Шклоўскі фермер перавыхоўвае лайдакоў, возіць на сваім аўтобусе вясковых дзяцей у раённую школу і дапамагае пенсіянерам.
Аляксандр Канавалаў — асоба ў сваім раёне вядомая. Ён дэпутат Шклоўскага раённага і адначасова Каменалаўскага сельскага Саветаў, сапраўдны гаспадар і незаменны чалавек для жыхароў вёсак Старавадвянскай выбарчай акругі, якія аддалі за яго на леташніх выбарах свае галасы. Людзі ведаюць: да яго можна звяртацца з любым пытаннем — абавязкова дапаможа.
Нарадзіўся… «у трактары»
Разам са старшынёй Шклоўскага райсавета Аляксандрам Давыдовічам едзем да фермера ў Новыя Камсенічы. Снег валіць так, быццам вырашыў нагнаць упушчанае за ўсю зіму. Але мае хваляванні (усё ж да вёскі 30 кіламетраў) хутка развейваюцца: дарога чыстая, відаць, што тут нехта вельмі старанна папрацаваў.
— Канавалаў на сваім участку заўсёды ўзорны парадак падтрымлівае, — задаволена кажа Аляксандр Давыдовіч. — Гаспадар, адным словам.
Сялянска-фермерская гаспадарка «Новы быт», якой кіруе Аляксандр Канавалаў, — адна з самых вялікіх у раёне. Па плошчы яна займае каля 1400 га, але фермер гатовы ўжо сёння апрацоўваць 2000. Кажа, што магутнасцяў у яго для гэтага хопіць. Вунь стаіць цэлы двор тэхнікі. Прычым не замежнай, а выключна беларускай. Ён сам у ёй добра разбіраецца, і праблем з яе работай няма. Замежныя аналагі, магчыма, у чымсьці лепшыя, але яны каштуюць нашмат больш. За гэтыя грошы можна набыць некалькі айчынных машын. Інтарэс да працы на зямлі ў яго з дзяцінства.
— На іспыты ў 9 клас у Старавадвянскую школу я прыязджаў на трактары «МТЗ‑80», а потым ехаў дапамагаць бацьку праводзіць пасяўную, — усміхаецца фермер. — Маці казала, што я нарадзіўся ў трактары. Напэўна, так яно і ёсць. Тэхніку вельмі люблю.
Тыя калгасныя землі, на якіх пачынаў працаваць падлеткам, цяпер належаць яму. Амаль дзясятая частка палеткаў знаходзілася пад балотамі. Ён іх паступова асушваў і засяваў.
Цяпер гаспадарку Канавалава можна параўнаць з невялікім калгасам, дзе займаюцца адразу па некалькіх напрамках. Са збожжавых ён вырошчвае ўсё — пшаніцу, ячмень, авёс, трыцікале, грэчку і нават лён. Сёлета сярэдняя ўраджайнасць збожжавых па гаспадарцы была адной з вышэйшых у раёне — каля 70 цэнтнераў з гектара, а на доследных участках даходзіла нават да 100. У свой час не паспеў увайсці ў дзяржпраграму па вырошчванні бульбы, але ўласныя 100 гектараў спакойна апрацоўвае без усялякай дапамогі. А яшчэ ў яго ёсць невялічкая ферма на 130 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 38 — дойныя каровы. У лепшыя часы ён трымаў каля 1000 свіней, але ў сувязі з АЧС прыйшлося скараціць пагалоўе да мінімуму. У бліжэйшай будучыні плануе абзавесціся авечкамі. Тое, што часам прыходзіцца цяжка, ён не ўтойвае, але ёсць і жаданне працаваць, і ўсе неабходныя для гэтага ўмовы. Сам не сядзіць склаўшы рукі і яшчэ 27 землякам дае магчымасць зарабляць.
З лайдакоў — у добрыя работнікі
— А яшчэ ён лайдакоў перавыхоўвае і хаты для іх набывае, — падказвае старшыня райсавета.
— Была справа, падымалі людзей з такога стану, што яны ўжо нікому не былі патрэбныя, — пагаджаецца Аляксандр. — Гутарыў з кожным, вазіў лячыцца і кадзіравацца. Некаторыя на наступны дзень зноў зрываліся. Але ёсць такія, што больш за 10 гадоў не ўжываюць спіртнога, сем’і стварылі. Вёска ў нас невялікая, двароў 15, ну я і купіў для іх амаль усе хаты. А летась пабудавалі дом яшчэ для аднаго работніка. Малады хлопец, рукі залатыя, а каціўся па нахільнай — ледзь выратавалі!
Аляксандр не асуджае слабахарактарных. Узніклі з працай праблемы, вось людзі і пачалі глупствамі займацца. Цяжкім быў перыяд, калі прыйшоў у заняпад калгас «Зара». Замест яго з’явіўся СВК «Вадвянскае», затым — СП «Газавік-Сіпакова». Людзі, якія ўсё жыццё працавалі ў гэтых гаспадарках, сталі нікому не патрэбны, пачалі з’язджаць, кідаць свае ўчасткі. Вёскам гэта таксама не на карысць пайшло… Канавалаў успамінае, як некалькі гадоў таму кіраўніцтва раёна прыехала абмеркаваць з насельніцтвам надзённыя праблемы. Адзін жыхар Старой Вадвы падняўся і з горыччу сказаў: «Сорамна так жыць далей — абраслі травой, хмызняком, запалку кінь — і вёскі як не было…»
Сёння дзякуючы Канавалаву ў жыхароў Новых Камсенічаў і бліжэйшых вёсак у радыусе амаль 25 кіламетраў зімой няма праблем са снегам, а летам — з травой. У сэнсе, усё гэта своечасова расчышчаецца і абкошваецца. І такога, як раней, — калі прыватныя зямельныя надзелы праз адзін былі закінутыя — ужо няма. Яны цяпер усе да аднаго апрацоўваюцца.
— Разам з прадстаўнікамі землеўпарадкавальнай службы гутарылі з людзьмі, дзесьці пераносілі ім участкі, — тлумачыць суразмоўца. — Сёння больш-менш парадак наведзены. За апошнія 3 гады ўключылі ў севазварот 60 га пустуючых участкаў. Едзеш, глядзіш — і вока радуецца.
Як падлічыць «прыёмы»?
У акрузе дэпутата Канавалава больш за 10 вёсак. І якія ў жыхароў праблемы, ён ведае добра.
«Кожны раз, калі ў раёне даводзіцца рабіць справаздачу аб тым, колькі правёў прыёмаў грамадзян, губляюся, — кажа ён. — Як лічыць, калі гэтыя «прыёмы» ледзь не кожны дзень? Едзеш каля вёскі, бабульку падвязеш, распытаеш… Ці сам на вуліцы спынішся, пацікавішся, як справы».
Сем’і ў небяспечным становішчы на асобным уліку. Канавалаў разам з прадстаўнікамі раённай улады і адпаведных службаў рэгулярна наведвае людзей з групы рызыкі. — Трэба ж іх падштурхнуць, каб хоць нешта зрабілі для сябе. А заадно адзначае, хто чым дыхае, у якім стане прысядзібная зямля. Калі яна не апрацоўваецца, які сэнс трымаць? Ёй заўсёды можна знайсці карыснае прымяненне.
Дарэчы, яго цяперашнія выбаршчыкі і раней па дапамогу звярталіся. Нікому не адмаўляў. Яшчэ і сам ініцыятыву праяўляў. Вось і дзіцячую пляцоўку пабудаваў без чыёй-небудзь падказкі. Звярнуў неяк увагу, што некалькі дзяцей без справы сумуюць, і прыняў гэта як нагоду для дзеяння.
— Цяпер тут усё лета не змаўкаюць дзіцячыя галасы, — задаволена ўсміхаецца Аляксандр. — Нават тыя, хто раней да бабуль не ездзіў.
Акрамя гэтага, ён акультурыў мясцовы вадаём, побач зрабіў альтанку. Не выключана, што з часам у рыбакоў з’явіцца цікавасць да гэтага месца. Карп і таўсталобік, якіх фермер у якасці эксперыменту паспрабаваў летам вырошчваць, нядрэнна дабавілі ў вазе.
А нядаўна няўрымслівы гаспадар звярнуў увагу на тое, што летась у мікрааўтобусе, на якім ён кожны дзень возіць сваіх і вясковых дзяцей у раённую школу і дзіцячы садок, месцаў стала не хапаць. Раней мог па дарозе яшчэ і бабульку якую-небудзь падхапіць, а цяпер нават няма куды яе пасадзіць. Так што трэба падшукваць нешта больш умяшчальнае.
Сёлета летам фермер даў магчымасць папрацаваць у гаспадарцы падлеткам. Пратрымацца месяц змаглі толькі двое. Затое і заробак атрымаўся важкі — 7 мільёнаў! Плюс смачныя гарачыя абеды (аднагодкі хлопцаў зарабілі ў іншай гаспадарцы нашмат менш.) І калі Канавалаў на 1 верасня прынёс сваім памочнікам у школу невялічкія падарункі, астатнія дзеці таксама сталі прасіцца да яго на працу.
Пытаюся ў Аляксандра, чаму ён свой арганізатарскі талент і гаспадарчыя здольнасці не пажадаў рэалізоўваць дзесьці ў горадзе. Там, напэўна, ён яшчэ б больш «разгарнуўся»…
— Я, вядома, мог бы, — усміхаецца ён. — Але тут я нарадзіўся, адчуваю, што гэта маё і нічога іншага мне не трэба.
Старшыня райсавета Аляксандр Давыдовіч лічыць, што на такіх апантаных людзях, як Аляксандр Канавалаў, і трымаюцца нашы вёскі. «Праца на зямлі цяжкая, год на год не прыходзіцца, бываюць і страты, — кажа ён. — Але Аляксандр на сацыяльныя справы заўсёды знаходзіць грошы. Стараецца, каб людзям жылося лепш. Гледзячы на яго, яны таксама па-іншаму пачынаюць «падцягвацца». Наогул, наша сумесная праца з сельгасарганізацыямі і фермерамі раёна дае добрыя вынікі. За апошнія 5 гадоў сельсаветы перадалі ім звыш 1440 гектараў зямлі, якая сёння прыносіць дадатковы даход».
Каментарый у тэму
Старшыня Шклоўскага райвыканкама Аляксандр Бойка
Пра ўцягванне пустуючых зямель у севазварот:
— Калі зямлю вакол вёскі апрацоўвае фермер, дык чаму б не перадаць пустуючы ўчастак яму? Хай наводзіць там парадак і атрымлівае грошы. А заадно дапамагае мясцоваму насельніцтву. Мы далі Канавалаву зямлю і аўтаматычна замацавалі за ім прылеглыя вёскі. І ён са сваёй задачай добра спраўляецца. Па такім жа прынцыпе працуюць і астатнія 38 фермераў. Дарэчы, па колькасці фермераў мы ў вобласці на другім месцы.
Пра добраўпарадкаванне вёсак:
— Мы паставілі перад сабой задачу раўнаваць зямельныя ўчасткі і вакол вёсак зрабіць дарогі для аб’езду. Гэта дзеля таго, каб летам, калі ідзе ўборачная, тэхніка не ездзіла праз населеныя пункты, не разбівала дарогі і не турбавала жыхароў. А цэнтральная вясковая дарога застанецца выключна для патрэб насельніцтва.
Нэлі Зігуля,“Звязда”
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
12.08.2020 - 16:31
09.08.2020 - 18:36
Ольга Петрашова: к голосованию на выборах Президента нужно подходить с полной ответственностью
09.08.2020 - 14:46
Люди приходят на выборы в хорошем настроении – наблюдатель избирательного участка №3 в Славгороде
09.08.2020 - 14:42
09.08.2020 - 12:45
Многодетная мама из Могилева: сегодня мы выбираем будущее наших детей