Кірыла Пракопавіч Арлоўскі — чалавек дзіўнай біяграфіі. Кіраўнік партызанскага дыверсійнага атрада ў Польшчы, удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі, прарэктар па гасчастцы сельскагаспадарчага інстытута, савецкі разведчык у Кітаі, кіраўнік беларускага партызанскага атрада ў час Вялікай Айчыннай вайны. Пазбавіўшыся абедзвюх рук, ён не ўпаў духам і ўзначаліў у 1945 годзе калгас у Беларусі, які першым у СССР атрымаў чысты прыбытак у мільён рублёў.
Ён нарадзіўся 120 гадоў таму — 30 студзеня 1895 года ў вёсцы Мышкавічы (цяпер гэта Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці) у сям’і селяніна. У 1915–1918 гадах служыў у царскай арміі унтэр-афіцэрам, камандзірам сапёрнага ўзвода. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне.
У чэрвені 1918‑га па заданні падпольнага Бабруйскага павятовага камітэта партыі стварыў партызанскі атрад, які дзейнічаў супраць акупацыйных нямецкіх войскаў. Са снежня 1918 года па красавік 1919‑га працаваў у Бабруйскай ЧК, затым скончыў курсы камсастава.
У лістападзе 1918 года, пасля паражэння Германіі ў Першай сусветнай вайне, нямецкія часці пачалі выходзіць з занятых імі тэрыторый былой Расійскай імперыі. Савецкая Заходняя армія, у задачу якой уваходзіла арганізацыя кантролю ў тым ліку і над тэрыторыяй Беларусі, 17 лістапада 1918 года рушыла ўслед за немцамі і 10 снежня ўступіла ў Мінск.
Тым часам палякі на тэрыторыі Літвы і Беларусі стварылі так званы Камітэт абароны ўсходніх ускраін (КАУУ) з баявымі падраздзяленнямі, сфарміраванымі з былых салдат польскіх карпусоў, і звярнуліся па дапамогу да польскага ўрада. Указам польскага кіраўніка («часовага начальніка дзяржавы») Юзэфа Пілсудскага ад 7 снежня 1918 года атрады КАУУ аб’яўляліся складовай часткай Войска Польскага пад агульным камандаваннем генерала Уладзіслава Вейткі. 19 снежня польскі ўрад даў загад сваім войскам заняць Вільню. Так пачалася савецка-польская вайна 1919–1921 гадоў.
Яе вынікам стала тое, што Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна адышлі да Польшчы, а тэрыторыя Літвы была падзелена паміж Польшчай і створанай незалежнай Літоўскай дзяржавай. Вільня таксама адышла Польшчы.
Пасля вайны і заключэння мірнага дагавора з Польшчай у сакавіку 1921 года разведупраўленне штаба Чырвонай Арміі пачало стварэнне і перакідванне на тэрыторыю Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі атрадаў для арганізацыі масавага ўзброенага супраціўлення польскім уладам. Меркавалася, што гэтыя ўзброеныя атрады стануць ядром усенароднага партызанскага руху на захопленых беларускіх і ўкраінскіх землях, які ў перспектыве прывядзе да іх вызвалення і ўз’яднання з СССР. Падобная дзейнасць атрымала назву «актыўная разведка». Пры гэтым трэба заўважыць, што дзейнасць Разведупра па актыўнай разведцы была настолькі старанна заканспіраванай, што пра яе не ведалі нават органы АДПУ.
Партызанскі, а па сутнасці — дыверсійны рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі пачаўся ўжо ўлетку 1921 года. Аднымі з камандзіраў такіх дыверсійных атрадаў былі Кірыл Арлоўскі і Станіслаў Ваўпшасаў. Вось якія звесткі пра дзеянні гэтых двух атрадаў прыводзяцца ў кнізе А. І. Калпакідзі і Д. П. Прохарава «Імперыя ГРУ. Нарысы гісторыі расійскай ваеннай разведкі»:
«У маі 1922 г. у раёне Белавежскай пушчы быў разгромлены паліцэйскі ўчастак;
11 чэрвеня 1922 г. 10 партызанаў захапілі і спалілі маёнтак «Добрае дрэва» Грудніцкага павета;
з 15 чэрвеня па 6 жніўня 1922 г. на тэрыторыі Гродзенскага і Іліцкага паветаў было праведзена 9 баявых аперацый, у ходзе якіх партызаны разграмілі тры памешчыцкія маёнткі, спалілі палац князя Друцкага-Любяцкага, узарвалі два паравозы на вузкакалейнай дарозе, якая належыць французскай фірме, і чыгуначны мост, знішчылі на вялікім працягу чыгуначнае палатно на лініі Ліда — Вільня. Пры гэтым у адным з баёў было забіта 10 польскіх уланаў;
14 кастрычніка 1922 г. партызаны спалілі маёнтак Струга Столінскага павета.
У 1923 г. партызанскі рух узмацніўся:
у ноч з 19 на 20 мая 1923 г. 30 партызанаў разграмілі паліцэйскі ўчастак і гмінную ўправу ў Чучавічах Лунінецкага павета;
27 жніўня аналагічную аперацыю правялі ў мястэчку Целяханы Косаўскага павета. Пры гэтым былі забіты два паліцэйскія і войт (стараста);
29 жніўня 10 партызанаў напалі на маёнтак Моладава Драгічынскага павета.
З красавіка па лістапад 1924 года партызаны правялі 80 буйных баявых аперацый. Самая вядомая з іх — у горадзе Стоўбцы, дзе ў ноч з 3 на 4 жніўня 54 баевікі на чале са Станіславам Ваўпшасавым разграмілі гарнізон і чыгуначную станцыю, а заадно староства, павятовае ўпраўленне паліцыі, гарадскі паліцэйскі ўчастак, захапілі турму і вызвалілі кіраўніка ваеннай арганізацыі кампартыі Польшчы Станіслава Скульскага (Мертэнса) і кіраўніка кампартыі Заходняй Беларусі Паўла Корчыка, што, уласна, і з’яўлялася мэтай гэтай дзёрзкай аперацыі. Пры гэтым 8 паліцэйскіх былі забіты і трое паранены.
24 верасня 1924 г. 17 партызанаў з атрадаў Арлоўскага і Ваўпшасава, арганізаваўшы засаду на ўчастку Парахонск — Лоўча па чыгуначнай лініі Брэст — Лунінец, напалі на цягнік. У выніку яны схапілі ваяводу Палесся Даўнаровіча. Праявіўшы гуманізм, яго не сталі расстрэльваць, а адлупцавалі пугай, пасля чаго ён вымушаны быў падаць у адстаўку. Партызаны таксама захапілі пошту і раззброілі салдат і афіцэраў, якія ехалі ў цягніку…».
Дзеянні Арлоўскага і Ваўпшасава настолькі моцна трывожылі польскае кіраўніцтва, што яно аб’явіла вялікую ўзнагароду за іх вышук і арышт (у загадзе фігуруе Муха-Міхальскі — адзін з псеўданімаў, які выкарыстоўвалі Арлоўскі і Ваўпшасаў).
«Прэзідыум ваяводства Польскага
А1131
9/V‑1924
Змест: прызначэнне ўзнагароды за пошук Мухі-Міхальскага.
Пану старасту (уласнаручна) у Століне.
На падставе прадстаўлення міністэрства ўнутраных спраў Старшыня Савета Міністраў прызначыў за злоў бандыта Мухі-Міхальскага 10 мільярдаў марак і разам з тым абяцаў узнагароду да 5 мільярдаў марак таму, хто дасць адпаведную інфармацыю органам паліцыі і будзе спрыяць арышту згаданага бандыта».
У 1925 годзе савецкае кіраўніцтва аддало ўказанне партызанскім атрадам спыніць «партызанскія метады барацьбы і сканцэнтраваць усе намаганні на арганізацыйна- масавай рабоце сярод сялян». У чэрвені 1925‑га паўстанцкія атрады былі расфарміраваны, частка баевікоў перабралася ў БССР, другая ж засталася ў Польшчы, пераехаўшы на жыхарства ў аддаленыя ад родных мясцін паветы.
У далейшым, з 1925‑га па 1930 год, Арлоўскі вучыўся ў Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцяў Захаду імя Мархлеўскага. Гэтая ўстанова рыхтавала палітычных работнікаў з прадстаўнікоў нацыянальнасцяў Захаду СССР на базе Літоўска-яўрэйска-латышскай, Нямецкай, Польскай, Румынскай вышэйшых партыйных школ.
Велізарны вопыт, атрыманы за час працы дыверсантам у Польшчы, Арлоўскі выкарыстаў у далейшым — з 1930‑га па 1936‑ы працаваў пры асобым аддзеле НКУС БССР па падборы і падрыхтоўцы чырвонапартызанскіх кадраў на ваенны час.
У 1936 годзе па асабістым жаданні Арлоўскі працаваў на будаўніцтве канала Масква — Волга ў якасці начальніка будаўнічага ўчастка.
А праз год, у 1937‑м, ён адправіўся дапамагаць рэспубліканцам у Іспанію, дзе дзейнічаў пад псеўданімам Стрык (ад strіkеr — ударнік у спускавым механізме стралковай зброі).
Вось адзін з яго рапартаў:
«Вельмі сакрэтна.
Асобнік адзіны
Дакладваю, што 30 мая 1937 года я з групай у 10 чалавек іспанцаў і адным чалавекам рускім [Сцяпан Грушко] перайшоў лінію фронту і накіраваўся ў глыбокі тыл фашыстаў для дыверсійнай работы.
З 30 мая па 20 ліпеня 1937 года з вышэйзгаданай групай я прайшоў у тыле праціўніка 750 км і толькі адзін раз, 15 ліпеня, група была выяўлена праціўнікам, пра што напішу ніжэй.
За згаданы час мною з групай была праведзена наступная работа:
Уначы з 2 на 3 чэрвеня 1937 года ўзарваны таварны цягнік праціўніка каля гары Капітана на чыгуначнай лініі Севілья-Бадахас.
Ноччу, дакладней, у 10 гадзін вечара, 11 чэрвеня 1937 г. мною падарваны пасажырскі цягнік на чыгуначнай лініі Севілья — Касалья-дэ-ла-Сьера, недалёка ад станцыі Эль-Педроса.
На працягу 33 сутак я з групай прайшоў па трох правінцыях 500 км, дзе сустракаліся дзясяткі даволі ўразлівых месцаў для праціўніка, якія былі для мяне з групай цалкам па сілах для нанясення ўдараў праціўніку з тылу. Напрыклад, за 30 кіламетраў на поўдзень ад горада Севілья ёсць тры машыны для падачы вады, якія каштуюць 11 млн песет; яны арашаюць тысячы гектараў рысавых палёў, ахоўваюцца трыма вольнанаёмнымі фашыстамі.
…Я настойваў на знішчэнні гэтых машын, але большасць асабовага складу групы як ад гэтай, так і ад іншых падобных аперацый адмовілася, а таму з 2 па 7 ліпеня мною была праведзена чыстка асабовага складу групы, дакладней, адхіленне ад далейшых паходаў з маёй групай 7 чалавек — шкурнікаў, сімулянтаў і баязліўцаў — і замена іх больш дысцыплінаванымі і стойкімі партызанамі з атрада, які знаходзіцца ў гарах, што ў 50 км на паўночны захад ад Севільі з мэтай ажывіць і актывізаваць у баявых адносінах групу. Гэта я зрабіў, і 7 ліпеня з 8 іспанцамі і 1 чалавекам рускім рушыў на ўсход.
10 ліпеня на дарозе, якая ідзе з Севільі ў Бадахас… я вырашыў зрабіць засаду на аўтатранспарт праціўніка з мэтай знішчэння яго жывой сілы і транспарту, але калі я з людзьмі сваёй групы стаў абмяркоўваць гэтую аперацыю за 3–4 гадзіны да яе выканання, то тут жа тры чалавекі іспанцаў адмовіліся ад удзелу ў гэтай справе. У 8 гадзін вечара мы, 7 чалавек, выйшлі на згаданую дарогу: знішчылі 17 чалавек фашыстаў, 2 чалавекі паранілі і знішчылі 2 грузавікі і адзін легкавік. Пасля чаго самі адступілі ў горы. Гэта была сапраўды гераічная аперацыя. Недалёка ад Севільі днём з невялікай групай маіх байцоў быў нанесены ўдар фашыстам. Павінен сказаць, што работа ручнога кулямёта «Томпсан» ашаламляльна падзейнічала на праціўніка і што праз два дні ноччу, пераходзячы гэтую ж дарогу, нам дзве гадзіны прыйшлося чакаць машыны, каб чарговы раз даць ворагу адчуць, што ў яго тыле далёка не ўсё добра.
Так што ноччу рух аўтатранспарту па гэтай дарозе значна прыпынены. Акрамя гэтага, мая аперацыя паслужыла сігналам да дзеянняў тым 3000 партызанаў, якія недалёка ад гэтага месца сядзяць вось ужо 10 месяцаў і нічога не робяць.
Мною і маім памочнікам Грушко Сцяпанам было намечана правесці яшчэ тры аперацыі, а менавіта:
1) падарваць яшчэ адзін цягнік;
2) падарваць электралінію, якая падае электраэнергію ўсім гарадам правінцыі Севілья, тым самым мы пазбавілі б дзясятак гарадоў электрасвятла на 2–3 сутак;
3) прыбраць памешчыка, які 4 чэрвеня перадаваў фашыстам звесткі аб тым, што яго пастух у нейкім месцы заўважаў нас, партызанаў.
Высновы. Хто чытае гэты кароткі даклад, можа падумаць, што мною з групай здзейснены гераічны паход, затрачана вельмі шмат энергіі з неверагодным напружаннем нерваў, што як толькі мог вытрымаць я (Стрык) з надламаным пазваночнікам, рэўматызмам у суставах ног і ва ўзросце 43‑х гадоў пераадолець гэты шлях і ўсе яго цяжкасці? Так, цяжкасці, страта энергіі і напружанне нерваў неймаверна вялікія. Па гарах, скалах, абрывах, усеяных камянямі з калючымі хмызнякамі і калючай травой, выключна ўначы, пройдзена 750 км, часта без прадуктаў і вады. Асабліва цяжкія былі тыя гадзіны і дні для мяне, як для кіраўніка групы, калі большасць іспанцаў адмаўлялася ад выканання намечаных і распрацаваных мною аперацый (бо баяліся), калі яны занадта даверліва ставіліся да ўсіх іспанцаў, якія сустракаюцца на дарозе, расказваючы ім наш шлях і нашы мэты, што ў любы час магло прывесці да разгрому групы, і калі частка з іх часцяком засынала на пасту.
Пераадолеў усё гэта я дзякуючы неабмежаванай нянавісці да ворагаў народа — фашыстаў, і любові да сваёй справы, да сваёй прафесіі. Але калі б я здзяйсняў гэты паход з больш баяздольнымі партызанамі, то вынік нашай працы быў бы ў шмат разоў лепшым…
23 ліпеня 1937 г. Стрык».
Кіраўніцтва інтэрбрыгады назвала гэты рэйд «бяспрыкладным», аднак сам Арлоўскі быў незадаволены вынікам, лічачы, што эфект быў бы непараўнальна большым, калі б не баязлівасць і разгільдзяйства іспанцаў. Пасля паходу быў выдадзены катэгарычны загад камандавання корпуса больш не даваць Арлоўскаму, які «вызначаецца выключнай асабістай адвагай», падобных заданняў, каб пазбегнуць неабгрунтаванай рызыкі. Арлоўскага прызначылі дарадцам Мадрыдскага інтэрнацыянальнага разведвальна- дыверсійнага атрада. Тым не менш ён яшчэ двойчы выводзіў групы ў рэйды. Падчас адной з апошніх сутычак з франкістамі Кірыла Пракопавіч атрымаў цяжкую кантузію пазваночніка ад блізкага разрыву гранаты.
У лістападзе 1938‑га Арлоўскі вярнуўся ў СССР. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з іспанскімі фашыстамі, Кірылу Пракопавіча ўганаравалі найвышэйшай узнагародай СССР — ордэнам Леніна, які ўручалі проста ў шпіталі. Урачы тым часам вынеслі свой вердыкт. Ён быў суровы — камісаваць, да працы ў спецслужбах не прыдатны.
Дарэчы, Арлоўскі цэлы тыдзень жыў у Мадрыдзе ў адным гатэлі «Гэйлорд» з Хэмінгуэем і меў стасункі з ім. Ён жа стаў прататыпам Роберта Джордана ў аповесці Хэмінгуэя «Па кім звоніць звон».
Работнікі аддзела кадраў НКУС дапамаглі з працаўладкаваннем, і Арлоўскі быў накіраваны намеснікам рэктара па гаспадарчай частцы Арэнбургскага (тады Чкалаўскага) сельскагаспадарчага інстытута, дзе ён не толькі выконваў сваю працу, але і ўхітраўся вучыцца, наведваючы заняткі. Непахісная воля Арлоўскага ўжо праз год вярнула яго ў строй.
Звесткі аб яго знаходжанні ў Арэнбургу ўрывачныя. Прафесар Г. М. Удовін, успамінаючы пра яго, заўважыў: «Лепшага прарэктара па гаспадарчай частцы я не сустракаў. Гэта быў чалавек слова, які заўсёды выконвае свае абавязкі».
У сакавіку 1941 года пад выглядам супрацоўніка Наркамата каляровай металургіі Арлоўскі выязджае ў Алма-Ату для арганізацыі базы нашай агентуры ў Кітаі — чакалася вялікая вайна з Японіяй, і вопыт Кірылы Пракопавіча быў вельмі дарэчы. Арганізаваўшы працу на базе, Арлоўскі са спецыяльным заданнем адбывае ў Сіньцзян (Кітай); там ён выратоўвае савецкага рэзідэнта, выкраўшы яго літаральна з‑пад носу ў кітайскай контрразведкі. Рэзідэнт быў вывезены ў СССР у цюку ваты.
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны «Кірыл» (так у далейшым стаў праходзіць Кірыла Пракопавіч у аператыўнай перапісцы) сустрэў у Сіньцзяне. Параўнальна нядаўна вярнуўшыся з гарніла іспанскай вайны і акунуўшыся ў ціхае, мернае жыццё, «Кірыл» адчуваў сябе няўтульна і некамфортна ў Сіньцзяне. Яго душа рвалася ў родную Беларусь, захопленую ворагам (ужо на шосты дзень вайны фашысты захапілі Мінск). І таму нядзіўна, што паміж ім і рэзідэнтам «Мірабо» на гэтай глебе сталі ўзнікаць супярэчнасці па працы. У гутарках з «Мірабо» «Кірыл» неаднаразова казаў: «Я партызан-баявік, а не аператыўнік».
Ужо 31 жніўня 1941 года «Мірабо» паведаміў у Маскву «Віктару» (начальніку 1‑га ўпраўлення НКДБ СССР П. М. Фіціну):
«Кірыл» просіць накіраваць яго ў тыл фашыстаў для барацьбы. Ведае добра раён Брэста, Баранавічаў, Пінска. Перад ад’ездам у Сіньцзян «Кірыл» пакінуў у Марсэлі (так у дакуменце названа Алма-Ата) рапарт аб сваёй працы ў гэтых раёнах. Калі просьба «Кірыла» будзе задаволена, то прашу аформіць замест яго чалавека, які валодае казахскай мовай».
7 верасня 1941 года з Масквы быў атрыманы наступны адказ ад «Віктара»: «Калі будзе трэба — выкарыстаем «Кірыла» на іншай працы. Цяпер ён павінен па-ваеннаму працаваць на давераным яму ўчастку».
Але «Кірыл» на гэтым не супакоіўся. 8 снежня 1941‑га ён непасрэдна звяртаецца з лістом да наркама ўнутраных спраў СССР Л. П. Берыі:
«Паўлу»
Ад загадчыка гаспадаркі Геалагічнага ўпраўлення ў Сіньцзяне Арлоўскага
ЗАЯВА
Прашу Вашага распараджэння накіраваць мяне ў тыл нямецка-фашысцкіх войскаў для чырвонапартызанскай і дыверсійнай работы, дзе я змагу прынесці непараўнальна больш карысці ў справе абароны сацыялістычнай Айчыны, чым знаходзячыся тут на гаспадарчай рабоце, паколькі ў чырвонапартызанскай і дыверсійнай рабоце я маю вопыт не толькі ў тыле нямецкіх акупантаў у 1919 годзе і ў тыле белапалякаў з 1920 па 1925 год, але і ў глыбокім тыле фашысцкіх войскаў у Іспаніі ў 1937 годзе.
За сямігадовую працу мне даводзілася нелегальна дзясяткі разоў пераходзіць лініі франтоў і дзяржаўных межаў і праводзіць дзясяткі дыверсійных баявых аперацый, граміць праціўніка, разбураць яго камунікацыі і ўсяляць паніку. У верасні 1941 г. я такую заяву пісаў на імя т. Фіціна, але адказ атрымаў праз т. Шыбаева такі: «Заяву ваша атрымалі. Маем на ўвазе, пры неабходнасці паклічам».
Я думаю, што патрэба ў гэтай працы цяпер як ніколі маецца, і што калі Вы мяне пашляце, то я аддам усе свае думкі, пачуцці, сэрца і буду так, як і раней, граміць заклятага ворага чалавецтва нямецкіх фашыстаў і знішчаць у тыле фашысцкую нечысць, якая ўварвалася на нашу савецкую зямлю.
8.12.41 г. Арлоўскі».
Факты, выкладзеныя ў архіўнай справе, сведчаць аб тым, што «Мірабо» і разведаддзел НКДБ Казахстана не спяшаліся з адпраўкай заявы «Кірыла» адрасату. Толькі ў лютым 1942 года разведаддзел НКДБ Казахстана накіроўвае ў Цэнтр рапарт «Кірыла» на адрас Л. П. Берыя з просьбай аб накіраванні яго ў тыл нямецкай арміі, лічачы мэтазгодным задавальненне гэтай просьбы.
«Кірыл», не ведаючы пра нетаропкія дзеянні разведаддзела і не дачакаўшыся адказу на свой ліст, 17 сакавіка 1942‑га піша заяву на імя старшыні Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР Іосіфа Сталіна. На гэты раз дзеянні «Мірабо» і разведаддзела НКДБ Казахстана былі імгненнымі.
На жаль, у архіўнай справе няма гэтага ліста. Па ўсім відаць, работнікі спецслужбаў не адважыліся зрабіць копію з дакумента, адрасаванага асабіста Сталіну. Пра змест даклада можна толькі меркаваць па шыфроўцы «Mірабо», адпраўленай з Кульджы ў той жа дзень у Цэнтр на адрас «Віктара» і «Аляксандрава». «Мірабо» паведамляў, што 17 сакавіка 1942 года «Кірыл» падаў ліст на імя І. В. Сталіна, у якім адзначаў свае магчымасці па працы ў тыле немцаў у раёнах Беларусі (веданне мовы, звычаяў, наяўнасць старых сувязяў сярод насельніцтва), прасіў накіраваць яго ў глыбокі тыл для партызанскай і дыверсійнай працы, лічачы, што гэтая дзейнасць можа прынесці больш карысці. На тэлеграме «Мірабо» мелася рэзалюцыя: «Тав. Мірошын, тэрмінова накіруйце заяву па прызначэнні, копію з падрабязнай нашай даведкай пашліце тав. Судаплатаву».
29 сакавіка 1942 года прыйшоў доўгачаканы адказ з Цэнтра. «Віктар» паведамляў, што «Кірыл» адклікаецца ў Маскву, і прасіў уладкаваць яго сям’ю ў Алма-Аце.
Ён стаў камандаваць партызанскім атрадам спецыяльнага прызначэння «Сокалы», які дзейнічаў у Баранавіцкай вобласці Беларускай ССР. Атрад паспяхова правёў шэраг аперацый па знішчэнні прамысловых аб’ектаў і воінскіх эшалонаў ворага. Дзеянні народных мсціўцаў сустракалі гарачую падтрымку насельніцтва часова акупаваных раёнаў, таму рады партызанаў пастаянна папаўняліся, і ў 1943 годзе атрад К. П. Арлоўскага налічваў больш за 350 байцоў.
17 лютага 1943 года, умела арганізаваўшы засаду, байцы атрада «Сокалы» знішчылі генеральнага камісара горада Баранавіч Фрыдрыха Фрэнча, гебітскамісара Баранавіцкай вобласці Фрыдрыха Шцюра і обергрупэнфюрара войскаў СС Фердынанда Засорнаса, захапіўшы важныя дакументы і зброю. У гэтым баі Арлоўскі быў цяжка паранены, страціўшы правую руку па плячо, а на левай — 4 пальцы, але не пераставаў кіраваць аперацыяй, пакуль не вывеў атрад у бяспечнае месца.
Вось як сам Кірыла Арлоўскі апісвае тое, што было далей:
«Я быў моцна паранены. Не ведаю, чаму я не сцёк крывёю. Мабыць, снег, насычаны крывёй, стаў як бы павязкай. У нашым атрадзе няма ўрача. Прыйшлося везці мяне ў суседні атрад. Урач думаў, што без наркозу я не вытрымаю аперацыі. Я сказаў: «Давайце без наркозу». Урач адказаў: «У мяне няма пілы». Пілу яму знайшлі. Слясарную пілу- нажоўку. Яе навастрылі, вычысцілі наждаком, выварылі ў кіпені.
Аперацыю вырашылі рабіць на адкрытым паветры — у зямлянцы цёмна. Убілі ў снег калы, на іх паклалі лыжы. Але нядоўга прыйшлося ляжаць мне на гэтым хірургічным стале.
Фашысты арганізавалі аблаву. Мяне ўзвалілі ў сані, закідалі кажушкамі і павезлі кіламетраў за трыццаць. Я чакаў, пакуль скончыцца бой. Тады ўрач скончыў аперацыю, а да гэтага яму не было калі — ён быў за другі нумар ля кулямёта.
Разумееце, як шмат я вытрываў, але, каб жыць, варта было гэта трываць.
Праз тры месяцы я падняўся. Партызаны не далі мне стаць калекам. Я зноў камандаваў сваім атрадам. І, мабыць, нядрэнна мы білі ворага. Увосень мяне выклікалі ў Маскву. Я прыйшоў да сабе дадому і спыніўся перад дзвярыма. За дзвярыма былі жонка і дзеці. Я пастукаў у дзверы нагой, таму што пазваніць мне не было чым…».
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 верасня 1943 года за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Арлоўскаму Кірыле Пракопавічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 1720).
Такім чынам, праз цяжкія фізічныя калецтвы — ад абедзвюх кісцей рук у яго застаўся толькі адзін палец — Кірыла Пракопавіч ужо не мог ваяваць. Здавалася б, заставалася толькі ціха дажываць свой век; дабрабыт яго дзяржава матэрыяльна забяспечыла б. Але ён быў чалавек іншага складу характару. 6 ліпеня 1944 года, калі яшчэ ішла вайна і Беларусь не была цалкам вызвалена, ён напісаў ліст Сталіну з просьбай прызначыць яго старшынёй калгаса «Чырвоны партызан» у яго роднай вёсцы ў Магілёўскай вобласці. Вось гэты ліст з невялікімі скарачэннямі:
«Масква, Крэмль, таварышу Сталіну
Ад Героя Савецкага Саюза
падпалкоўніка дзяржаўнай бяспекі
Арлоўскага Кірылы Пракопавіча
Заява.
Дарагі таварыш Сталін!
Дазвольце на некалькі хвілін затрымаць Вашу ўвагу, выказаць Вам свае думкі, пачуцці і імкненні.
З 1918‑га па 1943 год мне пашчасціла 8 гадоў працаваць у тыле ворагаў СССР у якасці камандзіра партызанскіх атрадаў і дыверсійных груп, нелегальна пераходзіць лінію фронту і дзяржаўную мяжу звыш 70 разоў, выконваць урадавыя заданні, знішчаць сотні заўзятых ворагаў Савецкага Саюза як у ваенны, так і ў мірны час, за што ўрад СССР узнагародзіў мяне двума ордэнамі Леніна, медалём «Залатая Зорка» і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Член ВКП (б) з 1918 года. Партыйных спагнанняў не маю.
Ноччу 17 лютага 1943 года агентурная разведка мне прынесла звесткі, што 17/ІІ-43 г. па адной з дарог Баранавіцкай вобласці на падводах будуць праязджаць Вільгельм Кубэ (Генеральны камісар Беларусі), Фрыдрых Фёнс (камісар трох абласцей Беларусі), обергрупэнфюрар Захарыус, 10 афіцэраў і 40–50 іх ахоўнікаў.
У гэты час пры мне было толькі 12 чалавек маіх байцоў, узброеных адным ручным кулямётам, сямю аўтаматамі і трыма вінтоўкамі. Днём на адкрытай мясцовасці, на дарозе, напасці на праціўніка было даволі рызыкоўна, але і прапусціць буйную фашысцкую гадзіну было не ў маёй натуры, а таму яшчэ да світання да самай дарогі я падвёў сваіх байцоў у белых маскіровачных халатах, паклаў ланцугом і замаскіраваў іх у снегавых ямах за 20 метраў ад той дарогі, па якой павінен быў праязджаць праціўнік.
Дванаццаць гадзін мне з таварышамі прыйшлося ляжаць у снегавых ямах і цярпліва чакаць…
У шэсць гадзін вечара з‑за ўзгорка паказаўся транспарт праціўніка, і калі падводы параўняліся з нашым ланцугом, па маім сігнале быў адкрыты наш аўтаматна-кулямётны агонь, у выніку якога былі забітыя Фрыдрых Фёнс, 8 афіцэраў, Захарыус і больш за 30 ахоўнікаў.
Мае таварышы спакойна забралі ўсю фашысцкую зброю, дакументы, знялі з іх лепшую вопратку і арганізавана адышлі ў лес, на сваю базу.
З нашага боку ахвяр не было. У гэтым баі я быў цяжка паранены і кантужаны, у выніку чаго ў мяне былі ампутаваны правая рука па плячо, на левай — 4 пальцы і пашкоджаны слыхавы нерв на 50–60%. Там жа, у лясах Баранавіцкай вобласці, я фізічна ачуняў і ў жніўні 1943 г. радыёграмай быў выкліканы ў Маскву.
Дзякуючы Народнаму камісару дзяржаўнай бяспекі таварышу Мяркулаву і начальніку 4‑га ўпраўлення таварышу Судаплатаву матэрыяльна я жыву вельмі добра. Маральна — дрэнна.
Партыя Леніна-Сталіна выхавала мяне ўпарта працаваць на карысць любімай Радзімы; мае фізічныя недахопы (страта рук і глухата) не дазваляюць мне працаваць на ранейшай працы, але паўстае пытанне: ці ўсё я аддаў для Радзімы і партыі Леніна-Сталіна?
Да маральнага задавальнення я глыбока перакананы ў тым, што ў мяне маецца досыць фізічных сіл, вопыту і ведаў для таго, каб яшчэ прынесці карысць у мірнай працы.
Адначасова з разведвальна-дыверсійнай і партызанскай работай я надаваў магчымую ўвагу працы над сельскагаспадарчай літаратурай.
З 1930‑га па 1936 год па родзе сваёй асноўнай працы я кожны дзень бываў у калгасах Беларусі, грунтоўна прыгледзеўся да гэтай справы і палюбіў яе.
Сваё знаходжанне ў Чкалаўскім сельскагаспадарчым інстытуце, а таксама Маскоўскую сельскагаспадарчую выставу я выкарыстаў да дна ў атрыманні такой колькасці ведаў, якая можа забяспечыць арганізацыю ўзорнага калгаса.
Калі б урад СССР адпусціў крэдыт у памеры 2.175 тысяч рублёў у атавараным выражэнні і 125 тысяч рублёў у грашовым выражэнні, то я на маёй радзіме, у вёсцы Мышкавічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці, у калгасе «Чырвоны партызан», да 1950 года дамогся б наступных паказчыкаў:
1. Ад ста фуражных кароў (у 1950 г.) змагу дасягнуць надою малака не менш за восем тысяч кілаграмаў на кожную, адначасова змагу з кожным годам павышаць жывую вагу малочна-племянной фермы, паляпшаць экстэр’ер, а таксама павышаць працэнт тлустасці малака.
2. Сеяць не менш за семдзесят гектараў лёну і ў 1950 г. атрымаць не менш за 20 цэнтнераў ільновалакна з кожнага гектара.
3. Сеяць 160 гектараў збожжавых культур (жыта, авёс, ячмень) і ў 1950 годзе атрымаць не менш за 60 цэнтнераў з кожнага гектара пры ўмове, калі нават у чэрвені-ліпені месяцах года не будзе ніводнага дажджу. Калі ж будуць праходзіць дажджы, то ўраджай будзе не 60 цэнтнераў з аднаго га, а 70–80 цэнтнераў.
4. Сіламі калгаснікаў і за іх кошт будзе пабудаваны пасёлак на 200 кватэр, кожная кватэра будзе складацца з 2 пакояў, кухні, прыбіральні і невялікага хлява для жывёлы і птушкі калгасніка. Пасёлак будзе ўяўляць з сябе тып добраўпарадкаванага, культурнага пасёлка сярод пладовых і дэкаратыўных дрэў;
5. Артэзіянскіх калодзежаў — 6 штук…
Павінен сказаць, што валавы даход калгаса «Чырвоны партызан» Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці ў 1940 годзе складаў толькі 167 тысяч рублёў.
…Калі па гэтай заяве ўзнікнуць пытанні, прашу выклікаць мяне для тлумачэння.
Герой Савецкага Саюза падпалкоўнік дзяржаўнай бяспекі Арлоўскі.
6 ліпеня 1944 г.
г. Масква, Фрунзенская набярэжная, дом № 10 а, кв. 46, тэл. Г‑6-60-46».
Сталін задаволіў просьбу Арлоўскага. Арлоўскі здаў дзяржаве маскоўскую кватэру і з’ехаў у сваю вёску. У студзені 1945 года ён быў выбраны старшынёй калгаса «Рассвет» (так стаў называцца «Чырвоны партызан») Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці.
Вось як сам Арлоўскі ўспамінае пачатак сваёй дзейнасці:
«Каля абгарэлых хат сабраліся дзеці, старыя, некалькі інвалідаў… На гарызонце відаць кудлатыя хвасты дыму — яшчэ не патушаны пажары ў вызваленым Бабруйску. Беларуская зямля ляжыць у руінах і ў попеле, нічога не ацалела ў Мышкавічах ад ранейшай калгаснай гаспадаркі…
На першым сходзе калгаснікаў шмат было размоў, як пачынаць, за што брацца, да якой справы раней за ўсё прыляпіцца. Самае моцнае, што засталося ў памяці, — ужо тады ў калгаснікаў ярка праявілася пачуццё калектывізацыі, пачуццё адзінай сям’і. Разам з гэтым пачуццём нарадзілася вера, што хутка ўсё зноў наладзіцца».
Пад кіраўніцтвам Арлоўскага калгас «Рассвет» стаў першым у пасляваенным СССР калгасам-мільянерам.
У 1958 г. Арлоўскаму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. За баявыя і працоўныя заслугі ўзнагароджаны 5 ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, шматлікімі медалямі. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР трэцяга-сёмага скліканняў. У 1956–1961 гадах быў кандыдатам у члены ЦК КПСС.
Памёр Кірыла Пракопавіч 13 студзеня 1968 года. Пасля яго смерці калгас «Рассвет» стаў называцца яго імем.
Вось што напісаў пра яго часопіс «Кругозор» у 1969 годзе.
З аповесці «Мяцежнае сэрца»
«У прасторным пакоі, акрамя пісьмовага стала, рады крэслаў чалавек на сто. Тут праходзяць рассветаўскія партыйныя сходы і семінары. Тут прымаюць гасцей, і круглы год а шостай раніцы, а ў час сяўбы ці ўборкі ўраджаю і раней, сюды збіраецца на нараду калгаснае кіраўніцтва. У гэтым пакоі вырашаюцца ўсе вялікія і малыя пытанні. Учора падаў заяву — сёння адказ. Вырашаюцца адкрыта, пры самай шырокай галоснасці і з захаваннем дэмакратычных нормаў.
— Сёння дванаццаць градусаў, барометр стаіць на «ясна». Якія планы, паглядзім, — кажа старшыня Арлоўскі. — Першая брыгада?..
Работа на дзень зацверджана. Кірыла Пракопавіч схіляецца над сталом, чытае заяву. Калгасніца Алена Бяляўская піша, што ў яе несправядліва аднялі восемдзесят шэсць рублёў за недаздадзенае насенне агуркоў.
Прачытаўшы заяву, Кірыла Пракопавіч здымае акуляры.
— Дзевяць гадоў таму, — пасля паўзы кажа ён, — прыкладна ў гэты ж час памёр Антон Майсеевіч Бяляўскі. Звычайны стары, начны вартаўнік. Мы лічылі яго самым простым і самым звычайным, пакуль жыў. А калі памёр, убачылі, што душа ў яго была выдатная — выдатная душа патрыёта калгаса «Рассвет». Калгаснае ён любіў усім сэрцам. Чалавекам звацца лёгка, а быць чалавекам — гэта не проста. Антон Бяляўскі быў такім. Думаю, варта паставіць яму помнік.
У задніх радах пачулася хліпанне.
— …А ў Антона Бяляўскага засталася ўдава Алена. Давайце разбяромся, ці справядлівая яна жанчына, альбо яна была Антону не пара, глядзіць, як бы пацягнуць з калгаса, што толькі можна. А ну, раскажы, Алена, якія твае крыўды?
Старая ўстала, змахнуўшы слязу, загаварыла:
— Прывёз мне восенню Сямён жаўцякоў і кажа: «Тут тона». Тона дык тона, я не правярала. Усе вылушчыла, высушыла, як належыць, і здала. І раптам пры канчатковым разліку — восемдзесят шэсць рублёў. Несправядліва гэта. Я працавала і працую добрасумленна…
Слова просіць калгасны бухгалтар Іван Фаміч. Гучна, памятаючы пра слабы слых Арлоўскага, дае дакладную даведку:
— Алена Бяляўская і яе суседка Лізавета Цэд атрымалі па дакументах агуркоў пароўну, а здалі насення… Алена на восемдзесят шэсць рублёў дваццаць капеек менш за норму, а Лізавета — на восемдзесят дзевяць рублёў больш за норму. Агуркі аднолькавыя, з адной машыны.
— Вы зразумелі, таварышы, у чым справа? — тлумачыць Арлоўскі. — Састарэлым калгаснікам мы даём пасільную працу — яны ў нас надомнікі. Вось давалі лузаць насенныя агуркі: насенняводства — вельмі прыбытковая справа. Ну і сёй-той, відаць, хоча на гэтым нагрэць рукі. — Кірыла Пракопавіч павярнуўся да брыгадзіра агароднай брыгады Сямёна Корзуна: — Падзяліся вопытам, як можна абкрадаць калгаснікаў?
— Ссыпалі на вока, ніякіх шкурных думак у мяне не было, — задыхнуўся ад хвалявання брыгадзір.
— Сядай! — Арлоўскі звярнуўся да прысутных: — Ясна, у чым справа, ці трэба яшчэ растлумачваць?
— Ясна!
— А калі ясна, мая прапанова такая… На брыгадзіра Сямёна Корзуна за спробу парушыць парадак уліку матэрыяльных сродкаў, што з’яўляецца перадумовай крадзяжу, накласці штраф. Грошы з Алены Бяляўскай не спаганяць.
Гул адабрэння.
— А табе, Алена, дзякуй! Малайчына, не пасароміла памяць мужа!
Валянцін Панамароў».
А вось як успамінаюць пра яго самі калгаснікі:
«Цяжка застацца ў памяці кожнага. На долю былога старшыні калгаса «Рассвет» Кірылы Пракопавіча Арлоўскага прыпала такая вядомасць. Старая калгасніца Дар’я Іванаўна, якую распытваў я пра нябожчыка Арлоўскага, сказала: «Усе мы яго памятаем, як учора. Бо ў жыцці кожнага — ён…».
Зрэшты, гісторыю калгаса, які вырас на былым папялішчы, гісторыю росту яго людзей і дабрабыту ведаюць у нашай краіне. Ведаюць, што звязана гэта з імем Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы Кірылы Пракопавіча Арлоўскага.
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
19.08.2020 - 10:24
Летопись первой глусской школы в проекте «Как здесь учились и учили»
13.08.2020 - 14:57
29.07.2020 - 12:12