны месяц да 5 дзяцей атручваюцца лекамі.
Раней, калі ў мяне пачыналіся прастуда ці грып, на свой страх і рызыку піла розныя растваральныя парашкі, пакуль аднойчы не прачытала, што яны змяшчаюць не вельмі небяспечныя для печані і нырак дозы парацэтамолу… Але ці часта мы ўнікаем у тыя супрацьпаказанні, якія пазначаны не самымі вялікімі літарамі? Галоўнае - «задушыць» прастуду на корані. І не толькі прастуду. Памятаю, як аднойчы літаральна з рабочага кабінета «хуткая» забрала супрацоўніка з ацёкам Квінке - так яго арганізм адрэагаваў на таблетку тэмпалгіну, прынятую ад галаўнога болю. Аб чым, дарэчы, папярэджвалася ў супрацьпаказаннях. Апошнія змяненні ў правілах водпуску лекаў, якія прадугледжаны 66-й пастановай Міністэрства аховы здароўя, якраз і накіраваны на тое, каб людзі не эксперыментавалі на сабе і не займаліся самалячэннем. Вядома, што нашкодзіць сабе можна нават зёлкамі, калі ўжываць іх, не ведаючы пра некаторыя ўласцівасці. Што ўжо казаць пра таблеткі!
Вось і на гэты раз пры першых сімптомах каварнай «інфлюэнцы» адразу ж пачала прымаць меры. Дастала з хатняй аптэчкі рэмантадзін, а праз дзень, калі ён не дапамог, перайшла на «АнГрыМакс». Пры гэтым рабіла інгаляцыі і актыўна паласкала горла растворам з содай. Пакуль не зразумела, што ісці ў паліклініку ўсё роўна давядзецца. За соду мне якраз і дасталося ад урача. Аказалася, яна горла падсушвае, і лячыць запаленне содай - гэта ўсё роўна, што сыпаць соль на рану.
На мае спачуванні наконт новаўвядзенняў па водпуску лекаў (цяпер усе рэцэпты, прад’яўленыя пакупніком, застаюцца ў аптэцы) і дадатковай працы для ўрачоў, тэрапеўт толькі цяжка ўздыхнула. А пры нагадванні пра электронныя рэцэпты нават абурылася: «І дзе ж вы тут у мяне бачыце камп’ютар? У нас у горадзе нават электронныя талончыкі толькі ў Цэнтральнай паліклініцы існуюць».
Калі купляла ў аптэцы выпісаныя мне лекі, адзначыла, што рэцэпт на таблеткі ад кашлю «Лібексін» у мяне не забралі. Адказалі, што гэта не «той прэпарат, які ўяўляе для іх інтарэс». Вось калі б там значыліся «Ібуклін» ці «Ібузам» - іншая справа. Гэтыя прэпараты валодаюць высокай таксічнасцю і таму трапілі ў спіс «абмежаваных».
Галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Ігар Каско ўпэўнены, што змяненні пойдуць толькі на карысць спажыўцам.
- Трэба памятаць, што цалкам бяспечных медыцынскіх сродкаў наогул у прыродзе не існуе, - кажа ён. - Гэта ўсё хімічныя прэпараты, у кожнага з якіх шмат супрацьпаказанняў. Бескантрольная закупка лекаў ільготнікамі - а гэта часцей за ўсё нашы дзядулі і бабулі - прыводзіць да таго, што ў кватэрах утвараюцца аптэчныя міні-склады. Людзі робяць запас на «чорны дзень» і ў большасці выпадкаў не паспяваюць выкарыстоўваць гэтыя лекі да заканчэння тэрміну прыдатнасці. Гэта перавод грошай і, што яшчэ больш небяспечна, пагроза для здароўя тых жа ўнукаў.
Дарэчы, па словах загадчыка рэанімацыйнага аддзялення гэтай установы Андрэя Панова, на працягу месяца ў аддзяленне трапляе ў сярэднім па 4-5 дзяцей, якія «пакаштавалі» бабуліны таблеткі. Іх прывозяць у крайне цяжкім стане - з нізкім ціскам, з прыкметамі брадыкардыі, а часам і без прытомнасці.
- Нават парацэтамол пры перадазіроўцы можа прывесці да вострай пячоначнай недастатковасці, калі адзінае выйсце - гэта перасадка печані, - падкрэслівае намеснік галоўнага ўрача абласной дзіцячай бальніцы Алена Шулейка. - Атруціцца можна нават «Нафтызінам», калі злоўжываць гэтымі кроплямі.
Алена Шулейка прыводзіць прыклады, калі ў бальніцу трапляюць дзеці, якія з-за недагляду дарослых праглынаюць нават падобныя на таблеткі батарэйкі і атрымліваюць пры гэтым унутраныя апёкі. Іншыя спрабуюць на смак таксама падобны па знешнім выглядзе на лекі пральны парашок у капсулах. І - зусім свежы прыклад. У тры гадзіны ночы ў бальніцу прывезлі малога, які з’ёў таблетку «ад молі». Бабуля не знайшла нічога іншага, як даць дзіцяці пагуляць з бліскучай паперкай. Вядома, што на такіх безадказных бабуль наўрад ці падзейнічаюць змяненні правілаў водпуску медпрэпаратаў. Але ж хапае і такіх выпадкаў, калі дзеці самастойна ласуюцца «салодзенькім» клафелінам…
- Зразумела, што тэхнічнай працы медыкам прыбавілася, і гэта не ўсім даспадобы, - разважае Ігар Каско. - Але ці добра, калі хвораму выпісвалі таблеткі на год, а ён карыстаўся рэцэптам 2 гады? Маўляў, я сам разбяруся - навошта мне ўрач? А між тым, гэта неапраўданая рызыка. Людзі хвалююцца, што ад змяненняў пацерпяць хранічныя хворыя. Але ж без лекаў яны ні ў якім разе не застануцца. Закон прадугледжвае такія сітуацыі - пацыенту выпісваецца адразу некалькі рэцэптаў на паўгода. Потым зноў трэба паказацца ўрачу. І гэта менавіта ў інтарэсах хворага, калі ён не хоча ўскладненняў.
Антыбіётыкі - наогул дрэннае «выйсце», калі хворы сам сабе іх прызначае. Вядома ж, гэта ўдар па імуннай сістэме. Амаль на ўсе гэтыя прэпараты, акрамя хіба што амоксіцыліну і ампіцыліну, зараз патрэбны рэцэпты. Хочаш не хочаш, а прыйдзецца ісці да ўрача.
Той факт, што няправільнае ўжыванне таблетак можа нанесці вельмі значную шкоду арганізму, пацвярджае і галоўурач Магілёўскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера Віктар Вараб’ёў.
- У апошні час узнікае даволі сур’ёзная праблема - устойлівасць да антыбіётыкаў, - кажа ён. - І прычына гэтага менавіта ў самалячэнні. Калі чалавек самастойна ўжываў, напрыклад, такі моцны антыбіётык, як рыфампіцын, у яго можа развіцца форма туберкулёзу, трывалая ў дачыненні да гэтага сродку. А выпадкаў, калі чалавек прастудзіўся, пачаў лячыцца самастойна, а потым трапіў да нас з запаленнем лёгкіх, колькі заўгодна. Я лічу, што не на карысць медыцынскай справе і рэклама лекавых прэпаратаў у СМІ. Той жа гропрынасін, які прапануецца як сродак ад прастуды, небяспечна прымаць, не ведаючы свой імунны статус. Але купіць яго можна без рэцэпту…
Лекавых сродкаў, якія адпускаюцца для лячэння рэспіраторных, інфекцыйных захворванняў і грыпу без рэцэпта ўрача, сапраўды хапае. Сярод іх - супрацьвірусныя арпетол ці арбідол, рэмантадзін, інтэрферон, аксалінавая мазь, той жа «АнГрыМакс». Няма абмежаванняў па набыцці такіх гарачкапаніжальных і супрацьзапаленчых сродкаў, як ібупрафен, парацэтамол ці немісулід. Не ўзнікне праблем з набыццём сродкаў для падтрымкі імунітэту - накшталт эхінгіну ці цыклаферону.
- Без рэцэптаў урача сёння адпускаецца каля 60% ад усіх лекаў, - удакладняе намеснік генеральнага дарэктара магілёўскага прадпрыемства «Фармацыя» Алена Раманенка. - Пад кантроль узяты менавіта тыя прэпараты, якія ў мэтах бяспекі прымаюцца пад наглядам урача. А таксама тыя, якія пры некантраляваным прыёме могуць выклікаць пабочныя эфекты. І гэта, лічу, зроблена правільна.
- Гэта ўсё сінтэтычныя рэчывы, якія вельмі моцна ўздзейнічаюць на адчувальную мікрафлору чалавека, - дадае Ігар Каско. - Бескантрольнае іх ужыванне можа кардынальна змяніць яе і зрабіць некаторыя мікраарганізмы ўстойлівымі да прэпарата. Калі ўлічыць тое, што чалавек - істота сацыяльная, якая пастаянна «абменьваецца» мікраарганізмамі з іншымі людзьмі, вынікі могуць быць зусім несуцяшальнымі не толькі для кагосьці асабіста. І патрэбнага эфекту ад лекавага сродку не будзе.
Дарэчы, пра тое, якія лекі зараз прадаюцца па рэцэптах, а якія - без, жыхары Магілёва і Бабруйска могуць даведацца па тэлефонным нумары 169.
Нэлі Зігуля,“Звязда”
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
12.08.2020 - 16:31
09.08.2020 - 18:36
Ольга Петрашова: к голосованию на выборах Президента нужно подходить с полной ответственностью
09.08.2020 - 14:46
Люди приходят на выборы в хорошем настроении – наблюдатель избирательного участка №3 в Славгороде
09.08.2020 - 14:42
09.08.2020 - 12:45
Многодетная мама из Могилева: сегодня мы выбираем будущее наших детей