RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Беларускі саюз афіцэраў адсвяткаваў 30-годдзе з дня ўтварэння

30-годдзе з дня ўтварэння адсвяткавала грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз афіцэраў». Урачысты сход, прысвечаны юбілейнай даце, прайшоў сёння ў ваенным камісарыяце Магілёўскай вобласці.

На сённяшні дзень абласное аб’яднанне налічвае ў сваіх радах звыш 1,2 тыс. чалавек. Сёння Беларускі саюз афіцэраў з’яўляецца адным з вядучых патрыятычных аб’яднанняў Беларусі, грамадскай сілай з выразна арыентаванай дзяржаўнай пазіцыяй. Яго дзейнасць накіравана на захаванне і прымнажэнне ваенных і армейскіх традыцый, абарону законных правоў і інтарэсаў афіцэраў і іх сем’яў, перадачу службовага і баявога вопыту маладым воінам, падрыхтоўку дапрызыўнай моладзі да вайсковай службы, фарміраванне ў падрастаючага пакалення пачуцця грамадзянскасці і патрыятызму.

Як адзначыў у сваім выступленні старшыня Савета абласной арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Аляксандр Вінаградаў, за мінулы перыяд аб’яднанне не толькі вырасла колькасна, але і набыло вопыт практычнай работы.

«Шмат у чым гэтаму спрыялі станоўчыя адносіны ўлады на месцах да дзейнасці Саюза афіцэраў. Так, мы пастаянна прымаем актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці вобласці. Стала сістэмай правядзенне розных мерапрыемстваў у цесным узаемадзеянні дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, значна актывізавалася праца з моладдзю.

Гэта цяпер як ніколі актуальна. Грамадзянскасць і яднанне набываюць асаблівы, значны сэнс для беларускага народа, – падкрэсліў ён. – Мы шмат рабілі і робім для захавання гістарычнай памяці. Аднак грамадска-палітычная сітуацыя запатрабавала не проста перагляду падыходаў, а рэфармавання сістэмы патрыятычнага выхавання ў сучасных умовах. Існуючыя формы работы павінны набыць больш сістэмны характар. Самае важнае – захаваць памяць пакаленняў і прытрымлівацца рэальных фактараў. Нельга дапусціць перапісвання гісторыі, як гэта спрабуюць зрабіць асобныя людзі і дзяржавы.

У сувязі з увядзеннем у школах штатнай пасады кіраўніка ваенна-патрыятычнага выхавання, на нас кладзецца адказнасць па падборы кадраў на гэтую пасаду. Так, гэта няпростая, але ў той жа час ганаровая і патрэбная праца, прыемна ўсведамляць, што мы ўносім сваю лепту ў справу міру і бяспекі на нашай зямлі.

Разам мы – сіла, здольная вырашаць любыя задачы на карысць нашага народа».

Аляксандр Вінаградаў павіншаваў калег з 30-годдзем БСА і пажадаў ім і іх сем’ям здароўя і дабрабыту.

У сваю чаргу, віншуючы афіцэраў з юбілейнай датай, ваенны камісар вобласці Аляксандр Гарошкін адзначыў, што яны да гэтага часу застаюцца ў страі, зараз ужо з такой галоўнай зброяй, як вопыт.

«Я ўпэўнены, што ў гэты няпросты час, калі нас выпрабоўваюць на трываласць, вы, выкарыстоўваючы менавіта гэту зброю, зможаце аказаць дапамогу ваенна-палітычнаму кіраўніцтву дзяржавы, забяспечыўшы нашым грамадзянам мірнае неба над галавой.

Прэзідэнт нашай краіны, галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка, кіраўніцтва сілавога блока сёння робяць усё, каб нашы межы былі недатыкальныя, каб нашы дзеці і ўнукі жылі пад мірным небам. Гэта сілавы складнік стварэння бяспекі. Але ёсць немалаважны фронт на сённяшні дзень – ідэалагічны. І там асноўнымі байцамі з’яўляецеся вы».

Аляксандр Гарошкін выказаў упэўненасць, што ў Беларускага саюза афіцэраў хопіць ведаў, сіл і сродкаў, каб выйграць гэту барацьбу.

Сваё віншаванне на адрас членаў Саюза афіцэраў старшыня абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Глаз пачаў са слоў аб непарушнай дружбе іх аб’яднанняў. Ён падкрэсліў, што гэтыя добрыя традыцыі супрацоўніцтва будуць працягнутыя, і пажадаў удзельнікам урачыстасці невычэрпнай энергіі на карысць таго, каб Рэспубліка Беларусь і далей заставалася міралюбнай, незалежнай і нікому не давала магчымасць нават падумаць аб тым, што беларускі народ можна скарыць.

Ад імя Магілёўскага аблвыканкама словы віншаванняў на адрас грамадскага аб’яднання выказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Алег Пішчанка. Ён падзякаваў афіцэрам за непахісную грамадзянскую пазіцыю, духоўныя і маральныя арыенціры, якія яны перадаюць падрастаючаму пакаленню, і пажадаў здароўя і дабрабыту, заставацца вернымі сапраўдным каштоўнасцям і афіцэрскаму абавязку.

За актыўную дзейнасць у грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, падрыхтоўцы юнакоў да ваеннай службы, удзел у грамадска-палітычных мерапрыемствах і ў сувязі з 30-годдзем з дня ўтварэння ў гэты дзень таксама адбылася цырымонія ўзнагароджання. Завяршылася мерапрыемства канцэртнай праграмай у выкананні творчых калектываў абласнога цэнтра.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая