RU BY EN 中文
Twitter Instagram

12 мая ў Беларусі адсвяткуюць Дзень Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна

Дзень Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь адсвяткуюць беларусы ў нядзелю - 12 мая.

Гэта свята ў нашай краіне было ўстаноўлена ў 1998 годзе і атрымала назву «Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь - другая нядзеля мая». Аднак 12 красавіка мінулага года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 105, які скарэкціраваў указ ад 26 сакавіка 1998 года нумар 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь». І назва дзяржаўнага свята змянілася на «Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь - другую нядзелю мая». Новая назва дазваляе аддаць даніну павагі ўсім тром дзяржаўным сімвалам Беларусі.

Аб неабходнасці выправіць сітуацыю, калі дзяржаўных сімвалаў у краіне тры, а свята прысвечана толькі двум з іх, Прэзідэнт сказаў у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 31 сакавіка 2023 года. Беларускі лідэр тады падкрэсліў, што дзяржаўная сімволіка Беларусі - свайго роду захавальнік гістарычнай памяці. І ставіцца да гэтага пытання неабходна з усёй сур'ёзнасцю.

ДЗЯРЖАЎНЫЯ СІМВАЛЫ БЕЛАРУСІ

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя промні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб апраўлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева - кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у падставе Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы «Рэспублiка Беларусь».

Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос чырвонага і зялёнага колеру. У дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі. Дзяржаўны сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое афарбоўваецца ў залацісты (охра) колер.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, які выконваецца ва ўрачыстых выпадках, пералік якіх замацоўваецца ў заканадаўстве. Музыку да гімна напісалі беларускі кампазітар Н.Ф.Сакалоўскі, словы - беларускія паэты М.М.Клімковіч і В.І.Карызна. Словы Дзяржаўнага гімна адлюстроўваюць умовы развіцця Рэспублікі Беларусь як суверэннай, міралюбнай дзяржавы, падкрэсліваюць патрыятызм і працавітасць грамадзян, брацкія адносіны паміж прадстаўнікамі ўсіх нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі краіны.

Дзяржаўны герб, Дзяржаўны флаг і Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь - гэта сімвалы нашай гістарычнай памяці, якія звязваюць разам гераічнае мінулае, сучаснасць і будучыню беларускай дзяржавы. Яны з'яўляюцца важнейшымі атрыбутамі суверэнітэту і незалежнасці Айчыны.

У 2013 годзе 2 ліпеня ў Мінску ўрачыста адкрылася плошча Дзяржаўнага флага, дзе сабраны ўсе сімвалы беларускага суверэнітэту, у тым ліку герб і адліты ў бронзе тэкст нацыянальнага гімна.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны флаг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн з'яўляюцца сімваламі суверэнітэту краіны. Іх выкарыстанне рэгламентавана законам «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь» ад 5 ліпеня 2004 г. № 301-З са зменамі і дапаўненнямі, прынятымі ў 2006, 2007, 2009, 2015 і 2021 гг. У апошнюю рэдакцыю абноўленага закона ўнесены эталонныя выявы флага і новыя каляровыя версіі герба.

ГІСТАРЫЧНЫЯ ФАКТЫ:

Сцвярджэнне герба і флага

Дзяржаўныя герб і флаг былі прыняты па выніках першага ў гісторыі суверэннай Беларусі рэферэндуму, які прайшоў 14 мая 1995 года па ініцыятыве Прэзідэнта. За прыняцце новага сцяга і герба прагаласавалі 75,1% (3 622 851 чалавек), супраць - 20,47% (988 839 чалавек), 211 792 бюлетэня ў частцы гэтага пытання прызнаныя несапраўднымі.

Прынятае народам рашэнне легла ў аснову ўказа «Аб зацвярджэнні эталона Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Палажэння аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», выдадзенага 7 чэрвеня 1995 года. Пазней у выяву герба ўносіліся карэкціроўкі. Апошняя з іх адбылася ўсяго некалькі гадоў таму - у 2021 годзе. Пры гэтым сама выява герба засталася тым жа, аднак памяняліся дэталі. Так, контур краіны стаў залатым замест зялёнага, змяніліся формы каласоў, канюшыны і лёну. Змяніўся колер мацерыкоў на зямным шары - яны сталі цёмна-аранжавымі замест сініх. Сам шар крыху разгарнуўся, каб на ім была бачная тая частка Еўропы, у якой размешчана Беларусь.

Этапы стварэння дзяржаўнага гімна
  • 3 студзеня 2002 г. - зацверджана камісія па правядзенні конкурсу на стварэнне тэксту і музыкі дзяржаўнага гімна;
  • 6-9 чэрвеня 2002 г. - усе версіі гімна, прадстаўленыя на конкурс, транслююцца па беларускім тэлебачанні і радыё;
  • 7 чэрвеня 2002 г. — пяць конкурсных тэкстаў гімна апублікаваны ў «СБ»;
  • 10 чэрвеня 2002 г. — грунтуючыся на дадзеных апытання грамадскай думкі, конкурсная камісія робіць рэкамендацыю;
  • 2 ліпеня 2002 г. - Указам Прэзідэнта № 350 зацверджаны тэкст і музычная рэдакцыя (ноты) Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Сёння беларускія герб, сцяг і гімн абуджаюць пачуццё гонару за краіну ў кожнага сапраўднага патрыёта і азначаюць, што мы - грамадзяне стабільнай і квітнеючай краіны.

Святочныя мерапрыемствы 12 траўня пройдуць па ўсёй краіне. У Магілёве ў гэты дзень урачыстая цырымонія запланавана на пляцы Славы ў 11.00. Удзел у ёй прымуць кіраўніцтва вобласці і горада, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, жыхары абласнога цэнтра.

Падрыхтавала Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч (святкаванне Дня Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь у Магілёве ў 2023 годзе)

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая