У Магілёве дэпутаты стварылі ўнікальную кнігу пра сваю амаль стагадовую дзейнасць.
Калі народныя абраннікі бяруцца за справу, то імкнуцца рабіць яе годна. Амаль на 300 старонках дабротнага выдання — не нейкія там галаслоўныя звесткі, а выключна падмацаваныя дакументамі факты. Для таго, каб усе іх «пералапаціць», магілёўскаму гісторыку Міхаілу Рыськову спатрэбілася каля двух гадоў.
Цікавыя звесткі, рэдкія здымкі
Разам з аўтарам і адным з ініцыятараў напісання гэтага летапісу, галоўным спецыялістам Магілёўскага гарсавета дэпутатаў Васілём Міхневічам, размаўляем пра тое, як стваралася кніга. Ідэя гэта даўно лунала ў паветры, а ажыццявіць яе ўзяліся былы старшыня гарсавета Фёдар Міхеенка і мэр Магілёва Уладзімір Цумараў. Наогул, «Гісторыя Магілёўскага гарсавета дэпутатаў» стала першым у рэспубліцы вопытам асэнсавання працы прадстаўнічай улады.
— Рашэнне аб стварэнні такога выдання было прынята ў 2012 годзе, — расказвае Васіль Міхневіч. — На сесіі абмеркавалі дэталі і выбралі працоўную групу. Але па розных прычынах людзі паступова сышлі, застаўся адзін Міхаіл Андрэевіч Рыськоў, мы яму вельмі ўдзячныя.
Аўтар — чалавек вопытны, гэта ўжо не першае яго выданне па гісторыі Магілёўшчыны. Але вельмі прыемна было пачуць высокую ацэнку доктара гістарычных навук, прафесара, загадчыка кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя А. Куляшова Ігара Марзалюка, які адным з першых прачытаў кніжку яшчэ ў камп’ютарным варыянце. Нават пры ўсёй сваёй дасведчанасці ён знайшоў цікавыя для сябе факты. Кніга і насамрэч уражвае багаццем гістарычных звестак і рэдкіх здымкаў. Напрыклад, ёсць фота, якое датавана 26 ліпеня 1941 года — нейкі немец шчоўкнуў паўразбураную вуліцу Першамайскую… А вось фота з мітынгу партызанаў, якія 9 ліпеня 1944 года святкавалі вызваленне Магілёва.
— Калі я прыступіў да напісання кнігі, зразумеў, што без гісторыі тут не абысціся, — кажа Міхаіл Рыськоў. — Усе тыя рашэнні, якія прымалі дэпутаты, былі накіраваны на паляпшэнне жыцця магіляўчан. Кожная частка кнігі — гэта новы гістарычны перыяд у развіцці Магілёва.
У палон не здаваліся
У кнізе ўзгаданы біяграфіі 31 старшыні гарсавета. Менавіта столькі іх змянілася за апошнія амаль 100 гадоў. Працуючы з архівамі, Міхаіл Рыськоў звярнуў увагу, што інфармацыі па 10 з іх амаль няма. І правёў цэлае расследаванне.
Доўга не мог знайсці нічога пра Валянціна Краўчанку, які ўзначальваў гарсавет у 1959–1961 гадах. У пратаколах яго прозвішча значылася, а інфармацыі ў архівах не было ніякай. Але аўтару пашчасціла знайсці жанчыну, якая працавала з былым старшынёй.
І такіх цікавых знаёмстваў за два гады працы над кнігай адбылося шмат. Матэрыялу набралася яшчэ не на адно выданне.
— Уяўляеце, знайшлася жанчына, якая ведала яшчэ Залманзона — аднаго з першых дэпутатаў маладой савецкай краіны, — з захапленнем расказвае аўтар. — Яна ўжо вельмі старая, таму на прэзентацыю прыйшла яе сваячка.
Наогул у зале ратушы, дзе прайшла прэзентацыя кнігі, сабраліся менавіта тыя людзі, якім сапраўды было цікава ўбачыць гэтае выданне. На яго старонках яны шукалі знаёмыя твары, прозвішчы, эмацыянальна дзяліліся ўспамінамі.
— А вы ведаеце, напрыклад, хто такая Котлікава? — пытаецца ў мяне Міхаіл Андрэевіч і сам жа адказвае: — Гэта дачка старшыні гарсавета Катковіча. Пра яе, напэўна, не пісала ніводная газета, а гэта ж цэлая скарбніца цікавай інфармацыі!
Спачатку рабочая назва кнігі была іншай — «Магілёўскі гарадскі савет дэпутатаў у матэрыялах і дакументах». Планавалася, што 50% зместу кнігі складуць дакументы, але іх там не больш за дзясятую частку. «Я адразу папярэдзіў, што з дакументаў прыйдзецца пакінуць толькі самыя цікавыя, — тлумачыць Міхаіл Рыськоў. — Калі браць спісы ўсіх дэпутатаў, пачынаючы толькі з 1939 года, то і двух такіх тамоў не хопіць. За сто гадоў было каля 40 скліканняў, прычым некаторыя скліканні налічвалі па 425 дэпутатаў. Адным словам, з дакументамі і матэрыяламі нічога не атрымалася, іх прыйшлося проста прааналізаваць. Цікавым падаўся такі факт: старшыня гарсавета Астраў, выступаючы ў 1939‑м годзе на Дні Чырвонай Арміі, казаў, што Магілёў трэба ператварыць у горад-крэпасць. Тое, што справа ідзе да вайны, людзі ведалі, вось толькі не было вядома, калі яна грымне. Уразіла, як дэпутаты абаранялі сваю Радзіму. З 248 чалавек, выбраных перад вайной у гарсавет, да пераможнага 45‑га дажылі толькі 47. Падчас абароны Магілёва загінулі старшыня гарсавета і яго намеснік. Дэпутаты гарсавета ў большасці сваёй былі камуністамі і камсамольцамі і ў палон не здаваліся».
Перадалі дзецям сад
Кніга атрымалася па-сапраўднаму жывой, гісторый з жыцця горада ў ёй — хоць адбаўляй. Напрыклад, у 1936 годзе ў гарсавет звярнулася група школьнікаў са скаргай, што ў іх двары «дамкам зрабіў сад і агарод, яблыкі прадае, а дзецям няма дзе пагуляць у футбол». Гэтае пытанне было разгледжана на пасяджэнні гарсавета і прынята рашэнне «перадаць сад дзецям». Наогул, толькі за другую палову 1936 года ў гарсавет паступіла 612 скарг і зваротаў, з іх 245 — па жыллёвых пытаннях, 9 — па пытаннях аховы здароўя, 3 — адукацыі і гэтак далей.
Дэпутаты прымалі меры па супрацьпажарнай ахове горада і нават заахвочвалі ратавальнікаў. У жніўні таго ж 1936 года гарсавет прыняў рашэнне выдаткаваць пажарным за самаадданую працу 2000 рублёў.
Шмат увагі надавалася добраўпарадкаванню горада. Напрыклад, у Камсамольскім скверы былі разбіты дзве клумбы з профілямі Леніна і Сталіна. Адказнасць за псаванне кветнікаў была суровай. Вінаватыя павінны былі плаціць штраф у памеры 100 рублёў (на той час — сярэдні заробак) або падвяргаліся прымусовым работам са спагнаннем кошту знішчаных пасадак.
Не менш цікавым для магіляўчан можа аказацца такі факт, як планаванне будаўніцтва Цэнтральнага парку культуры і адпачынку на беразе Дняпра, дзе на працягу 4 кіламетраў уздоўж берага збіраліся стварыць шмат карысных аб’ектаў, уключаючы цырк-шапіто, рэстаран, пляжы, спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі. Такі праект прадугледжваўся Генеральнай схемай планавання Магілёва яшчэ ў 1939 годзе. Здаецца, нарэшце гэты план пачаў здзяйсняцца, і хутка парк з’явіцца.
На тры гады раней
На кнізе пазначана, што яна прысвечана 100‑годдзю з дня стварэння Саветаў. Але так атрымалася, што з’явілася яна на свет… датэрмінова. Юбілей будзе адзначацца праз тры гады. Стваральнікі нічога дрэннага ў гэтым не бачаць — проста пашанцавала са спонсарамі. Калі кіраўнікі прыватных магілёўскіх прадпрыемстваў пачыталі камп’ютарны варыянт кнігі, то з гатоўнасцю выдаткавалі грошы. На іх думку, цікавае атрымалася выданне і пазнавальнае.
— Існуе памылковая думка, што дэпутаты мясцовага ўзроўню мала што вырашаюць, а грошы зарабляюць, — кажа Васіль Міхневіч. — Аўтарытэтна ўсім заяўляю, што, акрамя старшыні гарсавета, для якога гэта асноўнае месца працы, астатнія дэпутаты выконваюць свае прадстаўнічыя абавязкі як грамадскую нагрузку, грошы за якую не прадугледжаны. І тое, што людзі ахвяруюць асабістым часам, каб вырашаць праблемы гараджан, шмат чаго варта.
Нэлі Зігуля,“Звязда”
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
12.08.2020 - 16:31
09.08.2020 - 18:36
Ольга Петрашова: к голосованию на выборах Президента нужно подходить с полной ответственностью
09.08.2020 - 14:46
Люди приходят на выборы в хорошем настроении – наблюдатель избирательного участка №3 в Славгороде
09.08.2020 - 14:42
09.08.2020 - 12:45
Многодетная мама из Могилева: сегодня мы выбираем будущее наших детей