RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Інтэрактыўнае прадстаўленне, карагоды, салодкія падарункі: у Магілёве пройдзе абласная прафсаюзная ёлка

Абласная прафсаюзная ёлка збярэ 27 снежня ў Магілёве каля 560 дзяцей. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным аб’яднанні прафсаюзаў.

Мерапрыемства пройдзе ў Палацы культуры вобласці і стане часткай рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Прафсаюзы – дзецям», якая праводзіцца ўжо на працягу 20 гадоў. Удзельнікі свята ўбачаць інтэрактыўнае навагодняе прадстаўленне «Чароўныя сны», а таксама атрымаюць салодкія падарункі. Дзеці паводзяць карагоды ля ёлкі, сустрэнуцца з Дзедам Марозам і Снягуркай, а таксама іншымі казачнымі персанажамі. Гледачоў чакаюць папулярныя музычныя хіты, вясёлыя гульні і навагодні настрой.

Акрамя абласной прафсаюзнай ёлкі, напярэдадні навагодніх і калядных святаў прафсаюзы вобласці праводзяць некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў. У іх ліку дапамога падшэфным установам ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, закупцы для выхаванцаў прысмакаў і навагодніх падарункаў, арганізацыі паездак на навагоднія казкі і прадстаўленні.

Асаблівая ўвага з боку прафсаюзаў традыцыйна надаецца дзецям са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзецям-інвалідам, выхаванцам сацыяльных прытулкаў і дзіцячых устаноў адукацыі інтэрнатнага тыпу, замацаваных за абласным аб’яднаннем прафсаюзаў і абласнымі арганізацыямі галіновых прафсаюзаў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая