RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Старадаўні абрад адрадзілі ў Клічаве выхаванкі фальклорнага ансамбля «Купалачка»

Старадаўні абрад адрадзілі ў Клічаве юныя выхаванкі ўзорнага фальклорнага ансамбля «Купалачка». Пра гэта расказала настаўнік па класе народнай творчасці дзіцячай школы мастацтваў райцэнтра Наталля Коктыш.

Выключна дзяўчаты на трэці дзень Вялікадня апраналі традыцыйныя народныя строі і пачыналі каражыць. Абрад праводзіўся ў самым цэнтры вёскі і збіраў шмат гледачоў. Першай ішла прыгажуня з каромыслам на плячы і поўнымі вёдрамі вады. Маленькімі крокамі яна падыходзіла да загадзя ўбітых у зямлю тром калкам і акуратна іх абыходзіла, ведучы астатніх за сабой. Трэба было зрабіць карагодам тры імправізаваныя кругі. Такое дзейства суправаджалася песняй «Лука Луку вядзе».

«Гістарычна гэты абрад праводзіўся толькі ў вёсцы Усакіна Клічаўскага раёна, - дзеліцца Наталля Коктыш. - Пра яго існаванне некалькі гадоў таму мне распавяла мясцовая жыхарка - пажылая жанчына з сям'і Шагойкаў, калі я яшчэ была студэнткай і збірала фальклор. На Вялікдзень гулялі тры дні: у першы - людзі хадзілі ў царкву, на другі - сустракаліся са сваякамі і сябрамі і віншавалі іх са святам, на трэці - арганізоўвалі гулянні, паколькі працаваць было нельга. Сельская моладзь вадзіла карагоды, уладкоўвала танцы, катала велікодныя яйкі, частаваліся кулічамі. У кожнай вёсцы былі свае традыцыі, і паўдзельнічаць у гэтым абрадзе запрашалі толькі сваіх, мясцовых».

Паводле слоў Наталлі Коктыш, сёння важна захаваць нашы традыцыі ў чыстым выглядзе, каб яны не страцілі сваёй лакальнасці і непаўторнасці. Менавіта таму яна некалькі гадоў таму занялася аднаўленнем абраду «Лукі» ў Клічаўскім раёне - там, дзе ён праводзіўся першапачаткова. «Удзельніцамі рэканструкцыі сталі 30 чалавек - выхаванкі нашага калектыву ва ўзросце ад сямі да 14 гадоў, - удакладніла настаўнік. - А ўвогуле ў рэпертуары «Купалачкі» каля пяцідзесяці нумароў, народных песень і танцаў. Так, нашымі сіламі рэканструяваны адзіны дзіцячы калядны абрад «Куры», які захаваўся ў Беларусі і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая