RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: санкцыі сталі выклікам для эканомікі, але не перашкодай для яе развіцця

Цяперашнія ўмовы - гэта свайго роду стартавая пляцоўка для рэальнага сектара эканомікі. Санкцыі сталі выклікам для эканомікі, але не перашкодай для яе развіцця. Такое меркаванне выказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падчас абласной канферэнцыі «Павышэнне эфектыўнасці працы рэальнага сектара эканомікі: праблемы і шляхі вырашэння ў бягучых умовах».

Абласная канферэнцыя стартавала сёння на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і пройдзе ў Магілёве з 3 па 7 кастрычніка. У рамках канферэнцыі будзе арганізавана работа дыялогавых пляцовак па трох асноўных напрамках, якія датычацца кадравай палітыкі і яе ўплыву на прадукцыйнасць працы, стымулявання доўгатэрміновых інвестыцый і рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў, а таксама мер, што прымаюцца па павышэнню эфектыўнасці работы прадпрыемстваў усіх форм уласнасці і мінімізацыі затрат ва ўмовах санкцый.

Асноўная мэта канферэнцыі - гэта абмен вопытам у пераадоленні негатыўных наступстваў санкцый, выпрацоўка новых эфектыўных рашэнняў у пытаннях прыцягнення інвестыцый, дыверсіфікацыі рынкаў, праблемных пытанняў кадравай палітыкі і забеспячэння фінансавай стабільнасці. У адкрыцці канферэнцыі і рабоце першай дыялогавай пляцоўкі, прысвечанай кадравай палітыцы, прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, рэктар БРУ Міхаіл Лусцянкоў, старшыня Магілёўскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, дырэктар ААТ «Ольса» Мікалай Цыкуноў. У ліку ўдзельнікаў - кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, іх намеснікі, начальнікі кадравых службаў прадпрыемстваў вобласці, а таксама - рэктары ВНУ, дырэктары прафесійных каледжаў і ліцэяў, намеснікі старшынь гаррайвыканкамаў і прадстаўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама. Мадэратарам сустрэчы выступіў намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар.

«Асноўным пытаннем, якое будзе разгледжана на абласной канферэнцыі стане праца рэальнага сектара эканомікі ў цяперашніх умовах. Тут сабраліся спецыялісты, кіраўнікі - усе зацікаўленыя бакі. Праца канферэнцыі запланавана на працягу тыдня: будуць арганізаваны сустрэчы і дыялогавыя пляцоўкі. Такі фармат выбраны для таго, каб людзі маглі абмяняцца меркаваннямі, выказаць свой пункт погляду. Завершыцца канферэнцыя пленарным пасяджэннем, на якім мы падвядзем вынікі», - адзначыў Анатоль Ісачанка.

Каменціруючы выбраную тэматыку дыялогавых пляцовак, кіраўнік рэгіёну падкрэсліў, што сёння неабходна мець дакладнае ўяўленне, як эканоміка адпавядае выклікам сучаснасці, як рэагуе на гэта рэальны сектар.

«Хоць асабіста я шчыра лічу і веру, што цяперашнія ўмовы - гэта свайго роду стартавая пляцоўка для рэальнага сектара эканомікі. Калі можна памяняць лагістыку, тавары, якія выпускаюцца, знайсці сваю нішу, заняцца імпартазамяшчэннем. Па-мойму, гэты час для развіцця. І не столькі трэба адказваць сучасным выклікам, колькі проста працаваць, шукаць новыя шляхі.

Сёння можна казаць пра шматлікія прадпрыемствы, якія знаходзяць такія падыходы і вырашаюць свае праблемы. Сярод іх, напрыклад, «Магілёўліфтмаш», «Ольса», «Белшына», якія знайшлі сваю нішу ў гэтых умовах. Так, ёсць праблемы ў адносінах да складнікаў, якія трэба закупляць. Але адначасова з іх пошукам ідзе замена. Таму, паўтаруся, што сённяшнія ўмовы - гэта старт, гэта тая пляцоўка, якая дае магчымасць пераасэнсаваць падыходы і пайсці па-новаму шляху. Апошнія гады многія прадпрыемствы працавалі па накатанай, як было ўстаноўлена. Сусветныя ж працэсы прымушаюць пачаць думаць інакш. І не выпадкова, мусіць, сёння першая дыялогавая пляцоўка прысвечана ролі кадраў, адмыслоўцаў у прадукцыйнасці працы, у працы рэальнага сектара эканомікі. Бо кадры вырашаюць усё. Мы сёння прайшлі па выставе і з радасцю адзначылі, колькі новага робіцца маладымі хлопцамі і выкладчыкамі. Гэта дае вынік, гэта тое, што трэба вытворчасьці. Таму неабходна адштурхоўвацца ад адмыслоўцаў і навукі. Невыпадкова мы адчыняем дыялогавую пляцоўку на базе БРУ.

Санкцыі сталі выклікам для эканомікі, але не перашкодай для яе развіцця. Мы разумеем, што крызіс - гэта добры час для росту і стымул рухацца наперад. Прадпрыемствы рэгіёну гатовы працаваць у новых эканамічных умовах. Наша з вамі задача - зрабіць так, каб рэальны сектар эканомікі вобласці жыў і развіваўся», - выказаў сваё перакананне Анатоль Ісачанка.

Адказваючы на пытанні журналістаў аб кадравым патэнцыяле, губернатар адзначыў: «Калі самазаспакойвацца і казаць, што ўсё добра, то гэта шлях у нікуды. Праблемы заўсёды ўзнікалі і будуць узнікаць. Але ў аснове заўсёды стаіць і будзе стаяць чалавек: кіраўнік, спецыяліст, кадры. Гэта базіс любой вытворчасці. Бо што такое метал без чалавека, напрыклад? Ці тая ж расліна сама без чалавека не зможа вырасці, каб даць высокі вынік. Таму патрэбны кадры. Сказаць, што іх лішак ці недахоп - гэта няправільна. Роля кіраўніка любога ўзроўню - знайсці спецыялістаў і правільна іх расставіць па месцах, тады і будзе вынік. У вобласці для гэтага ўсё ёсць».

Магілёўская вобласць - адзін з асноўных прамысловых рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Паводле даных камітэта эканомікі аблвыканкама, сёння прамысловасць Магілёўшчыны фарміруе 33 працэнты валавой дабаўленай вартасці, больш як 60 працэнтаў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, каля 90 працэнтаў экспартнай выручкі, забяспечвае рабочымі месцамі практычна трэць колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва вобласці. Прамысловы комплекс рэгіёну прадстаўляюць каля 170 буйных і сярэдніх арганізацый, усяго ж у вобласці вытворчасцю прамысловай прадукцыі займаюцца больш за 1,6 тыс. прадпрыемстваў з колькасцю працуючых 123 тыс. чалавек. Практычна кожны трэці працаўнік вобласці працуе на прамысловым прадпрыемстве.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая