RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Не менш як 110 ёлачных базараў і каля 70 кірмашоў пройдуць у Магілёўскай вобласці напярэдадні зімовых святаў

Не менш як 110 ёлачных базараў і каля 70 кірмашовых мерапрыемстваў пройдуць напярэдадні Новага года і Раства ў Магілёўскай вобласці. Пра гэта расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Вераніка Цітова падчас анлайн прэс-канферэнцыі, арганізаванай у сталічным Доме прэсы. Удзел у ёй прынялі прадстаўнікі МАРГ, Міністэрства культуры, канцэрнаў «Белдзяржхарчпрам» і «Беллегпрам», Мінгарвыканкама, абласных камітэтаў, вядучых рэспубліканскіх друкаваных і электронных СМІ.

«Каб задаволіць чаканы павышаны попыт на харчовыя і нехарчовыя тавары, традыцыйна запатрабаваныя ў святочныя і перадсвяточныя дні, гандлёвымі арганізацыямі вобласці сумесна з вытворцамі рэспублікі і імпарцёрамі ствараюцца неабходныя запасы для ажыццяўлення бесперабойнага гандлю і прымаюцца меры па забеспячэнні наяўнасці ў продажы шырокага асартыменту тавараў, – адзначыла Вераніка Цітова. – У цяперашні час у гандлёвай сетцы вобласці прадстаўлены разнастайны асартымент харчовых тавараў, а таксама нехарчовых тавараў навагодняй і каляднай тэматыкі.

Гандлёвыя аб’екты вобласці для сваіх пакупнікоў падрыхтавалі навагоднія акцыі. Усяго па вобласці запланавана правядзенне не менш за 1400 распродажаў.

Інфармаванне насельніцтва аб асартыменце тавараў, мерапрыемствах і паслугах ажыццяўляецца як праз сродкі масавай інфармацыі, так і з дапамогай размяшчэння на інтэрнэт-сайтах арганізацый з пастаянным абнаўленнем інфармацыі».

З 22–23 снежня пачнуць сваю працу ёлачныя кірмашы. Паводле інфармацыі дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Магілёўскі лясгас», рэалізацыя навагодніх елак будзе праводзіцца як у саміх лясніцтвах, так і на пэўных гандлёвых пляцоўках. На тэрыторыі г. Магілёва рэалізацыя зялёных прыгажунь плануецца ў больш чым 20 месцах продажу, у г. Бабруйску – у 9.

«Кошт ёлак натуральных будзе залежаць ад вышыні дрэва і складзе ад Br8 да 21, расліну ў кадцы да 1 метра можна набыць за Br17, кошт навагодняга букета будзе ўстаноўлены на ўзроўні Br5», – удакладніла Вераніка Цітова.

З 1 снежня ў Магілёве ўжо пачалі сваю працу навагоднія кірмашы. Яны размясціліся на пляцоўцы каля гандлёвага цэнтра «Арбат» (пр-т Пушкінскі, 12) і каля гандлёвага цэнтра «Атрыум» (вул. Першамайская, д. 57). Перыяд іх правядзення – па 31 снежня з рэжымам працы з 9.00 да 19.00 гадзін.

У Бабруйску праца навагодніх кірмашоў запланаваная з 16 снежня. Праходзіць яны будуць на дзвюх асноўных пляцоўках горада – ля галоўнай ёлкі на плошчы Леніна і каля Палаца мастацтваў. Рэжым працы кірмашоў з 16.00 да 21.00 гадзін.

На кірмашах у шырокім асартыменце прадстаўлены тавары навагодняй тэматыкі (розныя цацкі і ўпрыгожванні, гірлянды, сувеніры і інш.), таксама пакупнікам будуць прапанаваны харчовыя тавары і прадукцыя грамадскага харчавання.

Ва ўсіх раённых цэнтрах таксама запланавана правядзенне святочных кірмашоў і ёлачных кірмашоў, дзе пакупнікі змогуць набыць ёлачныя ўпрыгожванні, падарункавыя наборы, тавары з каляднай і навагодняй тэматыкай, з сімвалам будучага года і многае іншае.

«Пачынаючы з 17 снежня 2022 года, запрашаюць наведвальнікаў правесці ў сябе перадсвяточныя ўрачыстасці і сустрэць Новы год рэстараны і кафэ вобласці. Кошт заказаў у перадсвяточныя дні арыенціровачна складае Br40–130 разам з праграмай, навагодняя ноч – Br40–190. Наведвальнікам устаноў будуць прапанаваныя як стравы нацыянальнай беларускай кухні, так і арыгінальныя стравы кухняў розных краін, – праінфармавала Вераніка Цітова. – Акрамя таго, у арганізацыях грамадскага харчавання арганізаваны прыём папярэдніх заявак на выраб мучных, кандытарскіх, булачных вырабаў і паўфабрыкатаў».

У завяршэнне гутаркі прадстаўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь адказалі на пытанні ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі па арганізацыі гандлю пры правядзенні калядных кірмашоў.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая