Рус Бел Eng 中文

Вір­ту­аль­ны тур па сва­ёй на­ву­чаль­най уста­но­ве рас­пра­ца­ва­лі ма­гі­лёў­скія вуч­ні

Магілёўскія вучні распрацавалі віртуальны тур па сваёй навучальнай установе. Першапраходцамі ў прамым сэнсе гэтага слова сталі навучэнцы 34-й школы Дзмітрый Варэннікаў з 8 класа і Ілья Тупальскі з 5-га. Кіравала працэсам стварэння 3D-экскурсіі настаўніца Марына Тупальская.

Паколькі ў астатніх адукацыйных установах вобласці такая практыка адсутнічае, прыйшлося правесці даследчую работу. Школьнікам для гэтага спатрэбілася пяць месяцаў. За гэты час яны навучыліся працаваць з праграмамі па стварэнні віртуальных панарам, падабралі і сфатаграфавалі найбольш цікавы матэрыял пра сваю школу, яе вучняў і настаўнікаў. Дарэчы, толькі на адну панараму, а іх зроблена тры, спатрэбілася не менш за 36 здымкаў.

Каб паглядзець, што атрымалася, дастаткова зайсці на сайт школы і клікнуць па падраздзеле «экскурсія». Эфект прысутнасці ствараецца з дапамогай сферычных панарам, звязаных паміж сабой інтэрактыўнымі спасылкамі. Самае цяжкае для першапраходцаў было звесці здымкі спачатку ў панараму, а потым у тур цалкам. Аб гэтым шмат гаворыцца ў іх даследчай працы. Дзіма і Ілья атрымалі каштоўны вопыт, пакуль рыхтавалі яе. Кажуць, што цяпер яны змогуць здзіўляць сваіх блізкіх і знаёмых не звычайнымі фотаздымкамі са сваіх падарожжаў, а панарамнымі.

Даследаванне магілёўскіх школьнікаў ужо прыцягнула да сябе ўвагу. «Стварэнне віртуальнага свету» было прадстаўлена на канферэнцыях даследчых работ навучэнцаў у Бабруйску і Кастрычніцкім раёне Магілёва. На апошнім мерапрыемстве яно заняло першае месца. Цяпер Дзмітрый і Ілья рыхтуюцца да абласнога этапу, які адбудзецца ў красавіку. Пакрокавая інструкцыя, што распрацавалі юныя даследчыкі, дае магчымасць паспрабаваць сябе ў цікавай справе любому. Для гэтага зусім неабавязкова быць прафесійным фатографам ці інжынерам-праграмістам. Дастаткова мець добры фотаапарат і камп’ютар. Але пакуль у інтэрнэце можна паглядзець толькі на сам вынік гэтага даследавання. Змяшчаць інструкцыю па прымяненні ў найбліжэйшы час распрацоўшчыкі не плануюць. «Вось заваюем рэспубліку, тады іншая справа», — смяюцца яны.

“Звязда”


При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна