RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Свабодная эканамічная зона «Магілёў»

 

Перавагі СЭЗ «Магілёў» ацэнены такімі найбуйнейшымі сусветнымі кампаніямі, як кампанія з нямецкімі інвестыцыямі СТАА «Джакей Пластык Магілёў», расійская прамысловая група «Омск Карбон Груп» – ЗТАА «Омск Карбон Магілёў»; аўстрыйскі канцэрн «Kronospan» – ЗТАА «Кронаспан ОСБ»; літоўскі холдынг «VMG» – ЗТАА «ВМГ Індустры»; літоўскі канцэрн «SBA» – ЗТАА «Мебелаін».

 

Адміністрацыя СЭЗ «Магілёў»

212003, г. Магілёў, вул. Чалюскiнцаў 78А,

тэл.+375 222 62 66 01, факс. +375 222 62 66 02

сайт: www.fezmogilev.by

e-mail: info@fezmogilev.by

Свабодная эканамічная зона «Магілёў» – гэта частка тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з пэўнымі межамі, у якой у дачыненні да яе рэзідэнтаў устанаўліваецца і дзейнічае асаблівы прэферэнцыйны прававы рэжым для ажыццяўлення інвестыцыйнай і прадпрымальніцкай дзейнасці.

Асноўнай задачай СЭЗ «Магілёў» з’яўляецца прыцягненне інвестыцый у эканоміку Рэспублікі Беларусь і стварэнне ўмоў, неабходных для рэалізацыі сучасных высокатэхналагічных інвестыцыйных праектаў.

СЭЗ «Магілёў» складаецца з 18 участкаў агульнай плошчай 3 339,4 гектара. Плошча свабодных зямельных участкаў для новага будаўніцтва складае больш за 410 га, таксама на тэрыторыі СЭЗ «Магілёў» маецца каля 120 тыс. кв. м. невыкарыстоўваемых вытворчых плошчаў, прыдатных для размяшчэння вытворчасцей, падрабязнае апісанне якіх прадстаўлена на старонках сайта адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» www fezmogilev.by.

ІЛЬГОТЫ І ПРЭФЕРЭНЦЫІ ДЛЯ РЭЗІДЭНТАЎ СЭЗ «МАГІЛЁЎ»

Падатак на прыбытак:

Прыбытак, атрыманы ад рэалізацыі тавараў (работ і паслуг) уласнай вытворчасці на экспарт ці іншым рэзідэнтам СЭЗ, вызваляецца ад абкладання падаткам на прыбытак.

Падатак на нерухомасць:

Рэзідэнты СЭЗ вызваляюцца ад падатку на нерухомасць:
– на працягу 3 гадоў з моманту рэгістрацыі ў якасці рэзідэнта СЭЗ па аб’ектах падаткаабкладання, набытых у названы перыяд;
– па аб’ектах падаткаабкладання гэтым падаткам, размешчаных на тэрыторыі адпаведных СЭЗ, незалежна ад кірунку іх выкарыстання. Ільгота даецца ў квартале, калі ў непасрэдна папярэднім яму квартале рэзідэнтам

СЭЗ ажыццяўлялася рэалізацыя тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці на экспарт ці іншага рэзідэнта СЭЗ.

Зямельны падатак (арэндная плата за зямлю):

Вызваляюцца ад зямельнага падатку (арэнднай платы за) зямельныя ўчасткі рэзідэнтаў СЭЗ, размешчаныя ў межах СЭЗ:
– прадастаўленыя ім пасля рэгістрацыі ў якасці рэзідэнтаў СЭЗ для будаўніцтва аб’ектаў, але не больш за пяць гадоў з даты рэгістрацыі ў якасці рэзідэнта СЭЗ;
– незалежна ад іх мэтавага прызначэння. Ільгота даецца ў квартале, калі ў непасрэдна папярэднім яму квартале рэзідэнтам СЭЗ ажыццяўлялася рэалізацыя тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці на экспарт ці іншым рэзідэнтам СЭЗ.

Мытныя плацяжы (увазная мытная пошліна і ПДВ, які спаганяецца мытнымі органамі):

Рэзідэнты СЭЗ не выплачваюць мытныя плацяжы:
– пры ўвозе ў свабодную мытную зону (вызначаецца па заяве прадпрыемства-рэзідэнта) для мэт рэалізацыі заяўленага інвестыцыйнага праекта будаўнічых матэрыялаў, абсталявання, а таксама сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых для вытворчасці прадукцыі;
– пры вывазе за межы мытнай тэрыторыі ЕАЭС замежных тавараў, змешчаных пад мытную працэдуру свабоднай мытнай зоны, у нязменным стане, а таксама вырабленай з выкарыстаннем замежнай сыравіны (матэрыялаў, камплектуючых) прадукцыі.

Рэзідэнты СЭЗ не выплачваюць ПДВ, спаганяемы мытнымі органамі, пры вывазе на мытную тэрыторыю ЕАЭС прадукцыі, вырабленай з выкарыстаннем замежных тавараў (сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых), змешчаных пад мытную працэдуру свабоднай мытнай зоны.

Мытныя плацяжы выплачваюцца пры вывазе на мытную тэрыторыю ЕАЭС замежных тавараў, змешчаных пад мытную працэдуру свабоднай мытнай зоны, у нязменным стане, а таксама прадукцыі, вырабленай з выкарыстаннем замежных тавараў (сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых).

Іншыя льготы і прэферэнцыі:

Рэзідэнты СЭЗ вызваляюцца ад:
– платы за права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка, які прадастаўляецца для будаўніцтва і абслугоўвання аб’ектаў нерухомай маёмасці ў межах СЭЗ;
– пошліны за выдачу замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія прывабліваюцца для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта на тэрыторыі СЭЗ, спецыяльных дазволаў на права займацца працоўнай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь.

Рэзідэнты СЭЗ не ажыццяўляюць кампенсацыйныя пасадкі і кампенсацыйныя выплаты кошту выдаленых аб’ектаў або аб’ектаў расліннага свету, якія перасаджваюцца, пры будаўніцтве ў межах СЭЗ аб’ектаў, прадугледжаных у інвестыцыйным праекце, з правам выдалення, перасадкі аб’ектаў расліннага свету.

ЧАМУ СЭЗ «МАГІЛЁЎ»

Нягледзячы на тое, што ўсімі СЭЗ Рэспублікі Беларусь прапануюцца аднолькавыя эканамічныя прэферэнцыі, СЭЗ «Магілёў» валодае шэрагам унікальных пераваг:

Выгаднае геаграфічнае становішча
СЭЗ «Магілёў» з’яўляецца «варотамі» ў Еўразійскі эканамічны саюз з насельніцтвам, якое перавышае 180 млн.чалавек.

Выдатная транспартная даступнасць
Размяшчэнне на скрыжаванні асноўных агульнаеўрапейскіх транспартных калідораў. У непасрэднай блізкасці ад г. Магілёва праходзяць трасы М1 (Брэст – Масква) і E95 (Санкт-Пецярбург – Адэса). Транспартная інфраструктура прадстаўлена шырокай сеткай аўтамабільных, чыгуначных, паветраных дарог. Функцыянуе аэрапорт, які знаходзіцца за 17 км ад Магілёва і здольны кругласутачна забяспечваць прыём і выпуск паветраных судоў масай да 196 тон і верталётаў усіх тыпаў.

Галіновая спецыялізацыя рэгіёна
У Магілёўскай вобласці найбольш развітымі галінамі прамысловасці з’яўляюцца наступныя: хімічная, дрэваапрацоўчая, металаапрацоўчая, прыборабудаўнічая, машынабудаўнічая, прамысловасць будаўнічых матэрыялаў і канструкцый.

Кваліфікаваныя спецыялісты
Высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў забяспечвае 7 вышэйшых навучальных устаноў, 22 установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 36 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У вышэйшых навучальных установах вядзецца навучанне спецыялістаў металаапрацоўчага, хімічнага, будаўнічага, машынабудаўнічага, эканамічнага і юрыдычнага профіляў, а таксама спецыялістаў для харчовай і перапрацоўчай галін і аграпрамысловага комплексу.

З самага пачатку сваёй дзейнасці адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» (адміністрацыя СЭЗ «Магілёў») няўхільна імкнецца да сваёй мэты – стварэння максімальна камфортных умоў для вядзення бізнесу. Надаючы асаблівую ўвагу пытанням развіцця інжынерна-транспартнай інфраструктуры на сваіх участках, адміністрацыя СЭЗ «Магілёў» забяспечыла істотную эканомію часу і сродкаў інвестараў на шляху ад распрацоўкі бізнес-плана да будаўніцтва прадпрыемства і атрымання першага прыбытку.

На сённяшні дзень ступень развіцця інжынерна-транспартнай інфраструктуры участкаў СЭЗ «Магілёў» дазваляе замежным і нацыянальным інвестарам рэалізоўваць нават самыя буйныя праекты ў максімальна кароткія тэрміны, эканомячы аж да 30% сродкаў, прадугледжаных для арганізацыі вытворчасці. Яскравым таму прыкладам з’яўляецца ўчастак №4 СЭЗ «Магілёў» – буйны прамысловы вузел, забяспечаны ўсімі неабходнымі для ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці элементамі інжынернай і транспартнай інфраструктуры (сеткі аўтадарог і чыгуначных шляхоў, тэхнічны і гаспадарча-пітны вадаправод, сеткі сувязі, цеплазабеспячэння, электразабеспячэння, газаправода і інш.).

ПАТЭНЦЫЙНЫЯ РЭЗІДЭНТЫ СЭЗ «МАГІЛЁЎ»

У якасці рэзідэнтаў СЭЗ «Магілёў» могуць быць зарэгістраваны юрыдычныя асобы Рэспублікі Беларусь, заснаваныя пры ўдзеле беларускіх або замежных інвестыцый, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі Рэспублікі Беларусь, якія адпавядаюць наступным патрабаванням:

– тэрытарыяльна размешчаны ў межах СЭЗ «Магілёў»;

– аб’ём інвестыцый складае не менш за 1 млн. еўра на тэрмін рэалізацыі інвестыцыйнага праекта (або не менш за 500 тыс. еўра з тэрмінам капіталаўкладанняў на працягу першых трох гадоў з даты рэгістрацыі ў якасці рэзідэнта СЭЗ «Магілёў»);

– заснаваны з мэтай стварэння і развіцця экспартна арыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцей, заснаваных на сучасных або новых тэхналогіях.

Дзейнасць СЭЗ «Магілёў» і яе рэзідэнтаў уносіць значны ўклад у развіццё эканамічнага патэнцыялу Магілёўскай вобласці і Рэспублікі Беларусь у цэлым. Сёння СЭЗ «Магілёў» гатова прапанаваць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва новых вытворчасцей, а таксама дадатковыя вытворчыя плошчы ў межах СЭЗ «Магілёў», якія цалкам адпавядаюць самым высокім патрабаванням інвестара.