Рус Бел Eng 中文

«Апостал» з Магілёва старэйшы за скарынаўскі «Псалтыр»?

Дагэтуль ніхто не падвяргаў сумненню, што першая друкаваная кніга на беларускай мове называлася «Псалтыр» і была выдадзена Францішкам Скарынам у 1517 годзе ў Празе. Але нядаўна ўкраінская даследчыца Святлана Кагамлык паведаміла ў сваёй манаграфіі «Кіева-Пячэрская лаўра. Свет праваслаўнай духоўнасці і культуры» сенсацыйныя звесткі. Маўляў, у архівах Кіева-Пячэрскай лаўры захаваўся рэестр, складзены манахамі ў 1736-1744 гадах, дзе пазначана, што ў XVІІІ стагоддзі пры царкве Пакроў Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Ялуўка знаходзіўся «Апостал», які быў выдадзены ў 1504 годзе ў Магілёве.

Гэтае паведамленне адразу ж выклікала рэзананс. Дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў звязаўся з даследчыцай і атрымаў інфармацыю, што называецца, з першых рук. Сапраўды, такі гістарычны дакумент існуе, хтосьці нават насупраць яго напісаў здзіўленае «ого!». Святлана Кагамлык лічыць, што зроблена гэта рэмарка не менш за стагоддзе таму. Але трэба яшчэ, каб яе здагадкі пацвердзіла экспертыза.

— Наколькі гэтыя звесткі наогул могуць адпавядаць рэчаіснасці? — пацікавілася ў гісторыка.

— Пакуль гэта адзіны факт на карысць існавання такой кнігі, і зрабіць нейкія высновы, зыходзячы толькі з яго, нельга, — паведаміў ён. — Хутчэй за ўсё гэта нечая памылка. Або размова ідзе пра нейкі рукапісны варыянт. Тым не менш мы збіраемся правесці сваё даследаванне. Сябры-архівісты з Мінска нам у гэтым дапамогуць. Больш дэталёва разбярэмся ў гэтай сітуацыі, звярнуўшыся ў той самы прыход, на які робіцца спасылка. Мы ўжо думаем арганізаваць туды экспедыцыю.

“Звязда”

 

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна