RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: прыярытэты рэгіянальнага развіцця нязменныя - жыллё, камфортнае асяроддзе, дарогі

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка правёў сёння сустрэчу з актывам рэгіёну. Удзел у ёй прынялі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, а таксама прадстаўнікі органаў улады, галін сельскай гаспадаркі, прамысловасці і будаўніцтва, ганаровыя жыхары, ветэраны працы, урачы і настаўнікі, сілавікі, дэпутаты ўсіх узроўняў, сенатары, кіраўнікі раёнаў, духавенства, кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый, СМІ.

Анатоль Ісачанка адзначыў, што ў пачатку мінулага года адбылася аналагічная сустрэча, прысвечаная важнейшым пытанням развіцця Магілёўскай вобласці. І надышоў час абмеркаваць, што зроблена, якія з абяцанняў выкананы, над чым работа працягнецца, што трэба рэалізаваць у 2024 годзе.

«У сваёй рабоце мы заўсёды абапіраемся на інтарэсы людзей, прыслухоўваемся да запытаў, не пакідаем без увагі ніводнага звароту, які паступіў», - адзначыў кіраўнік рэгіёну.

Ён падкрэсліў, што такі падыход з'яўляецца залогам поспеху ў вырашэнні асноўнай задачы - захаванне моцнай і квітнеючай дзяржавы. Таксама асноўным застаецца стварэнне камфортных і спрыяльных умоў для жыцця людзей: «Для гэтага, безумоўна, патрабуюцца рэсурсы. На мінулай сустрэчы мы казалі, што нам неабходна павялічыць фінансаванне на гэтыя мэты. Задача мінімум выканана. Стартавай была сума Br415 млн. Дадаткова ў вобласць удалося прыцягнуць каля Br300 млн, тым самым аб'ём фінансавання быў павышаны больш як у 3,5 раза ў параўнанні з 2022 годам, асвоена Br707 млн.

Гэты год мы пачынаем з лічбы Br642 млн. Галоўная задача датычных - арганізаваць планавую работу і асвоіць сродкі, а мы зробім усё магчымае, каб гэту лічбу павялічыць», - акрэсліў Анатоль Ісачанка.

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што прыярытэты рэгіянальнага развіцця застаюцца нязменнымі - жыллё, камфортнае асяроддзе, дарогі.

Будаўнічы комплекс

Пры заданні на мінулы год 320 тыс. м2 у рэгіёне пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю больш за 330 тыс. м2. На асаблівым кантролі - сацыяльнае і жыллё для шматдзетных сем'яў. За год 700 шматдзетных сем'яў адсвяткавалі наваселле. За кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў пабудавана 218 сацыяльных кватэр, што ў 27 разоў больш за аналагічны перыяд 2022 года.

Накіравана ўвага і на арэнднае жыллё - па даручэнні Прэзідэнта і ўрада ў вобласці павялічаны аб'ём яго будаўніцтва. З улікам высокага попыту насельніцтва, у мінулым годзе фінансаванне на гэтыя мэты ўзрасло на 40%.

Пры гэтым, як адзначыў губернатар, у бягучым годзе яшчэ трэба будзе ўдзяліць увагу ўключэнню ў гаспадарчы абарот у поўным аб'ёме існуючага неэксплутаванага арэнднага жылля: нешта адрамантаваць, нешта вывесці з абароту, нешта рэалізаваць.

Таксама Анатоль Ісачанка даручыў старшыням гаррайвыканкамаў адпрацаваць з кіраўнікамі кожнага прадпрыемства тэму будаўніцтва жылля для работнікаў. Падкрэсліўшы, што гэта будзе садзейнічаць прыцягненню і замацоўванасці кадраў. Акрамя гэтага, нагадаў ён і аб неабходнасці ўзмацніць работу па стварэнню ўмоў, якія садзейнічаюць развіццю індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Падкрэсліўшы, што попыт у насельніцтва ў гэтым напрамку застаецца высокім.

На будаўніцтва аб'ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры рэгіёну ў мінулым годзе выкарыстана Br104 млн. У бягучым годзе на названыя мэты плануецца накіраваць Br114 млн.

«У вобласці ёсць усё неабходнае для будаўніцтва як шматкватэрнага так і для індывідуальнага жылля», – акцэнтаваў кіраўнік рэгіёну.

Рамонт і ўтрыманне дарог

Гэта яшчэ адзін немалаважны прыярытэт у запытах насельніцтва. У мінулым годзе на фінансаванне мясцовай дарожнай сеткі накіравана Br98 млн, што дало магчымасць адрамантаваць каля 200 км дарог і 6 мастоў. Былі перагледжаны падыходы ў арганізацыі работ асноўнага прадпрыемства, якое адказвае за гэты напрамак – Магілёваблдарбуда, што дало магчымасць ускалыхнуць сістэму, змяніць падыходы ў рабоце, якія прывялі да росту яго даходаў. На ўтрыманне, рамонт і будаўніцтва рэспубліканскіх аўтамабільных дарог у 2023 годзе накіравана і асвоена больш як Br145 млн, дзякуючы чаму ў канцы чэрвеня ўведзены ў эксплуатацыю паўднёва-заходні абход Магілёва і адкрыты рух пасля рэканструкцыі моста цераз раку Сож у Чэрыкаве.

«У бягучым годзе на рамонт і ўтрыманне дарог дзяржавай выдзяляецца звыш Br160 млн. Указаны аб'ём фінансавання дасць магчымасць адрамантаваць іх у два разы больш - каля 500 км. А гэта велізарны фронт працы, - падкрэсліў Анатоль Ісачанка. - У тым ліку, мы плануем прыступіць да будаўніцтва «чатырохпалоскі» да Чэрыкава. Ужо актыўна вядуцца работы па праектаванні першай чаргі - ад Магілёва да Чавус, акрамя таго, працягваюцца работы па рэканструкцыі моста праз Бярэзіну ў Бабруйску.

Развіццё Магілёва і Бабруйска

За апошнія гады абласны цэнтр значна змяніўся. Аднак, як адзначыў губернатар, гэта не дае падставы расслабіцца і знізіць тэмпы - планаў дастаткова:

«У мінулым годзе мы прыступілі да амбіцыйнага і запатрабаванага аб'екта - будаўніцтва ўнутрыгарадской кальцавой магістралі. Спатрэбіўся час на вырашэнне пытанняў звязаных з праектаваннем дадзенага тэхнічна складанага збудавання, але тым не менш, у нас усё атрымалася. На бягучы год выдзяляецца Br40 млн на яго будаўніцтва і гэта толькі пачатак. Усё гэта дазволіць разгрузіць цэнтр горада і палепшыць яго экалогію. Магістраль пройдзе ад вуліцы Якубоўскага да Каралева, праз тэрыторыю Строммашыны», – падзяліўся планамі ён.

Таксама за мінулы год уведзены ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі мост па вуліцы Чалюскінцаў, адкрыты рух па Шмідтаўскім мосце, завершана другая чарга пуцеправода - дублёра Мінскай шашы. У планах на бягучы год - поўнасцю завяршыць будаўніцтва гэтага аб'екта.

На гэты момант вядзецца рэканструкцыя найбольш значных транспартных магістраляў па праспектах Дзімітрава, Пушкіна, Шміта. У тым ліку вырашаецца набалелае пытанне - будаўніцтва падземнага пешаходнага пераходу ў раёне гандлёвага цэнтра «Арбат».

Найважнейшым для гараджан з'яўляецца будаўніцтва новага корпуса экстранай хірургіі, а фактычна новай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Для гэтага з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, крэдытаў Банка развіцця накіравана Br155 млн. Увод аб'екта будзе забяспечаны ў бягучым годзе. У 2023 годзе ўведзены радыёнуклідны корпус анкадыспансера. Пачата будаўніцтва рэабілітацыйнага корпуса ў дзіцячай абласной бальніцы.

У гэтым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю новую школу, будаўніцтва якой пачата ўжо ў мікрараёне Стасава-Грышына. Напярэдадні Новага года ў гэтым жа мікрараёне адкрыты дзіцячы садок на 240 месцаў. Ідзе праектаванне яшчэ дзвюх школ, на 1020 месцаў кожная, у раёне вул. Гагарына і мікрараёне Саломінка-2. Вядуцца праектныя работы па дзіцячых садах у мікрараёнах Спадарожнік-2, Казіміраўка, Саломінка-2, па вул. Гагарына і ў Палыкавічах. Да канца пяцігодкі плануецца забяспечыць іх увод.

«Мінулым разам я анансаваў, што намі падтрыманая ініцыятыва жыхароў рэгіёна і грамадскіх арганізацый па стварэнні Музея Воінскай Славы Магілёўскай вобласці. У 2023 годзе завершана праектаванне і пачата будаўніцтва гэтага знакавага аб'екта. Ужо ўзведзены падмурак будучага будынка», - распавёў Анатоль Ісачанка.

Таксама губернатар удзяліў увагу пытанню добраўпарадкавання запатрабаванага ў магіляўчан месца адпачынку - Грабянеўскага вадасховішча. Адзначыўшы, што яго рашэнне пачалі актыўна: у мінулым годзе асвоена звыш Br2 млн. Работы па ачыстцы вадаёма і акультурванню тэрыторыі на гэтым аб'екце прадаўжаюцца. Рэалізацыя праекта разлічана на 3 гады.

Шэраг зменаў запланаваны і ў Бабруйску, які адносіцца да тэрыторый паскоранага развіцця. У мінулым годзе распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя і пачата будаўніцтва новага хірургічнага корпуса Бабруйскай гарадской бальніцы ім. В.О. Марзона. У мікрараёне Кісялевічы сёлета запланаваны ўвод у эксплуатацыю дзіцячага сада на 240 месцаў з басейнам. Праведзены бягучы рамонт вуліц Чангарскай, Мінскай, Берагавой, Урыцкага, К.Маркса, Дзяржынскага, Сацыялістычнай. Запланаваны на гэты год - Савецкай, Шыннай, Энергетыкаў, Шміта, Валадарскага, 50 гадоў УЛКСМ і бульвара Прыбярэзінскага.

«Патэнцыял Бабруйска высокі і задача старшыні гарвыканкама і яго каманды - дадзены патэнцыял раскрыць і выканаць усе даведзеныя заданні», - акцэнтаваў увагу Анатоль Ісачанка.

Сфера жыллёва-камунальнай гаспадаркі

У мінулым годзе на капітальны рамонт 123 жылых дамоў было накіравана Br88,7 млн., у т.л. з абласнога бюджэту - Br51,7 млн. Па факце рамонт быў праведзены ў 125 дамах рэгіёну, план перавыкананы за кошт эканоміі сродкаў.

«На гэты год запланавана адрамантаваць 127 жылых дамоў. Для гэтага ў нас ёсць усё - сродкі, распрацаваная праектна-каштарысная дакументацыя, працоўныя і матэрыяльныя рэсурсы. Неабходна толькі дакладная арганізацыя - распрацаваць графікі, давесці іх да насельніцтва і скончыць усё да 1 верасня», - паставіў задачу кіраўнік рэгіёну.

У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы праводзіцца мэтанакіраваная работа па забеспячэнні насельніцтва якаснай пітной вадой. Па выніках мінулага года гэты паказчык склаў амаль 96%. У мінулым годзе планавалася будаўніцтва 14 станцый абезжалезвання вады. За кошт рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў і атрыманай эканоміі дадаткова пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю яшчэ 2 станцыі. Іх кошт адрозніваецца ў залежнасці ад магутнасці і складае ад Br200 да Br600 тыс. На гэты год запланавана будаўніцтва не менш як 15 станцый абезжалезвання. Знойдзена рашэнне і для малых населеных пунктаў, дзе ўстаноўка станцый, прызначаных для ачысткі вялікіх аб'ёмаў вады, эканамічна немэтазгодная. У 10 населеных пунктах праведзены мантаж установак па абезжалезванню вады на артэзіянскіх свідравінах, так званых міні-станцыях, коштам да Br25 тыс. Яны добра зарэкамендавалі сябе і работа па іх устаноўцы працягнецца.

У мінулым годзе заменена 72,4 км сетак водазабеспячэння, што на 14 км больш, чым у 2022 годзе. Запланавана замена не менш за ўзровень мінулага года. Усяго на мерапрыемствы па забеспячэнню насельніцтва якаснай пітной вадой у мінулым годзе накіравана больш як Br10 млн. Работа ў гэтым напрамку таксама будзе прадоўжана.

Актыўная ўвага ў мінулым годзе была накіравана і на добраўпарадкаванне ачышчальных збудаванняў - на гэтыя мэты былі прадугледжаны сродкі ў суме Br13,3 млн. У 2024 годзе плануецца пачаць рэалізацыю мерапрыемстваў па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Бялынічах і Шклове за кошт крэдытных рэсурсаў Банка развіцця, а таксама за кошт сродкаў ад кампенсацыі экалагічнага падатку - у Бабруйску і Горках. Акрамя таго, распрацавана праектная дакументацыя па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Асіповічах і Крычаве.

Яшчэ адзін кірунак у працы - цеплазабеспячэнне. У мінулым годзе распрацоўваліся праекты і вялася мадэрнізацыя і будаўніцтва 18 кацельняў, на агульную суму больш як Br24 млн. Гэта ў разы больш за ўзровень папярэдніх гадоў (Br2,5 - у 2022 годзе). Поўнасцю завершаны будаўніча-мантажныя работы на 13 цеплакрыніцах. Заменена амаль 62 км цеплавых сетак. На гэты год запланаваны работы на 25 цеплакрыніцах.

Адчувальнай тэмай для насельніцтва з'яўляецца абыходжанне з камунальнымі адходамі. Цяпер вядзецца будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода ў г. Бабруйску. Ён будзе абслугоўваць 5 раёнаў (Бабруйскі, Глускі, Кіраўскі, Клічаўскі і Асіповіцкі). Увод аб'екта плануецца сёлета.

У той жа час Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што ўсім рэгіёнам у першым паўгоддзі 2024 года неабходна яшчэ раз вярнуцца да пытання арганізацыі належнай работы ў гэтай сферы: устанавіць GPS-навігацыю на спецтэхніку, распрацаваць графікі і маршруты яе перамяшчэння, замацаваць адказных, давесці кантактную інфармацыю аб такіх супрацоўніках да насельніцтва.

Не менш актуальным застаецца ўтрыманне дваровых тэрыторый. Штогод на іх рамонт выдзяляецца каля Br3 млн. Пры гэтым на добраўпарадкаванне дзіцячых гульнявых пляцовак сродкі не выдзяляліся. У мінулым годзе ў абласным бюджэце дадаткова было прадугледжана Br6 млн на добраўпарадкаванне 83 дзіцячых пляцовак. Таксама дзякуючы Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу, рэгіёну было перададзена абсталяванне для 5 спартыўных пляцовак. Улічваючы станоўчыя водгукі жыхароў вобласці ў гэтым годзе практыка выдзялення дадатковых сродкаў будзе прадоўжана. У тым ліку Прэзідэнцкім спартыўным клубам сёлета запланавана перадаць вобласці бязвыплатна 20 спартыўных пляцовак.

Набалелыя пытанні насельніцтва - рамонт дахаў, стыкаў сценавых панэляў, дваровых праездаў і вулічна-дарожнай сеткі. Паводле слоў кіраўніка рэгіёну, у мінулым годзе на рамонт дахаў мэтанакіравана выдзелена Br6,3 млн. У гэтым годзе таксама прынята рашэнне аб выдзяленні аналагічнай сумы. Акрамя таго, дадаткова з абласнога бюджэту накіраваны сродкі на рамонт стыкаў сценавых панэляў шматкватэрных жылых дамоў у памеры Br3 млн і рамонт дваровых праездаў і пешаходных сувязей на суму Br6,3 млн. Гэтыя работы будуць выконвацца комплексна па жылых дамах і дваровых тэрыторыях.

Актуальным застаецца стан і рамонт вулічна-дарожнай сеткі населеных пунктаў. На гэтыя мэты ў 2023 годзе накіравана больш як Br52 млн. На бягучы год фінансаванне павялічана на Br20 млн і складзе больш як Br71 млн. Таксама запланаваны мерапрыемствы па рамонце вулічна-дарожнай сеткі ў 5 аграгарадках на суму больш як Br1,3 млн.

Сацыяльная сфера

Анатоль Ісачанка нагадаў аўдыторыі адзін з ключавых пастулатаў шостага Усебеларускага народнага сходу: «Сацыяльная дзяржава - гэта наш нязменны нацыянальны брэнд».

У сферы адукацыі на парадку дня застаецца пытанне забяспечанасці дашкольнымі і школьнымі ўстановамі ў новых мікрараёнах. Апроч ужо агучаных вышэй, вядзецца будаўніцтва школы ў Асіповічах. Запыт ад грамадзян па ўзвядзенні гэтай шматпрофільнай установы паступаў больш за 5 гадоў - у гэтым годзе праект будзе рэалізаваны.

У цэлым на рэканструкцыю і капітальны рамонт устаноў адукацыі ў мінулым годзе накіравана каля Br70 млн. замест Br40 млн. запланаваных. Вырашаецца важная праблема па замене вокнаў. У мінулым годзе гэтае пытанне закрытае па Магілёве, Бабруйску, а таксама Магілёўскім раёне. У гэтым годзе работа будзе поўнасцю завершана ва ўсіх школах рэгіёну. На бягучы і капітальны рамонт устаноў адукацыі ў бюджэце закладзена больш як Br70 млн.

Як падкрэсліў старшыня аблвыканкама, пытанне якасці і своечасовага завяршэння запланаваных работ старшыням гаррайвыканкамаў даручана ўзяць пад асабісты кантроль.

Таксама завершыцца ў бягучым годзе ў школах рэгіёну пераход на арганізацыю харчавання ў адпаведнасці з новымі прынцыпамі, у аснове якіх - здаровае і смачнае меню з пашыраным асартыментам страў. Неабходнае абсталяванне для гэтага закуплена. Галоўнае, на дадзеным этапе - забяспечыць на месцах кантроль за якасцю.

Звярнуў увагу кіраўнік рэгіёну і на тое, што ў асобных раёнах адбываецца рэарганізацыя, а часам - і закрыццё ўстаноў адукацыі: «Гэта вымушаная, але неабходная мера, з аднаго боку - па аптымізацыі рэсурсаў, з другога - прама ўплывае на павышэнне якасці адукацыі. Бо наша асноўная мэта - стварэнне роўных умоў для атрымання якаснай адукацыі, незалежна ад месца пражывання. З набыццём летась 38 школьных аўтобусаў поўнасцю вырашана пытанне падвозу навучэнцаў транспартам не старэйшым за 10 гадоў. Важна адзначыць, што дадаткова прыбылі 16 мікрааўтобусаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Як вынік усе цэнтры карэкцыйнага развіцця забяспечаны спецыялізаванымі аўтамабілямі. На гэты год запланавана набыццё яшчэ 21-га школьнага аўтобуса».

Сапраўдны клопат пра будучыню, як падкрэсліў Анатоль Ісачанка, у тым, каб аддаць усё сучаснасці: «Умовы для атрымання адукацыі створаны. Галоўная задача для педагога - даць дзецям неабходныя веды і выхаваць сапраўднага патрыёта сваёй краіны».

Працягваецца ў Магілёўскай вобласці і комплекснае развіццё сістэмы аховы здароўя. У поўным аб'ёме выкананы даручэнні Прэзідэнта па мадэрнізацыі ўсіх тыпаў устаноў, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў вёсцы.

Пасля дбайнага вывучэння абласной камісіяй, у складзе вядучых спецыялістаў-медыкаў, магчымасцей цэнтральных раённых бальніц, прыняты рашэнні па мадэрнізацыі 7 ЦРБ (Хоцімскай, Чэрыкаўскай, Шклоўскай, Клімавіцкай, Быхаўскай, Крычаўскай, Краснапольскай). Тым самым - перафарматаваная трохузроўневая сістэма аказання медыцынскай дапамогі, што значна пашырыць дыягнастычныя магчымасці; дазволіць сканцэнтраваць фінансавыя і кадравыя рэсурсы на міжраённым і абласным узроўнях, што забяспечыць роўную даступнасць медыцыны для жыхароў вёскі і гарады. Далейшае развіццё атрымалі цэнтры аказання высокатэхналагічнай дапамогі.

Як адзначыў губернатар, беспрэцэдэнтныя рэсурсы, больш як $10 млн, накіраваны на абнаўленне медыцынскага абсталявання. Не стане выключэннем і сёлетні год.

«Мы сканцэнтруем рэсурсы на набыцці лячэбна-дыягнастычнага абсталявання. Дадаткова да закупленых у мінулым годзе 54 адзінкам аўтатранспарту, у бягучым годзе набудзем яшчэ 21 аўтамабіль, 2 рэанімабілі і 2 мабільныя перасоўныя комплексы», - распавёў ён аб планах.

А таксама выказаў меркаванне, што ў аказанні медыцынскай дапамогі важна не толькі развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя вобласці, але і, у першую чаргу, дабразычлівыя, прафесійныя адносіны да людзей, якія звярнуліся па медыцынскую дапамогу або кансультацыю.

Увага таксама была ўдзелена пытанням падрыхтоўкі і замацавання кадраў. Адным з важных складальнікаў названа прадастаўленне жылля для медработнікаў.

Былі адзначаны і поспехі ў спорце за мінулы год. З рук кіраўніка дзяржавы, Ванэса Каладзінская, бронзавы прызёр алімпіяды ў Токіа, атрымала вышэйшую спартыўную награду краіны - спецыяльную прэмію Прэзідэнта - беларускі спартыўны алімп. Упершыню ў сваёй гісторыі наш баскетбольны клуб «Барысфен» выйграў Кубак Беларусі. Футбольны клуб «Днепр» вярнуўся ў вышэйшую лігу чэмпіянату Рэспублікі. На найвышэйшым арганізацыйным узроўні прайшлі спаборніцтвы па каратэ і стральбе з лука ў межах II Гульняў краін СНД.

Як падкрэсліў Анатоль Ісачанка, усё гэта было б немагчыма без умацавання і ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы. «У мінулым годзе выраблена праектна-каштарысная дакументацыя для 7 буйных спартыўных аб'ектаў. Пачаты работы па рэканструкцыі залы мастацкай гімнастыкі ў Магілёве і будаўніцтве басейна ў Слаўгарадзе. На чарзе - Кіраўск, Круглае і Чэрыкаў. За аснову ўзяты нядаўна пабудаваны басейн у Хоцімску. У планах да канца пяцігодкі - будаўніцтва вяслярнай базы і ФАКу ў Бабруйску.

Разам з тым пры будаўніцтве ці рэканструкцыі кожнага аб'екта неабходны рацыянальны падыход ва ўсім».

Адзначаны таксама зрухі ў развіцці турыстычнай галіны – павелічэнне тэмпаў экспарту турыстычных паслуг па Магілёўскай вобласці склала каля 115% за год. І задача наступнага года – забяспечыць далейшае планамернае развіццё турыстычнай інфраструктуры, як унутранай, так і знешняй. Тым больш, што культурная спадчына Прыдняпроўскага краю гэта дазваляе.

Магілёўшчына – гэта рэгіён, у якім склаліся свае фестывальныя традыцыі і буйнамаштабныя культурныя праекты. Так, прэміяй Прэзідэнта за духоўнае адраджэнне ўдастоены калектыў областнага цэнтра народнай творчасці за падрыхтоўку і правядзенне свята «Купалле».

Ідзе планавая работа па аднаўленні аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Уведзены 2-я і 3-я чарга Палацава-паркавага ансамбля ў в. Жылічы Кіраўскага раёна і палац ужо паказаў сваю эфектыўную працу па прыцягненню турыстаў.

Эканоміка

Рэалізацыя праектаў у любой сферы непасрэдна залежыць ад стабільнай работы рэальнага сектара эканомікі, паспяховага прыцягнення інвестыцый і мадэрнізацыі вытворчасці.

У мінулым годзе ў рэальным сектары эканомікі ў стадыі рэалізацыі знаходзілася 70 праектаў з заяўленым аб'ёмам фінансавання Br2,8 млрд. Дзевяць такіх праектаў з аб'ёмам інвестыцый Br414 млн паспяхова завершаны. Створана 653 новыя працоўныя месцы.

Інвестыцыйная прывабнасць рэгіёна не вычэрпваецца сістэмай ільгот для інвестараў і субсідый для вытворцаў інавацыйнай прадукцыі. Яна ўключае ў сябе палітычную стабільнасць, празрыстасць і наяўнасць антыкарупцыйных механізмаў кіравання. У адваротным выпадку каэфіцыент карыснага дзеяння ад дзейнасці па прыцягненню інвестыцый - будзе нізкім.

«Час шукаць і знаходзіць інвестыцыі, - падкрэсліў Анатоль Ісачанка. - Прывяду некалькі прыкладаў. «Омск Карбон Магілёў» рэалізаваны паспяховы праект прадпрыемства па вытворчасці тэхнічнага вугляроду ў СЭЗ «Магілёў». Асвоена Br322 млн інвестыцый і створана 572 рабочыя месцы. На тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» «Газхімрэсурс Бел» завяршыў будаўніцтва завода па вытворчасці звадкаваных вуглевадародных газаў. Створана 16 рабочых месца, асвоена Br12 млн. «Навукова-вытворчы цэнтр БелАграГен» у Горках арганізаваў вытворчасць ветэрынарных прэпаратаў. Створана 16 рабочых месц, асвоена Br5 млн. Праект па стварэнню сучаснай высокатэхналагічнай вытворчасці мэблі на металічным каркасе з элементамі лічбавай фабрыкі паспяхова рэалізаваны на прадпрыемстве «Ольса». Інвесціравана Br10 млн.

Акрамя таго, Магілёўскі інстытут тэхналогіі металаў рэалізуе праект па распрацоўцы тэхналогіі вытворчасці цвёрдасплаўнай прылады. Бабруйскае «Легпрамразвіццё» асвойвае вытворчасць стаматалагічных прылад. «Магілёўліфтмаш» працягвае мадэрнізацыю вытворчасці ліфтаў і стварае цягавыя рухавікі для электратранспарту. «Папяровая фабрыка «Спартак» вядзе будаўніцтва другой чаргі вытворчасці санітарна-гігіенічных папер са 100% цэлюлозы. Працягнецца рэалізацыя пачатых праектаў на такіх прадпрыемствах як: «Белшына», «Завод газетнай паперы», «Магілёўскі вагонабудаўнічы завод», «Тэхналіт», «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў», «Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў», філіял «БЕЛАЗа».

У рамках стратэгіі развіцця ААТ «Магілёўхімвалакно» да 2030 года, замест запланаваных да закрыцця састарэлых, неэфектыўных вытворчасцей прапрацоўваюцца новыя праекты на гэтай тэрыторыі. Прадпрыемства заўсёды было важным для рэгіёна. Сітуацыя на ім выклікае адмысловую заклапочанасць. Галоўнае для нас - захаванне колькасці працуючых і аднаўленне ранейшых аб'ёмаў вытворчасці».

Завяршаючы тэму інвестыцый у рэальны сектар эканомікі, губернатар нагадаў, што прыярытэтная задача на пяцігодку - гэта рэалізацыя праектаў у рамках даручэння кіраўніка дзяржавы «Адзін рэгіён - адзін праект». Цяпер гэта 31 інвестыцыйны праект выключна вытворчай накіраванасці, аб'ёмам Br1,3 млрд. Гэта дасць магчымасць стварыць не менш як паўтары тысячы новых рабочых месц. Пры гэтым ён звярнуў увагу старшыняў выканкамаў, што праектаў павінна быць значна больш, чым адзін, у кожным рэгіёне: «Не бывае празмерных інвестыцый - інвестуйце ў эканоміку свайго рэгіёна. Акрамя таго, мною прынятае рашэнне штомесяц праводзіць сустрэчы з інвестарамі, якія рэалізуюць праекты ў нас у вобласці. З мэтай разгляду пытанняў, якія патрабуюць прыняцця аператыўных рашэнняў».

Сельская гаспадарка

Пры ўсіх праблемах, якія былі ў мінулым годзе ў гэтай галіне, па выніках года забяспечаны рост валавой прадукцыі ў сельгасарганізацыях больш як 102,5%.

Доля жывёлагадоўлі ў валавой прадукцыі складае 55%, раслінаводства – 45%.

Як адзначыў кіраўнік рэгіёну, там, дзе быў добры насенны матэрыял, там і атрыманы дастойны ўраджай збожжавых. Сярод найважнейшых складнікаў - жорсткае выкананне тэхналогіі. Значны ўплыў аказвае своечасовае сортаабнаўленне, тэхнічная гатоўнасць і аснашчанасць тэхнікай, забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі.

«Наяўнай у галіне сельскагаспадарчай тэхнікі пры яе якаснай і своечасовай падрыхтоўцы дастаткова. Там, дзе засталіся вузкія месцы, мы іх бачым і па іх працуем. Для ўстаранення праблемных момантаў у ворыве і апрацоўцы глебы ў мінулым годзе набыта 56 адзінак глебаапрацоўчай тэхнікі і 20 энерганасычаных трактароў. У бягучым годзе плануем закупіць яшчэ 79 адзінак такой тэхнікі і 60 энерганасычаных трактароў. Для паляпшэння якасці і тэрмінаў сяўбы набыта больш за 40 шыроказахопных сеялак. Для правядзення ўборкі ўраджаю ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны закупілі 116 сучасных збожжаўборачных камбайнаў. У цэлым за мінулы год закуплена з розных крыніц больш як 900 адзінак тэхнікі і абсталявання. Абнаўленне працягнецца і сёлета. Вызначаны крыніцы і прыняты рашэнні аб куплі каля 300 адзінак тэхнікі ўжо ў першым квартале. Яна будзе задзейнічана ў гэтую вясновую пасяўную. Усяго за год плануецца набыць каля 1 тыс. адзінак сельгастэхнікі».

Захаванне тэхналогіі - аснова эфектыўнасці не толькі ў раслінаводстве. Яшчэ важней яна ў галіне жывёлагадоўлі, якая ўносіць асноўны ўклад у фармаванне грашовай выручкі гаспадарак. А ў жывёлагадоўлі аснова - гэта кормавытворчасць. Нягледзячы на цяжкі год, кармоў у рэгіёне атрымана дастаткова - нарыхтавана 4 млн тон травяністых кармоў. Але той вынік, які неабходны вобласці для развіцця - 5 млн тон кармоў. І гэта з'яўляецца задачай аграрыяў вобласці на бягучы год. Анатоль Ісачанка выказаў упэўненасць, што аграпрамысловай галіне гэта пад сілу.

У мінулым годзе забяспечаны тэмп росту больш як 104% валавай прадукцыі жывёлагадоўлі. Забяспечаны рост пагалоўя буйнай рагатай жывёлы (на 832 галавы); у тым ліку дойнага стада (на 907 галоў). Прырост свінапагалоўя склаў 18 тыс.галоў (112,5%). Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйнай рагатай жывёлы склалі 489 г; свіней - 586 г. Рэалізацыя малака павялічана на 4,6%. (дадалі 27,1 тыс. тон).

Для далейшага развіцця жывёлагадоўлі ў вобласці пабудаваны рэпрадуктар на 3,6 тыс. галоў свінаматак у Клімавіцкім раёне. У бягучым годзе плануецца будаўніцтва комплексу па адкорму свіней магутнасцю 50 тыс. галоў паблізу вёскі Барысавічы Клімавіцкага раёна (інвестыцыі - каля Br60 млн). Ужо вядзецца яго праектаванне. Прапрацоўваецца пытанне будаўніцтва свінагадоўчага комплексу замкнёнага цыкла магутнасцю 24 тыс. галоў у СВК «Гігант» Бабруйскага раёна.

Рэканструкцыя існуючых комплексаў (Усход, Магілёўскага раёна; Светлы, Чэрыкаўскага раёна; Клімагра, Клімавіцкага раёна), праведзеная ў 2021-2023 гадах, ужо дае вынік - прырост больш за 20%. І гэта пры тым, што яны яшчэ не выйшлі на разліковую магутнасць. Наступная – «Аўсянка» Горацкага раёна.

Асноўны ўпор у вытворчасці прадукцыі мяса КРЖ робіцца на цэнтралізацыю ў сельгаспрадпрыемствах, якія маюць комплексы па вырошчванні КРЖ. Праведзеная работа па выніках 2023 года дала прырост па мясу БРЖ больш як 107 працэнтаў. Працягваецца праца на аб'ектах «Маляцічы-Агра» Крычаўскага раёна, «Горацкая РАПТ». У планах – Следзюкі Быхаўскага раёна; Цяцерына Круглянскага раёна і інш.

Пры гэтым адзначаецца неабходнасць забеспячэння замкнёнай тэхналогii на малочнатаварных комплексах. Для вырашэння гэтай задачы трэба пабудаваць каля 190 памяшканняў, агульным коштам больш як Br300 млн. Рэалізаваць яе мэтазгодна на працягу бліжэйшых трох гадоў.

Акрамя таго, згодна з Указам кіраўніка дзяржавы (№442 ад снежня 2022 года), у вобласці вядзецца будаўніцтва 10 малочнатаварных комплексаў (арыентыровачны аб'ём інвестыцый - крыху больш за Br200 млн), увод якіх запланаваны ў бягучым годзе.

У мэтах забеспячэння захаванасці і якасці кармоў для грамадскага пагалоўя за мінулы год у вобласці пабудавана 46 сіласна-сянажных траншэй. У бягучым годзе плануецца пабудаваць яшчэ 90.

У вобласці праводзяцца мерапрыемствы па ўзбуйненні сельскохозяйственных арганізацый шляхам аб'яднання, далучэння і перадачы ў давернае кіраванне да больш эфектыўных. Гэта дасць магчымасць забяспечыць стабільную работу сельскагаспадарчай галіны. Працягнецца пераразмеркаванне зямельных рэсурсаў ад менш эфектыўных ды больш эфектыўных уласнікаў.

Атрымала развіццё і новы для вобласці напрамак - рыбаводства. Прэзідэнтам падтрыманы праекты будаўніцтва фарэлевай гаспадаркай «Лохва» двух комплексаў па вытворчасці рыб каштоўных парод у Краснапольскім і Хоцімскім раёнах, а таксама індустрыяльнага маткавага комплексу па вытворчасці аплодненай ікры вясёлкавай стронгі ў Чэрыкаўскім раёне.

Гэты напрамак сябе ўжо зарэкамендаваў. За мінулы год трыма існуючымі комплексамі (Быхаўскі, Касцюковіцкі, Бялыніцкі) атрымана 400 тон таварнай фарэлі. Пры гэтым прадпрыемства спрацавала з рэнтабельнасцю 14%.

Пошук новых напрамкаў у рабоце працягваецца: вырошчванне соі (Клічаўскі раён), фундука і грэцкага арэха, кавуноў (Кіраўскі раён), выкарыстанне тэхналогіі падсветкі для вырошчвання агародніны (праведзена рэканструкцыя існуючай цяпліцы ў ААТ «Рассвет» Кіраўскага раёна, распрацавана праектная дакументацыя і ў бягучым годзе плануецца пачатак работ у ААТ «Кадзіна» Магілёўскага раёна)

«Хачу адзначыць, што новага баяцца не трэба. Калісьці ў рэспубліцы было шмат скептыкаў, якія гавораць, што ў нашых кліматычных умовах складана атрымаць таварны яблык і якаснае зерне кукурузы. Аднак, мы навучыліся гэта рабіць», - падкрэсліў Анатоль Ісачанка.

Яшчэ адзін значны напрамак - вяртанне зямель у сельгасабарот. За 2023 год забяспечаны ўвод у эксплуатацыю больш як 15 тыс.га сельгасугоддзяў за кошт правядзення рэканструкцыі меліяраваных сістэм і культуратэхнічных мерапрыемстваў.

Працягнецца сёлета і канструктыўная работа па развіццю фермерскіх гаспадарак. Сёння фермерскі рух Магілёўскай вобласці прадстаўлены 557 КФГ, у карыстанні якіх знаходзіцца 73,2 тыс. га сельскагаспадарчых земляў. Гэта значны сектар у сельскай гаспадарцы вобласці. У Прыдняпроўскім краі выпрацаваны падыходы да сумеснага супрацоўніцтва з фермерамі. Ім аказваецца дзяржаўная падтрымка за кошт сродкаў бюджэту з улікам укладу ў вытворчасць прадукцыі.

Падводзячы вынік сустрэчы, Анатоль Ісачанка адзначыў: «2023 год паказаў, што сёння лепшы час для развіцця. Ёсць усё - матэрыяльныя рэсурсы, тэхналогіі, падрыхтаваныя спецыялісты.

Новы час патрабуе новых падыходаў і канкрэтных рашэнняў. Такі механізм працы, безумоўна, з'яўляецца лепшым адказам выклікам сённяшняга часу».

У вобласці выбудавана і пастаянна ўдасканальваецца сістэма дыялога з жыхарамі, якая дае магчымасць накіроўваць рэсурсы на вырашэнне найбольш важных праблем.

«У працы абсалютна ўсіх і кожнага павінны заставацца дысцыпліна, мабілізацыя і сабранасць, узважаная кадравая палітыка, гарантаванне інфармацыйнай бяспекі.

2024-ы - Год якасці. І якасць павінна быць не толькі ў вытворчасці, аб'ектах, якія ўводзяцца ў строй або прадуктах харчавання. Усё гэта павінна паўплываць на самае галоўнае - павышэнне якасці жыцця нашых людзей. І вынік, я перакананы, будзе, а шмат у чым ён ужо ёсць», - выказаў упэўненасць ён.

Асноўныя прыярытэты на гэты год, як зазначыў старшыня аблвыканкама, застаюцца нязменнымі: «Па-першае, інвестыцыі. Без укладвання грошай немагчыма развіццё. Гэтая простая, але ёмістая тэза аднолькава дакладна ставіцца да ўсіх сфер эканомікі. Па-другое, стварэнне камфортных умоў для пражывання грамадзян. Гэтым пытаннем мы займаліся і будзем займацца, але разам з тым неабходна больш актыўна задзейнічаць гаррайвыканкамы, дэпутацкі корпус, і, вядома, - саміх жыхароў вобласці. Па-трэцяе, стаўленне да людзей. Дзяржава робіць усё, што ад яе залежыць, укладвае велізарныя рэсурсы. Але асноватворнае - гэта справядлівае стаўленне непасрэдна на месцах. Важна верыць у патэнцыял кожнага чалавека і ствараць умовы для ягонай рэалізацыі.

У гэтым годзе Магілёўшчына, як і ўся краіна, адзначыць святую дату 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Найвысокі патрыятызм - гэта гарачае бязмежнае жаданне дабра сваёй Радзіме. Гэта завешчана нашымі бацькамі і дзядамі, гэта непарушна».

Асобна спыніўся Анатоль Ісачанка на электаральнай кампаніі 2024 года: «Магілёўшчына, як і ўся наша краіна, ужо ўступіла ў адказны палітычны сезон. У будучай выбарчай кампаніі нашы грамадзяне будуць рабіць, напэўна, найважнейшы выбар, які шмат у чым вызначыць далейшую перспектыву паступальнага развіцця краіны і захавання нашай беларускай самабытнасці.

Таму мы проста абавязаны мабілізаваць усе прагрэсіўныя сілы, каб захаваць стабільную абстаноўку ў краіне і моцную ўладу, накіраваную на служэнне свайму народу.

Усім органам дзяржаўнай улады, кіраўнікам на месцах, дэпутацкаму корпусу, грамадскім аб'яднанням і партыям давядзецца прайсці іспыт на сталасць - палітычную, эканамічную і прафесійную.

Перакананы, што мы зможам не толькі дастойна правесці выбарную кампанію, але і забяспечыць дынамічны рост ва ўсіх сферах эканомікі», - рэзюмаваў ён.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая