RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Чарнобыльскі ўдар з'яднаў беларусаў». Памяць ахвяр аварыі на ЧАЭС ушанавалі ў Слаўгарадзе

Память жертв чернобыльской трагедии почтили в Славгороде. В день 38-й годовщины аварии на ЧАЭС митинг-реквием с участием представителей исполнительной власти и общественности прошел на аллее Памяти захороненных деревень.

«26 красавіка 1986 года - адна з самых трагічных дат у гісторыі Беларусі, - падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачэнка. - Ад радыяцыйнага забруджвання пацярпела большая частка паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўшчыны. У мірны час мы даведаліся, што такое боль страты роднай зямлі. Назва невялікага мястэчка - Чарнобыль - стала намінальнай, а ў наша жыццё ўвайшло страшнае паняцце «зона адчужэння». Ліквідацыя наступстваў катастрофы запатрабавала беспрэцэдэнтнай мабілізацыі сіл і сродкаў. Чарнобыльскі ўдар з'яднаў беларусаў у імкненні захаваць пацярпелыя рэгіёны. Хачу сказаць дзякуй тым, хто ратаваў свет ад смяротнай пагрозы, і тым, хто зараз выконвае складаныя задачы па пераадоленні наступстваў аварыі».

Паводле слоў Анатоля Ісачэнкі, сёння зніжаецца колькасць населеных пунктаў з перавышэннем дапушчальнага ўзроўню радыяцыйнага забруджвання, а раёны паўднёвага ўсходу вобласці актыўна развіваюцца.

«Тут жывуць людзі, ствараюцца сем'і, нараджаюцца дзеці, - працягнуў ён. - Безумоўна, гэта заслуга Прэзідэнта нашай краіны, дзякуючы пазіцыі якога пацярпелыя рэгіёны не былі зачыненыя на замак. Было пачата планамернае, складанае вяртанне гэтых земляў гектар за гектарам. Нагадаю, што кожную пяцігодку дзяржава выдзяляе на вырашэнне чарнобыльскіх праблем звыш Br2 млрд. За апошнія тры гады ў Магілёўскай вобласці накіравана больш як Br200 млн на рэалізацыю дзяржпраграмы падтрымкі пацярпелых тэрыторый. У гэтым годзе плануецца выдзеліць каля Br85 млн».

Сярод тых, хто стаў непасрэдным удзельнікам трагічных падзей 1986 года, - мясцовы жыхар і ліквідатар наступстваў катастрофы Міхаіл Разумаў. У той час яму было амаль 30 год, ён працаваў начальнікам пашпартнага стала. Кажа, што пра трагедыю на ЧАЭС даведаўся проста падчас першамайскага мітынгу, які ў гэты дзень завяршыўся датэрмінова.

«Нас адправілі ў вёску Рэкта на мяжы з Рагачоўскім раёнам, дзе была выстаўленая пасада дэзактывацыі, - успамінае ён. - І тут мы неслі службу: рабілі дэзактывацыю транспарту, які ішоў з Брагінскага раёна Гомельскай вобласці – вывозіў радыеактыўныя адходы ад рэактара. У канцы 1989 года сам патрапіў у Брагін, дзе два гады працаваў у 30-кіламетровай зоне. Маладыя былі, страху не было - ні на што не зважалі, часам нават абарону не апраналі».

Ліквідатар адзначае, што яго родны Слаўгарадскі раён пацярпеў больш за іншых у Магілёўскай вобласці: амаль палова насельніцтва пасля з'ехала з гэтай тэрыторыі, ратуючыся ад радыяцыі. «Аднак мы засталіся тут жыць - выгадавалі дзяцей, зараз выхоўваем унукаў», - дзеліцца ён і дадае, што пра падзеі тых гадоў трэба абавязкова памятаць. 

Ліквідатар наступстваў катастрофы і маёр органаў унутраных спраў у адстаўцы Валерый Краўцоў у той час ён быў курсантам Мінскай школы міліцыі. Разам з іншымі хлопцамі яго накіравалі ў зводным батальёне ў чарнобыльскую зону - Брагінскі, Хойніцкі і Камарынскі раёны. Далі загад сабрацца, выдалі шэрую форму, пасадзілі ў аўтобус і прывезьлі. Першапачаткова на месцы не было нават элементарных бытавых выгод - напрыклад, самі рабілі душавыя. Перад курсантамі стаяла задача забяспечыць захаванасць асабістай і дзяржаўнай маёмасці, прадухіляць факты марадзёрства, ахоўваць грамадскі парадак, дапамагаць людзям, якіх адсялялі. Парушальнікаў затрымлівалі, перадавалі аператыўным групам.

«Панікі моцнай не было, але шмат хто не хацеў з'язджаць, таму што не ўяўляў сур'ёзнасці наступстваў гэтай аварыі - як усё гэта адаб'ецца на здароўі і будучым жыцці, - падкрэслівае Валерый Краўцоў. - Сярод нас - курсантаў, зусім маладых хлопцаў - ніхто не збаяўся і не спалохаўся. Сёння жыццё працягваецца: прайшло 38 гадоў, і, дзякуй Богу, мы жывыя. Вядома, крыху падводзіць здароўе, але мы спраўляемся. Трагічны вопыт Чарнобыльскай АЭС з'яднаў беларускі народ - людзі не засталіся сам-насам з гэтай трагедыяй: наш урад і кіраўніцтва краіны ўсяляк падтрымліваюць пацярпелыя раёны - людзей адсялялі, давалі новае жыллё, працаўладкоўвалі. І зараз свой досвед мы перадаем моладзі і арыентуем іх на тое, каб яны бераглі Рэспубліку Беларусь і не забываліся пра трагедыі, якія адбыліся на нашай зямлі».

Слаўгарадскі раён пасля выбуху на ЧАЭС увайшоў у лік найбольш пацярпелых тэрыторый Магілёўскай вобласці: з-за высокага ўзроўню заражэння радыенуклідамі тут адсялілі некалькі тысяч чалавек, а сотні гектараў урадлівых зямель засталіся незапатрабаванымі. У сувязі з адсяленнем спынілі існаванне 25 населеных пунктаў, ліквідаваны тры сельсаветы і чатыры сельскагаспадарчыя арганізацыі. Такія наступствы аварыі для раёна сталі балючымі і маштабнымі, аднак іх удалося мінімізаваць і пераадолець дзякуючы значнай дзяржаўнай падтрымцы.

Сур'ёзнай падмогай у гэтым пытанні сталі ўказы Прэзідэнта нумар 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці» і нумар 177 «Аб мерах па развіццю паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці», якія прадугледжваюць выдзяленне дадатковага фінансавання на развіццё пацярпелых тэрыторый, у у тым ліку льготнае крэдытаванне на будаўніцтва жылля і падтрымку прадпрымальніцкіх ініцыятыў. Такая павышаная ўвага дазволіла пацярпелым рэгіёнам выйсці на новы этап у пытаннях барацьбы з наступствамі аварыі на ЧАЭС - перайсці ад рэабілітацыі да развіцця. І сёння эканамічны рост раёна накіраваны на павышэнне рэнтабельнасці прадпрыемстваў і даходаў насельніцтва, прыцягненне інвестыцый і міжнароднае супрацоўніцтва.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая