Рус Бел Eng 中文

Настаўніца магілёўскай школы №34 знайшла панскі маёнтак ХІХ стагоддзя

Дакладней гэта зрабіла яе маці Алена Вепрынцава, калі збіралася ў лес у грыбы. Адышла ўсяго на 20 метраў ад сваёй дачы ў Палыкавічах і ўбачыла пад заваленымі ад нядаўняга бурану клёнамі перакапаную пляцоўку. Проста на паверхні ляжалі бітая чырвоная цэгла, рэшткі посуду і старадаўняй кафлі з надпісам «1852 год». Было відаць, што на гэтым месцы добра папрацавалі чорныя капальнікі. Жанчына хуценька патэлефанавала дачцэ, якая падняла на ногі археолагаў.

- Сама гісторык па адукацыі, а нават не здагадвалася, што жыву на тэрыторыі старадаўняга маёнтка, - усміхаецца завуч магілёўскай школы №34 Галіна Бяляева. - Ад таго, што я ўбачыла, хацелася плакаць. Ямы былі выкапаны ў розных месцах, глыбіня некаторых складала дзесьці каля паўметра. Да глыбіні сэрца абурыла тое, як па-зладзейску абышліся з культурным слоем зямлі, вывернуўшы на паверхню безліч каштоўных для навукі і нецікавых для прыватных калекцыянераў чарапкоў.

На месцы былога маёнтка пабывалі археолагі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова на чале з аспірантам кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксеем Аўласовічам. Праводзіць даследаванні ім дапамагалі мабілізаваныя настаўніцай вучні 7-11 класаў школы №34 з ліку аматараў гісторыі роднага краю. Яны не ўпершыню ўдзельнічаюць у раскопках, маюць дыпломы алімпіяд і міжнародных конкурсаў па гісторыі і грамадазнаўстве.

Археолагі прыйшлі да высновы, што, мяркуючы па вялікай колькасці разбітага сталовага посуду, калісьці гэтая частка будынка з'яўлялася кухняй. Прычым гаспадары дома былі вялікімі аматарамі розных напояў. Аб гэтым сведчаць фрагменты піўной бутэлькі Франца Лекерта, які ў 1864 годзе адкрыў у Магілёве піваварны завод, керамічнай бутэлькі ад мінеральнай вады з кляймом герцагства Насау. Усё гэта ўскосна сведчыць, што маёнтак ужо існаваў тут у першай палове ХІХ стагоддзя. Археолагам яшчэ трэба будзе ўдакладніць, каму ён належаў. Але ў любым выпадку вучоныя змогуць даведацца шмат цікавага пра тое, як жылі заможныя жыхары Магілёўскай губерні ў пачатку пазамінулага стагоддзя.

"Звязда"

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна