RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пензенская вобласць зацікаўлена ў выбудоўванні кааперацыйных сувязей з магілёўскімі прадпрыемствамі

З дэлегацыяй Пензенскай вобласці пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Урада рэгіёну Аляксея Косціна сустрэўся сёння намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. У Доме Саветаў бакі абмеркавалі напрамкі далейшага супрацоўніцтва і ўмацавання дзелавых адносін. Расійская дэлегацыя зацікаўлена на працягу некалькіх дзён, з 1 па 4 жніўня, наведаць вядучыя прадпрыемствы Магілёўшчыны, каб азнаёміцца з прамысловым патэнцыялам рэгіёну і абмеркаваць магчымасці выбудоўвання кааперацыйных сувязей.

Як адзначыў Руслан Страхар, Расійская Федэрацыя для Магілёўскай вобласці - гэта стратэгічны партнёр. І ў развіцці ўзаемаадносін найважную ролю займае выбудоўванне прамых кантактаў з расійскімі рэгіёнамі.

«Гэты візіт дэлегацыі Пензенскай вобласці - яшчэ адна магчымасць лепш даведацца адзін пра аднаго і намеціць новыя напрамкі супрацоўніцтва, - падкрэсліў ён. - Магілёўская і Пензенская вобласці з пункту гледжання плошчы, колькасці насельніцтва, а самае галоўнае, з пункту гледжання структуры эканомікі, даволі падобныя рэгіёны. Традыцыйнымі для Магілёўскай вобласці галінамі з'яўляюцца машынабудаванне, металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, хімічная прамысловасць, вытворчасць прадуктаў харчавання і вялікі аграрны сектар.

Аналагічная сітуацыя і ў Пензенскай вобласці. Мы тут бачым шырока развітую сферу дрэваапрацоўкі, металаапрацоўкі, вытворчасці абсталявання, сельскай гаспадаркі. І па ўсіх гэтых напрамках ёсць магчымасць паглыблення ўзаемнай кааперацыі, паглыблення ўзаемаадносін. І гэта пацвярджаюць лічбы. Па выніках 2022 года ўзаемны тавараабарот Магілёўскай і Пензенскай вобласці павялічыўся на 36% і дасягнуў ₽ 611 млн. Ужо ў бягучым годзе дабавілі яшчэ 6% ва ўзаемным тавараабароце. І мы спадзяемся гэтую тэндэнцыю не проста захаваць, а павялічыць. Для гэтага, безумоўна, трэба лепш пазнаваць адно аднаго. І мы пастараліся зрабіць дзелавую праграму візіту насычанай праз наведванне канкрэтных прадпрыемстваў, азнаямленне з нашым прамысловым патэнцыялам з мэтай далейшага выбудоўвання магчымых кааперацыйных сувязей».

Руслан Страхар выказаў упэўненасць, што вынікам дзелавой праграмы дэлегацыі стане канструктыўны дыялог, падчас якога бакі яшчэ раз «звераць гадзіннікі» і змогуць абмеркаваць наступнае ўзаемадзеянне. Таксама ён запрасіў прадстаўнікоў дзелавых колаў Пензенскай вобласці на бізнес-форум па імпартазамяшчэнні «Зроблена ў Расіі», які плануецца правесці ў Магілёўскай вобласці ў канцы кастрычніка.

У сваю чаргу намеснік старшыні Урада Пензенскай вобласці Аляксей Косцін адзначыў, што Пензенская вобласць сістэмна выбудоўвае работу з Рэспублікай Беларусь і наладжвае супрацоўніцтва з рознымі рэгіёнамі. У Магілёўскай вобласці ў зоне цікавасці - ААТ «Магілёўліфтмаш», ААТ «УКГ «Бабруйскаграмаш», ААТ «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў» холдынгу «МТЗ-Холдынг», ААТ «Папяровая фабрыка «Спартак» у Шклове і іншыя. Таксама ў рамках праграмы запланавана знаёмства з работай СЭЗ «Магілёў» і дзелавыя перагаворы з патэнцыяльнымі партнёрамі.

«У першую чаргу наведаем завод «Магілёўліфтмаш», - падзяліўся планамі Аляксей Косцін. - Гэта наш даўні партнёр. Большасць ліфтаў у пензенскіх шматкватэрных дамах - магілёўскія. І зараз старыя савецкія ліфты мы актыўна замяняем на магілёўскія. Гэта наша першая галоўная мэта. Паралельна мы заехалі на Менскі аўтамабільны завод. Там у нас вялікі сумесны праект па будаўніцтве тралейбусаў. Гэта жывы прыклад наладжвання кааперацыйных сувязей. Уфімскі трамвайна-тралейбусны завод закупляе МАЗаўскія кузавы і атрымліваецца сумесная вытворчасць. Вось яна класічная кааперацыя.

Таксама кампанія «Маторныя тэхналогіі» закупляе электрарухавікі ў «Магілёўліфтмаша», якія выкарыстоўваюцца ў прадукцыі нашых прадпрыемстваў. Яшчэ адзін прыклад кааперацыі паміж рэгіёнамі Расіі і Беларусі.

Сёння мы будзем развіваць кааперацыйныя ланцужкі менавіта тут. Дзеля гэтага мы і прыехалі. У нашай дэлегацыі ёсць прадстаўнікі будаўнічых кампаній і кампаній, якія эксплуатуюць розную тэхніку. Будзем знаёміцца, выбудоўваць дамоўленасці. Бо пры асабістым знаёмстве значна хутчэй ідзе супрацоўніцтва».
 
Гэты візіт Пензенскай вобласці стаў прадаўжэннем дамоўленасцей сустрэчы губернатараў Магілёўскай і Пензенскай абласцей Анатоля Ісачанкі і Алега Мельнічэнкі. Тады бакі выказаліся аб неабходнасці нарошчваць тэмпы ўзаемнага руху, адзначыўшы добры патэнцыял для супрацоўніцтва, і абмеркавалі магчымасць абмену бізнес-дэлегацыямі.
 
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрылавіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая