З набліжэннем да Клімаўшчыны фронту, подых якога з кожным пражытым вераснёўскім днём сорак трэцяга адчуваўся ўсё больш і больш, Клава Капаева ідзе ў вёску Аляксандраўку, што знаходзілася ў партызанскай зоне, да сувязных. У вайну яна — кіраўнік адной з падгруп
Клімавіцкага камсамольска-маладзёжнага падполля, а да вайны ўсяго год адпрацавала ў школе настаўніцай.
Яна хоча даведацца, дзе дакладна ў лесе можна адшукаць партызан, бо тыя апошнім часам часта мянялі сваё месцазнаходжанне. То іх праследвалі франтавыя армейскія часці адступаючага на Захад ворага, то яны самі хаваліся ад яго, то нападалі на невялікія нямецкія падраздзяленні.
Калі ж наведала сувязных і дазналася аб партызанскім лагеры, дзяўчына з добрым настроем, напяваючы, крочыць па лясной сцяжыне ў партызанскі атрад № 45 «За Радзіму». Немцаў яна ніколечкі не баіцца, бо добра размаўляе на іхняй мове, якую ў мірны час выкладала ціманаўскім школьнікам. Спадзеючыся, што неяк выкруціцца. І не з пустымі рукамі ідзе — нясе толькі што сабраныя важныя звесткі пра фашыстаў. З тым разлікам, каб застацца ў лесе і са зброяй у руках змагацца з імі. Так яна цвёрда для сябе вырашыла. Ёй так хочацца, каб узялі ў атрад! Тым больш што ўжо хапіла галаўнога болю-клопату з паліцаем Леанідам Лукашэвічам. Той тады на поўным сур’ёзе пагражаў:
—Гэтую гончую (так ён называў яе за вочы) толькі дзе-небудзь на цёмнай дарозе можна застрэліць. Бо ўсё гойсае сабе туды-сюды: і ў горад, і ў воласць, і да лесу. З незнаёмымі людзьмі сустракаецца. Падазрона ўсё гэта. Пад выглядам таго, што немцам перакладае і ўласаўцы да яе хаты ідуць, яна яшчэ і з хлопцамі з самааховы, лічы, заадно. А гэта ж, як піць даць, падпольшчыкі, якія наўмысна служаць у немцаў!
Немцы ж наўкола ўсё лютавалі, здзекваючыся з мірнага насельніцтва. Людзей, якіх выдавалі здраднікі, арыштоўвалі, дапытвалі, расстрэльвалі, а моладзь — у Германію забіралі. І выйсце было для маладых у гэты суровы час адно — перасядзець дзе-небудзь у надзейным месцы гэтую ваенную завіруху. І за ўсё зручней, зразумела, у самім партызанскім атрадзе. А таму перад самым вызваленнем да лесу падалося нямала людзей. Ішла туды і Клава, ды не адседжвацца, як іншыя, а змагацца, помсціць, ваяваць. Але там мелі зусім іншае меркаванне:
—Трэба, даражэнькая, табе назад у вёску вяртацца. Людзей, ахвотных ваяваць, у нас і так хапае. Вунь, цэлымі пачкамі бягуць. І працягваць, як і раней, падпольную работу, бо ты са сваімі братамі для нас — вочы і вушы. Неабходна дапамагчы наступаючым часцям Чырвонай Арміі ў вызваленні раёна.
Нічога не зробіш — загад ёсць загад! І яна, хаця і са шкадаваннем, але вымушана была вяртацца дадому. Неўзабаве пасля таго Клава даведваецца, што, адступаючы, фашысты пакінулі ўзвод кулямётчыкаў у зрубе, які стаяў каля бальшаку ў яе роднай вёсцы Гірэвічы. А з той пазіцыі быў пад прыцэлам, як на далоні, узлесак, адкуль і павінны былі па ўсёй верагоднасці з’явіцца нашы наступаючыя войскі. Немцы хацелі затрымаць рускіх як мага большы час, пакуль іх асноўныя сілы адыходзілі да вёскі Дарагінь, каб там замацаваца на абарончых рубяжах.
Ранкам 28 верасня 1943 года да хаты Капаевых ледзь не бегма прымчаў сваяк Пракоп Піменавіч Рыжакоз.
—Бачыў, толькі што з лесу выехалі трое вайскоўцаў на конях! — усхвалявана распавёў ён, яшчэ не пераступаючы парога. — Відаць, нашы разведчыкі! Аднаго з іх немцы, мабыць, застрэлілі, бо ўпаў з каня і больш не падняўся, а астатнія — назад паскакалі.
Тэрмінова было неабходна правесці нашых салдат у абход засады. Клава адразу ж кліча Андрушку з Міколкам, сваіх малодшых братоў:
—Хутчэй, хлопчыкі, да сваіх! Паведаміце ім пра фрыцаў, што заселі ў зрубе.
Дзеткі прабеглі нізінай, хаваючыся за кусты хмызняку. Тут ім кожная яліна была да драбніц знаёмая. Яны ж хлопцы мясцовыя! Да вайны, ды падчас яе, тут імі ўсё ходжана і пераходжана. Колькі разоў у тую ж вайну нашых з немцамі гулялі з вясковымі хлапчукамі! Хуценька перапаўзлі праз бальшак з тым разлікам, каб саміх не падстрэлілі фрыцы, і неўзабаве апынуліся ў размяшчэнні воінаў-вызваліцеляў.
Радасцю засвяціліся вочы ў хлопцаў — столькі чырвонаармейцаў! Іх сустрэў афіцэр, старшы лейтэнант Міхаіл Вур’е, бо яны адразу ж запатрабавалі самога камандзіра. Ягоную роту Андрэйка з Міколам, не марнуючы дарэмна час, павялі паміж Гірэвічамі і суседнімі Стайкамі, дзе варожыя стрэлы іх не маглі ўжо дастаць. Але немцы гэтаксама не спалі ў шапку: заўважылі, што іх абыходзяць, ды адзін за адным бягом навыперадкі ў Дарагінь, да сваіх. Частку іх тады перахапілі ў дарозе, узялі ў палон.
Вось так Капаевы-малодшыя дапамаглі вызваліць родную вёску. А разведчыка, забітага немцамі, што былі ў засадзе, старшага лейтэнанта Вікулава ў той жа дзень пахавалі на бальшаку. Там, дзе ён загінуў ад варожай кулі. Побач з яго магілкай пасадзілі бярозку. Расце яна і па сённяшні дзень, нагадваючы гірэеўцам пра воіна-вызваліцеля.
Пасля заканчэння вайны загадам № 33 па батальёне беларускіх арлянят Андрэй Капаеў як піянер, удзельнік Клімавіцкага камсамольска-маладзёжнага падполля быў залічаны ў сімвалічны батальён беларускіх арлянят героя Савецкага Саюза Лівенцава. За свае подзвігі ў тыле ворага ён быў узнагароджаны двума медалямі — «За адвагу» і «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг. », а за мірныя працоўныя будні — медалём «За доблесную працу. З нагоды 100‑годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна». А ў сувязі са святкаваннем аднаго з юбілеяў Вялікай Перамогі яму ўручылі яшчэ і ордэн — Айчыннай вайны І ступені. Дарэчы, і яго сястра-падпольшчыца Клаўдзія, якая ў той час працавала ў адной са школ Магілёва, атрымала такі ж, толькі ўжо другой ступені.
Заслужана адзначылі абаіх гэтымі высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Ды вось узнагародзіць іхняга малодшага браціка Міколку, што гэтаксама разам з імі хадзіў на заданні і рызыкаваў сваім жыццём, забыліся. А ён жа як-ніяк таксама арляня Вялікай Айчыннай. Відаць не ўзнагародзілі таму, што быў зусім малы…
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
19.08.2020 - 10:24
Летопись первой глусской школы в проекте «Как здесь учились и учили»
13.08.2020 - 14:57
29.07.2020 - 12:12