У Чавускім раёне аб’явілі бой пустуючым будынкам.
Яны - быццам бяльмо на воку. Ад некаторых наогул засталіся адны падмуркі, якія яшчэ доўга могуць псаваць пейзаж. Усё залежыць ад таго, наколькі паспяхова мясцовыя ўлады арганізуюць пошукі патэнцыяльнага спадчынніка. За кожным домам стаіць гаспадар, і без яго дазволу цяжка распараджацца непрэзентабельнай маёмасцю. Тым не менш сёлета ў раёне збіраюцца паставіць своеасаблівы рэкорд і знесці аж 500 дамоў-прывідаў - у 2 разы больш, чым летась. Пра тое, як гэта адбываецца на практыцы, размова са старшынёй Чавускага раённага Савета дэпутатаў Анатолем Мацюліным.
Час не пашкадаваў хату продкаў Шарона
На першае студзеня ў рэестры значылася 433 пустуючыя дамы, але, удакладняе старшыня райсавета, іх колькасць з кожным днём павялічваецца - за кошт тых, па якіх ідуць судовыя разборы. Больш з нашчадкамі не цырымоняцца.
- Раней мы самі займаліся добраўпарадкаваннем такіх аб’ектаў ці зносілі іх па дамоўленасці, але ўжо летась пачалі больш рашуча працаваць з патэнцыйнымі ўласнікамі праз суды, - кажа Анатоль Мацюлін. - Самым паказальным у гэтай справе па Магілёўскай вобласці быў Круглянскі раён. Мы з калегамі нават ездзілі туды вучыцца. А нядаўна ўжо і да нас сталі звяртацца па вопыт.
Анатоль Мацюлін запрашае ў вёску Капані, - паглядзець, як тут змагаюцца з пустуючымі будынкамі. Па дарозе праязджаем старадаўнюю вёску Галавенчыцы, дзе жылі продкі былога ізраільскага прэм’ер-міністра Арыэля Шарона. Калісьці хата яго дзеда - адзінага на ўсю вёску яўрэя - стаяла на пагорку. Цяпер на гэтым месцы растуць дрэвы. «Напэўна, славуты палітык таксама не пажадаў уступаць у правы спадчынніка?» - прамільгнула «крамольная» думка.
Капані калісьці таксама былі вялікай вёскай - з клубам, школай, іншымі сацыяльнымі аб’ектамі. За апошні час амаль нічога з гэтага не засталося. Жыхароў таксама небагата - некалькі дзясяткаў пенсіянераў. Ствараць умовы для іх дапамагае ініцыятыўная стараста вёскі Надзея Шалаева. Яна ж вядзе ўлік пустуючых дамоў і шукае магчымасць выйсці на сувязь з нашчадкамі іх былых гаспадароў. Вось і гэты дом, які трапіў пад знос, пуставаў не адзін год. Гаспадыня яго памерла, брат, якому яна перадала сваю маёмасць, таксама, а яго дачка з Краснадара не адказала на запыт. Дом праз суд прызнаны пустуючым і цяпер ідзе пад знос.
Мясцовыя бабулькі, для якіх гэта цэлая падзея, збегліся паглядзець. «Стараста вялікую справу робіць, - лічыць жыхарка вёскі Ніна Падаліцкая. - Маладыя ўцякаюць у горад, а хаты кідаюць. І вёска паступова прыходзіць у заняпад».
Дарэчы, за апошні год ужо 12 дамоў у Капанях прызнаныя судом пустуючымі. І працэс працягваецца.
Калі б за ўсё плаціць…
Сёлета ў Чавускім раёне запланавалі патраціць на знос пустуючых будынкаў 420 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў. Добрыя памочнікі ў гэтай справе - камунальнікі. Пры Чавускім жылкамгасе створана 5 участкаў, якія дапамагаюць вырашаць набалелае пытанне. Анатоль Мацюлін прыводзіць прыклад, як участак пад кіраўніцтвам Васіля Ларчанкі з аграгарадка Ваўкавічы за 2 месяцы знёс аж 26 дамоў. І даход атрымалі неблагі, і дровы для ацяплення. За знос спарахнелых сцен і дрэў камунальнікі грошы не бяруць. Заадно эканомія бюджэтных сродкаў атрымліваецца.
- Калі б за ўсё плаціць, спатрэбілася б мільёнаў 20 на знос, а то і больш, мы ж абмяжоўваемся 5-6 мільёнамі, - удакладняе старшыня райсавета. - І каб гэтыя сродкі акупіліся, адразу ж стараемся ўвесці зямлю ў севазварот, «прыараць» свабодны ўчастак да сельскагаспадарчага поля. Калі ў кожным з 7 сельсаветаў прыбраць дамоў прыкладна на 70-80 мільёнаў рублёў, атрымаецца дзесьці 40 га «новай» зямлі, на якой можна вырошчваць хлеб. А гэта ўжо неблагі даход.

У раёне 167 населеных пунктаў, у некаторых пустуючых дамоў больш, чым тых, якія рэальна выкарыстоўваюцца. Скажам, у Рабятках з чыстым сумленнем можна прыбраць 10 хат і пакінуць усяго 5.
- Каб сістэматызаваць гэтую працу, мы склалі план правядзення выязных дзён сельсаветаў і сесій дэпутатаў райсавета з запрашэннем усіх зацікаўлены службаў, - расказвае Анатоль Мацюлін. - Вельмі спрыяюць вырашэнню праблемы святы вёсак. Мы дапамагаем жыхарам навесці парадак, а яны таксама зацікаўлены, каб іх вёскі выглядалі больш прывабна.
Спадчына… без будучыні
Працэдура па зносе непатрэбных дамоў, безумоўна, спрасцілася, але хапае і «падводных камянёў».
- Па логіцы, знос дома павінны аплачваць нашчадкі, але мы разумеем, што так ніхто з намі супрацоўнічаць не будзе, таму ідзем насустрач, - тлумачыць Анатоль Мацюлін. - Нам гэта таксама выгадна: не трэба затрачваць лішнія грошы на суд, аб’явы і ўсё астатняе. У гэтай працы, як вядома, задзейнічана шмат розных службаў - сельвыканкамы, спецыялісты раённай камісіі і іншыя. Гэта ўсё не танна.
Кожны нашчадак па законе павінен у трохгадовы тэрмін сам праінфармаваць сельскі Савет аб тым, што ён плануе рабіць з домам. Але часта нашчадкі не толькі не спяшаюцца гэта рабіць, а і наогул не ўступаюць у спадчыну. Такія справы толькі праз суд застаецца праводзіць.
- На ўскрайку вёскі Нежкаўка стаіць дамок, - прыводзіць прыклад старшыня райсавета. - Ён належыць старой жанчыне, якая жыве ў Крычаве. Суседзі па вёсцы кажуць, што апошні раз яна прыязджала туды некалькі гадоў таму. Я асабіста ёй тэлефанаваў, каб вызначалася з домам. Ніхто ж не забараняе яго трымаць - толькі парадак наводзь! Але жанчына хоча пакінуць усё як ёсць. Маўляў, шкада бацькоўскі дом разбураць. І афіцыйнага дакумента на знос не дае. Мы павінны афармляць гэту справу ў суд. Але пакуль яна афіцыйна не ўступіла ў спадчыну, мы не можам прыцягнуць яе да адказнасці. Нам нічога іншага не застаецца, як толькі наводзіць там парадак. А дом побач з лесам, зямлю, дзе ён стаіць, нават у севазварот не ўключыш.
Галаўны боль для мясцовых улад - нашчадкі, якія наогул жывуць у іншых краінах. У іх уладанні амаль 10% ад усёй колькасці пустуючых дамоў. У Каменскім сельсавеце ёсць дом, спадкаемца якога жыве ў Мурманскай вобласці. Ён сюды не едзе ўжо амаль 10 гадоў. Яшчэ адзін дом-«прывід», ад якога застаўся адзін падмурак, знаходзіцца ў Чавусах - яго гаспадары таксама жывуць у Расіі. Лёс гэтых дамоў сёння вырашаецца праз суд.
Тое што Указ №100 больш дасканалы, чым папярэдні «сямідзясяты», Анатоль Мацюлін згодны цалкам, але лічыць, што не перашкодзіць зрабіць яго яшчэ больш жорсткім. «Калі 3 гады дом не выкарыстоўваўся, то якая розніца, ёсць нашчадак ці няма, - лічыць ён. - Калі пабудова знаходзіцца ў дрэнным стане, хай раённая камісія сама прымае рашэнне, зносіць яго ці выкарыстоўваць далей. За тры гады дом можна было сто разоў аформіць на сябе. Якая справа таму жыхару Мурманска да гэтай маёмасці, калі ён не прыязджаў нават бацькоў хаваць? Навошта яго шукаць?»
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
12.08.2020 - 16:31
09.08.2020 - 18:36
Ольга Петрашова: к голосованию на выборах Президента нужно подходить с полной ответственностью
09.08.2020 - 14:46
Люди приходят на выборы в хорошем настроении – наблюдатель избирательного участка №3 в Славгороде
09.08.2020 - 14:42
09.08.2020 - 12:45
Многодетная мама из Могилева: сегодня мы выбираем будущее наших детей