RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» пройдзе ў Клімавічах з 26 па 29 мая

Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» стаў знакавай падзеяй у жыцці рэгіёна. За шматгадовую гісторыю форума пабывалі ў Клімавічах таленты з больш чым 20 краін свету. Пра тое, як будзе праходзіць гэты форум, папрасілі расказаць намесніка старшыні райвыканкама Наталлю Глушакову.

– Дваццаты Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» будзе праходзіць з 26 па 29 мая, – удакладняе Наталля Яўгенаўна. – У госці да нас прыедуць хлопцы і дзяўчаты з розных куткоў Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана. Усяго – больш за 500 чалавек. У чацвер, 26 мая, мы сустрэнем удзельнікаў форума. Яны пройдуць акрэдытацыю, азнаёмяцца з культурна-гістарычнымі аб’ектамі райцэнтра. На наступны дзень запланавана конкурснае праслухоўванне і прагляд удзельнікаў у жанрах «Вакальнае мастацтва», «Харэаграфічнае мастацтва». На сцэну раённага цэнтра культуры і Ціманаўскага сельскага Дома культуры выйдуць салісты і ансамблі, якія прадэманструюць сваё майстэрства ў народных і эстрадных спевах. Журы ацэніць гатоўнасць калектываў народна-сцэнічнага, эстраднага і сучаснага танца.

У гарадскім парку юныя мастакі стануць удзельнікамі пленэру-конкурсу «Які выдатны гэты свет». Для гасцей свята будзе арганізавана інтэрактыўная пляцоўка «У свеце гульні і цацкі». Сваю творчасць пакажуць ўстановы культуры вобласці. Гэта будуць выставы-продажы майстроў, майстар-класы, творчыя інтэрактыўныя праграмы раёнаў з прэзентацыяй беларускіх народных традыцыйных гульняў. Усе жадаючыя змогуць убачыць фотаздымкі па тэме фестывалю за ўсю гісторыю яго правядзення.

Будзе працаваць тэматычная пляцоўка РАНС і ВУ «Клімавічыгаз» «Бяспечнае дзяцінства».

Вячэрнюю праграму ў амфітэатры адкрые творчая пляцоўка «Зажигаем вместе» з удзелам дзіцячых калектываў Клімавіцкага раёна.

А 20.30 будзе арганізавана святочнае адкрыццё «Залатой пчолкі».

А 22.30 плошчу 50 гадоў Вялікага Кастрычніка асвяцяць агні лазернага шоу і святочнага феерверка.

У суботу, 28 мая, адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Міжнароднага фестывалю і заключны гала-канцэрт «Залатое сузор’е талентаў».

У гарадскім парку будуць працаваць творчыя пляцоўкі ўстаноў культуры вобласці, пройдуць майстар-класы, прэзентацыі, будуць разгорнуты выставачныя экспазіцыі творчых, адукацыйных, навуковых, маладзёжных, даследчых і сацыяльных праектаў устаноў адукацыі Прыдняпроўскага краю.

Традыцыйна правядуць конкурс малюнка на асфальце «Яркія фарбы дзяцінства».

Вечарам удзельнікаў і гасцей форуму запросяць на канцэртную дыска-праграму «Падарунак фестывалю».

У нядзелю, 29 мая, у гарадскім парку будзе працаваць прэзентацыйная выставачна-гандлёвая пляцоўка з дэманстрацыяй дасягненняў раёна ў розных сферах. Гасцям свята прапануюць наведаць экспазіцыі устаноў адукацыі і культуры Клімаўшчыны. Адбудуцца раённы конкурс «Міс “Залатая пчолка”» і спартыўна-забаўляльная моладзевая акцыя «Тата, мама, я – спартыўная сям’я!».

Запланаваны маладзёжны марафон «Будучыня за намі!».

У канцэртна-забаўляльнай праграме прымуць удзел дзіцячыя і дарослыя творчыя калектывы раёна, пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсаў малюнка на асфальце і «Міс “Залатая пчолка”».

Вядома, гэта папярэдняя праграма форума. Канчатковы варыянт мы размесцім напярэдадні свята.

Паважаныя жыхары раёна! Арганізатары фестывалю запрашаюць вас у госці на «Залатую пчолку» і жадаюць добрага настрою і прыемнага адпачынку.

rodniva.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая