Вось што значыць добры прыклад для пераймання. Да нядаўняга часу ў раёне існаваў дзіцячы дом сямейнага тыпу Маргарыты і Сяргея Кундзікавых, а зараз па іх слядах пайшлі дзеці - родны сын Захар і прыёмная дачка Юля. Маладыя людзі і сваю сям'ю стваралі з такім намерам, каб падарыць шчасце абяздоленым дзецям. У раёне, калі будавалі чарговы дом для прыёмных дзяцей, нават не сумняваліся, хто стане ў ім гаспадарыць. Пакуль там ішлі апошнія падрыхтоўкі, карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з выхавацелямі-пачаткоўцамі ў доме іх бацькоў. Як пажартаваў Захар, цяпер маці для яго і цешча, і калега, і галоўны кансультант.

Праз дзіцячы дом Маргарыты і Сяргея Кундзікавых за 25 гадоў яго існавання прайшлі 43 выхаванцы. Большасць з іх застаецца на сувязі і сёння. Дастаткова пагартаць Кнігу жыцця вялікага сямейства, каб паглядзець, як склаўся іх лёс. Некаторыя ўжо самі сталі бацькамі, але пра свой дом не забываюць. Сябруюць і ездзяць у госці адно да аднаго. Калі летась Захар і Юля ўзялі з прытулку двух першых дзяцей, дапамагалі, хто чым мог: мэбляй, дыванамі, адзеннем.
Маргарыта Кундзікава ганарыцца, што лёс яе выхаванцаў складваецца ўдала. Асабліва радуецца за прыёмных дачок, якія паспяхова выйшлі замуж. Заадно выхавала нявестак - не толькі для сябе, але і для сваёй роднай сястры: пляменнік тут таксама знайшоў сабе другую «палову». Шмат хто з дзяцей марыў пра вялікія сем'і, але не ва ўсіх атрымалася іх стварыць. Захар жа, можна казаць, з дзяцінства ішоў да гэтай мэты. Яму было ўсяго 6 гадоў, калі ў яго жыцці з'явіліся першыя прыёмныя сёстры і браты. Але тое, што яго абранніцай будзе таксама дзяўчына з іх сям'і, стала сюрпрызам для ўсіх. На той час, калі бацькі забралі з прытулку Юлю з яе малодшым братам, Захар быў ужо самастойным маладым чалавекам і жыў асобна. І зусім не думаў убачыць у сціплай 10-гадовай дзяўчынцы сваю будучую жонку. Гэта стала зразумела некалькі гадоў таму, калі пачуцці ў адносінах да Юлі перараслі братэрскія. Яму падабалася, што дзяўчына, нягледзячы на юны ўзрост, самастойная, а галоўнае - вельмі любіць дзяцей. І нават мары пра сям'ю, дзе сыноў і дачок павінна быць як мінімум з футбольную каманду, у іх супалі.
- Спачатку я крыху сумнявалася, якая з Юлі нявеста: на той момант ёй было ўсяго 18 гадоў, - усміхаецца Маргарыта Кундзікава. - А потым узгадала, што сама ў такім узросце замуж выскачыла. Супакоіла сябе: ну і што тут такога, хай сабе жэняцца. Тым больш Захар сур'ёзны чалавек, ён на 11 гадоў старэйшы за Юлю. У яго і сваё жыллё ўжо было, і праца добрая. Адным словам, тыл надзейны.
Іх «першынцы» - 7-гадовы Арцём і 4-гадовая Даша, «знайшлі» сваіх бацькоў праз раённую газету.
- Калі ўбачыў іх фота, міжволі стаў думаць, куды б мы разам пайшлі і што б зрабілі, - прызнаецца малады бацька. - Якраз у гэты момант патэлефанавала мама і быццам прачытала мае думкі: «Ну што, сын, ты трымаеш у руках тую ж газету, што і я?» Хутка дзеці былі ўжо ў нас.
Зараз нават не верыцца, што яшчэ год таму Даша была, як кажуць, «калючым вожыкам». Глядзела на сваю новую радню з падазронасцю і нават... укусіла тату. Зараз яна яго любіміца і намеснік па выхаваўчых справах. Яе слухаюцца нават старэйшыя дзеці, 15-гадовы Улад і 12-гадовая Луіза - яны пакуль жывуць у Чавусах і наведваюцца да сваіх прыёмных бацькоў толькі ў выхадныя і на святы. (Але днямі пераязджаюць у Клічаў на пастаяннае месца жыхарства.) А на «падыходзе» ўжо пятае прыёмнае дзіця, з якім сям'я зусім хутка пазнаёміцца.

- Не страшна браць на сябе такую адказнасць? - цікаўлюся ў Юлі.
- Мы на гэта ішлі свядома, - рашуча адказвае яна. - Я ўжо прывыкла, што мяне клічуць мамай. Спачатку крыху было не па сабе. Асабліва калі так назваў Улад, маладзейшы за мяне ўсяго на 6 гадоў. Але я ўжо прывыкла і рада. Вельмі прыемна, калі сябры кажуць, што дзеці падобныя да мяне. Нас не пужае і тое, што ў дзяцей могуць выявіцца нейкія адхіленні ў здароўі. Па сваёй спецыяльнасці я алігафрэнапедагог і дэфектолаг, розных дзяцей паспела пабачыць.
- Жыць без дзяцей нецікава, - у тон сваёй жонцы адказвае Захар. - Раней я палову заробку аддаваў маці, на падарункі сваім прыёмным сёстрам і братам. Мне радасна, калі бачу на іх тварах усмешкі. Калі шчыра, я па сваёй натуры быў эгаістам, але жыццё ў вялікай сям'і зрабіла мяне лепшым. Эгаіст любіць толькі сябе, а гэта сумна. Я шчаслівы, што ў мяне быў шанц адчуць, якое гэта шчасце - жыць для іншых.
Каментарый да тэмы
- Спадзяёмся, што Захар і Юля будуць добрымі бацькамі для сваіх прыёмных дзетак, - кажа начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Клічаўскага райвыканкама Аляксандр Мялешка. - Дом пабудаваны па інвестыцыйнай праграме «Нашы дзеці», тут створаны ўсе ўмовы для вялікай сям'і - сучасная планіроўка, прасторныя, светлыя пакоі. Маладыя людзі, якія будуць выконваць абавязкі выхавацеляў, выраслі ў знаёмым ім асяроддзі і з жаданнем бяруцца за справу. Мы іншыя кандыдатуры нават і не разглядалі. За кошт бюджэтных і спонсарскіх сродкаў дом цалкам укамплектаваны мэбляй і неабходнай бытавой тэхнікай. Вялікую дапамогу аказаў і Беларускі дзіцячы фонд, які ўзначальвае Аляксандр Трухан. І мы вельмі ўдзячны за гэтую дапамогу.
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
12.08.2020 - 16:31
09.08.2020 - 18:36
Ольга Петрашова: к голосованию на выборах Президента нужно подходить с полной ответственностью
09.08.2020 - 14:46
Люди приходят на выборы в хорошем настроении – наблюдатель избирательного участка №3 в Славгороде
09.08.2020 - 14:42
09.08.2020 - 12:45
Многодетная мама из Могилева: сегодня мы выбираем будущее наших детей