Рус Бел Eng 中文

Знайсці салдата… праз бібліятэку

Сёння шмат хто цікавіцца лёсам сваіх загінуўшых на вайне бацькоў і дзядоў. І падказаць шлях гэтых пошукаў могуць не толькі ў архівах, але і ў бібліятэцы. Галоўная з іх у Магілёўскай вобласці, якая носіць імя Леніна, сёлета адзначае свой 80-гадовы юбілей. Тут захоўваюцца кнігі, якія чыталі салдаты перад боем. А яшчэ шмат рэдкіх дакументаў з розных архіваў.

Падчас дзён адчыненых дзвярэй тут зноў нагадвалі пра гады ліхалецця і знаёмілі чытачоў з навінкамі. Дзякуючы краязнаўцу з Варонежа Рыгору Плахатнюку нядаўна тут з’явіліся 12 нумароў расійскага часопіса «Военно-исторический архив» з апошнімі даследаваннямі гісторыкаў пра невядомыя старонкі вайны, яе герояў, фотадакументы, якія распаўсюджваюцца на шырокую аўдыторыю ўпершыню.

- З Рыгорам Плахатнюком нас звязвае агульнае мінулае, - адзначыла падчас прэзентацыі часопіса загадчыца аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры Тамара Калініна. - Яго дзед змагаўся на Буйніцкім полі ў палку Сямёна Кцепава, у апошні дзень абароны трапіў у палон і быў вызвалены толькі 2 мая 1945 года. Плахатнюк узгадвае, што дзед не любіў хадзіць на звязаныя з вайной урачыстасці. У той час усе, хто прайшоў праз палон, адчувалі сябе без віны вінаватымі. І ўнук даў сабе зарок, калі вырасце, абавязкова пабывае на Буйніцкім полі, паглядзіць, дзе ваяваў дзед, і будзе рабіць усё для таго, каб ніхто з апаленых вайной не быў забыты.

Супрацоўніцтва з бібліятэкай пачалося з 2011 года, калі Рыгор Плахатнюк выйшаў на сайт установы і быў уражаны віртуальнай выставай «Абарона Магілёва. Хроніка мужнасці». У тым жа годзе ён упершыню прыехаў у Магілёў, наведаў Буйніцкае поле. А бібліятэцы ён перадаў шмат унікальных дакументаў - копіі картачак ваеннапалонных з нямецкіх і расійскіх архіваў.

Каштоўнасць апошняга яго падарунка ўжо ацанілі гісторыкі і краязнаўцы. «Часопіс унікальны тым, што заснаваны на дакументах, якія знаходзяцца ў Цэнтральным архіве Мінабароны Расіі ў Падольску, - адзначыў выкладчык Магілёўскага ўніверсітэта харчавання Фёдар Свінціцкі, аўтар некалькіх кніг пра вайну. - У тым архіве ўсе дакументы Вялікай Айчыннай вайны. Але беларусам цяжкавата туды трапіць, як і іншаземцам, нам патрэбен спецыяльны дазвол Мінабароны Расіі. Лёс многіх салдат па 1941 годзе мы не можам прасачыць - не захавалася дакументаў. А вось па 1944 годзе ўсе дакументы ёсць. Яны ляжаць у Падольску і чакаюць свайго даследчыка. Я толькі па магілёўскай наступальнай аперацыі знайшоў 970 новых прозвішчаў, і многія з іх з’явіліся на помніках. У Магілёўскім раёне ёсць маленькая вёска Вялікае Бушкава. Там загінулі 102 салдаты. У 2009 годзе там паставілі помнік».

“Звязда”

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна